23 Апреля, 2024 Вторник

Як ратавалі лебедзя ў Маладзечне

  • 13 января 2016 Общество Беларуская 0

    Велічную птушку выратавалі нядаўна прадстаўнікі Маладзечанскай раённай арганізацыйнай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Лебедзь па невядомых прычынах апынуўся ў прыватным сектары горада і не мог падняцца ў неба – яму не хапала «паласы разбегу».

    Па словах жыхаркі завулка Заслонава Галіны Жойдзік, птушка была «ў палоне» тры-чатыры дні. Паводзіла яна сябе ціха, але людзей да сябе не падпускала і нічога не ела.

    Сваіх ратавальнікаў лебедзь сустрэў спакойна. Аднак адразу ў рукі не даўся. Дырэктару раённай арганізацыйнай структуры БТПР Алегу Кулікоўскаму давялося накінуць на птушку маскіровачную сетку. Справа ў тым, што лебедзь вельмі дужы, ударам крыла можа зламаць чалавеку руку. Некалькі хвілін – і звязаная птушка ўжо ў салоне машыны. Было бачна, што яна здаровая. Сваю незадаволенасць лебедзь выказваў шыпеннем.

    Алег Кулікоўскі і начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў вырашылі выпусціць птушку на адной з сажалак у раёне ачышчальных збудаванняў, якая не замярзае. Тут рэгулярна зімуюць вадаплаўныя. Акрамя таго, у іх ёсць магчымасць карміцца, бо ў вадзе шмат планктону (асноўнага корму прадстаўнікоў качыных у халодную пару года).

    — Штогод на тэрыторыі раёна члены нашай арганізацыі, работнікі лясгаса, ратавальнікі і інспектары аховы прыроды ратуюць трох-чатырох лебедзяў, — расказвае Алег Кулікоўскі. – Былі выпадкі, калі іх даводзілася літаральна высякаць з палонкі. Пра птушак, якія трапілі ў бяду, паведамляюць неабыякавыя мясцовыя жыхары.

    — Акрамя лебедзяў, на Маладзечаншчыне людзі ратавалі таксама казуль, ласёў і нават чорнага бусла, які занесены ў Чырвоную кнігу, — дадаў Ула-

    дзіслаў Чарноў.

    І вось мы на месцы. Калі  лебедзь апынуўся на зямлі,  ён з радасным крыкам разагнаўся, узляцеў, зрабіў круг у паветры і апусціўся на ваду. Будзем спадзявацца, што птушцы больш нічога не будзе пагражаць.

    «МГ»

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Алег БЯГАНСКІ.Маладзечанская газета

Комментарии (0)