27 Апреля, 2024 Суббота

Экзамен ад "Даніэлы"

  • 14 января 2016 Общество Беларуская 0

    Пра цыклон “Даніэла” сіноптыкі папярэджвалі нас усіх за некалькі дзён, такім чынам, нельга сказаць, каб стыхія завітала да нас нечакана. Нашаму раёну пашанцавала – снегапад не быў такім вялікім.

    Па дадзеных Івацэвіцкай метэастанцыі, выпала каля 18 мм ападкаў, вышыня снежнага покрыва складала на ранак 13 студзеня 10 см (для параўнання: у Мінску 12 студзеня было да 30 см).

    Тым не менш, клопату хапіла ўсім. У Брэсцкай вобласці цыклон найбольш накрыў Баранавіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі раёны. За дзень снегападу адбылося 236 выпадкаў адключэння трансфарматарных падстанцый, 64 разы парушалася энергазабеспячэнне населеных пунктаў, сем разоў абясточваліся малочнатаварныя фермы. Былі задзейнічаны на час выпраўлення сітуацый два генератары службы МНС. Усяго ў работах па ліквідацыі наступстваў снегападу ў вобласці было задзейнічана 845 чалавек, 361 адзінка снегаўборачнай тэхнікі, 20 брыгад раённых электрасетак. На 21.00 12 студзеня заставаліся без святла толькі шэсць населеных пунктаў Баранавіцкага раёна.

    У нашым раёне, па інфармацыі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, пашкоджанняў ліній электраперадач не было, энергазабеспячэнне населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў не парушалася, надзвычайных сітуацый не здарылася. На галоўных дарогах раёна працавала 42 адзінкі снегаўборачнай тэхнікі дарожнікаў і камунальнікаў.

    Камунальнікі сустракалі “Даніэлу” з ночы 

    У ноч на 12 снежня ў райцэнтры працавалі чатыры адзінкі тэхнікі камунальнікаў. Калі снегапад узмацніўся, на вуліцы выйшла яшчэ снегаўборачная тэхніка, усяго працавала сем адзінак.

    У ноч на 13 снежня камунальнікі займаліся падсыпкай вуліц саляна-пясчанай сумессю, чысткай “кішэняў” і аўтобусных прыпынкаў на цэнтральнай вуліцы горада, і тут сутыкнуліся з немалымі праблемамі. Як расказвае начальнік участка добраўпарадкавання ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ” Пётр Данілевіч, пакінутыя ў “кішэнях” і аўтобусных прыпынках аўтамабілі гараджан стваралі вялікія праблемы, асабліва па вул. Леніна райцэнтра. Камунальнікі вымушаны былі працаваць разам з аддзяленнем ДАІ Івацэвіцкага РАУС: высвятлялі ўладальнікаў тых аўтамабіляў, якія перашкаджалі тэхніцы, выклікалі іх, аднак усё гэта істотна замаруджвала работу. Яшчэ складаней было працаваць на прыдамавых тэрыторыях, дзе легкавікі ў некаторых месцах нават перакрывалі пад’езды спецтэхнікі да смеццевых кантэйнераў.

    Помніць пра сваю бяспеку! – 

    заклікае найперш пешаходаў і веласіпедыстаў начальнік аддзялення ДАІ Васілій Жур.

    – Проста жах ахопліваў, калі давялося бачыць у такую непагадзь на дарогах веласіпедыстаў, – расказвае ён. – Найскладанейшыя ўмовы руху, навошта так рызыкаваць сваім жыццём і жыццём іншых людзей?

    Даішнікі нашага раёна працавалі згодна са спецыяльным абласным планам  “Надвор’е”. На дарогах раёна былі выстаўлены чатыры блокпасты, аператыўна адсочвалася інфармацыя ва ўсіх кропках.

    На жаль, не абышлося без дарожна-транспартных здарэнняў. На дарозе Р2 (Брэст-Стаўбцы) вадзіцель не справіўся з кіраваннем і “фура” з’ехала ў кювет.

    У Івацэвічах на пешаходным пераходзе праз вул. Леніна ля будынка пошты службовым аўтамабілем УАЗ была збіта жанчына сталага веку. Трэба сказаць, што вадзіцель пабачыў чалавека на пераходзе, зрабіў усё магчымае для спынення аўтамабіля, аднак сутыкненне адбылося. Жанчына была дастаўлена ў бальніцу для аказання ёй патрэбнай дапамогі. Цяжкіх цялесных пашкоджанняў яна не атрымала.

    – Надзвычай коўзкае ў такое надвор’е дарожнае пакрыццё патрабуе максімальнай увагі і перасцярогі, найперш ад пешаходаў, – кажа Васілій Жур, начальнік аддзялення ДАІ. – Не спяшайцеся пераходзіць вуліцу на пераходзе, пакуль не ўпэўніцеся, што аўтамабілі спыніліся!  Не карыстайцеся веласіпедамі на дарогах. Зімовая дарога вельмі небяспечная, надвор’е зменлівае, усё можа змяніцца за гадзіну-дзве. Трэба быць вельмі абачлівымі ў зімовы час.

    І яшчэ адно пажаданне-просьба да вадзіцеляў, якія пакідаюць свае аўтамабілі на цэнтральных вуліцах: вы насамрэч ствараеце праблемы, камунальнікі не могуць пачысціць добра гэтыя месцы, што раніцай і днём можа ствараць пагрозы ў плане бяспекі руху.

    А мы самі? 

    Вяртаючыся дадому праз тры двары, толькі ў адным сустрэў мужчын, якія расчышчалі свае пад’езды ад снегу… Канешне, можна бясконца ківаць на камунальнікаў, на дворнікаў, на неба, Бога і тую “Даніэлу”. Раніцай завесці свой аўтамабіль і паехаць сабе на работу. А вось дзеці… Дзеці пойдуць пешшу ў школу, ім найперш хадзіць па не расчышчаным двары, які мароз хутка пераўтварае ў суцэльны каток…

    Падрыхтаваў Валеры ГАПЕЕЎ

    Автор: Валерый ГАПЕЕЎІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)