21 Апреля, 2026 Вторник

Снежная стыхія

  • 15 января 2016 Общество Беларуская 0

    Пра снежны цыклон, які на гэты раз атрымаў назву “Даніэла”, сіноптыкі папярэджвалі загадзя. Засцерагчыся ад снегападу, завеі асобна ўзятаму чалавеку прасцей. А вось на ліквідацыю наступстваў стыхіі мабілізуюцца спецыяльныя службы. Асноўная нагрузка кладзецца ў такой сітуацыі на дарожнікаў і камунальнікаў. Як спрацавалі яны?

    Расказвае начальнік ДЭУ-62 Дзмітрый НОВІК:

    — Наша арганізацыя абслугоўвае рэспубліканскія дарогі Пухавічы-Узда-Негарэлае і Узда-Капыль-Гулевічы. Набліжэнне снегападу адчулі з боку Дзяржынска, дзе снежныя гурбы ўжо 11 студзеня даводзілася расчышчаць па некалькі разоў на дзень. У той жа дзень у калектыве была арганізавана дзвюхзменная работа. Акрамя таго, што вадзіцелі і механізатары ноччу 11, 12, 13 студзеня працавалі на трасах рэспубліканскага значэння, дапамагалі мы і камунальнай службе горада. Да нашых вуліц Савецкай і Калгаснай дабавіліся Сцяпанава, Навіцкага, Кірава, Калініна, Гагарына, Партызанская. Па 12 гадзін у суткі змагаліся са снежнай стыхіяй вадзіцелі Васілій Шэраш, Уладзімір Лагачоў, Леанід Козіч, Мікалай Малашэвіч, Анатолій Шэраш, механізатары Сяргей Лагачоў, Аляксандр Вайцяховіч, Анатолій Монак, Леанід Ляневіч, брыгада дарожных рабочых з майстрам Яўгенам Баркоўскім. Дзякуючы адказнасці і разуменню сітуацыі гэтых прафесіяналаў, абстаноўку на заснежаных дарогах удалося трымаць пад кантролем.

    А вось што паведаміў начальнік ДРБУ-163 Вадзім РАБУШКА:

    — Па 12 адзінак тэхнікі і дзве брыгады дарожных рабочых працавалі ў дзве змены 12 і 13 студзеня. На працу выйшлі і тыя, хто на гэты час знаходзіўся ў водпуску. Працаваць на дарозе днём і ноччу было няпроста, бо не паспее прайсці тэхніка, як зноў усё задзімае, асабліва адкрытыя ўчасткі, дзе няма снегазатрымання. Складана было і тады, калі позна вечарам прайшоў ледзяны дождж, а пасля зноў паваліў снег. Такі наст МАЗы прабівалі спецыяльнымі лапатамі, а пасля ішла іншая тэхніка. Калі ж снег пачаў рэзка раставаць, то зноў не хапала магутнасці адной “ходкі”: даводзілася праходзіць па 2-3 разы на адным участку. Такім чынам спачатку чысцілі дарогі з асфальтавым пакрыццём, пасля — маршруты грамадскага транспарта, аўталавак, школьных аўтобусаў. Звярталіся да нас і паштальёны, пракладвалі і ім дарогу. Дайшлі і да такіх аддаленых вёсак, як Ладыга, Прохады. Увогуле званкоў было няшмат, адчувалася, што людзі інфармаваны і разумеюць, што за адзін дзень справіцца з “Даніэлай” няпроста. Тым не менш, усе пытанні, якія ўзнікалі, вырашалі аператыўна, за што я бязмежна ўдзячны сваім калегам. Дайшла чарга і да аўтобусных прыпынкаў, вясковых вуліц.

    Прадаўжае размову дырэктар Уздзенскай ЖКГ Канстанцін КОЗІЧ:

    — На расчыстцы снегу ў нас заняты тры трактары МТЗ-82, пагрузчык “Амкадор” і міні-трактар. Гэта тэхніка працавала ў горадзе з 10 гадзін вечара і да 5 раніцы. Аднак і гэтага было недастаткова. Падключылася яшчэ 5 адзінак тэхнікі дарожнікаў, якія таксама працавалі ноччу. З 5 гадзін раніцы на расчыстку пешаходных пераходаў і тратуараў выйшла брыгада рабочых з 10 чалавек. Усе калегі аднесліся да сітуацыі з разуменнем. Нараканне ў гараджан выклікала ачыстка тэрыторый двароў. І з гэтым мы справімся, трэба крышку пацярпець. Вельмі добра б было, каб за шуфель ці снегавую лапату на стаянках і ў дварах шматкватэрных дамоў узяліся і аўтааматары. Толькі разам можна паскорыць гэты працэс і атрымаць перамогу над снежнай стыхіяй. А ўвогуле зіма яшчэ ў самым разгары, работы хопіць усім...

    Наша размова адбылася раніцай 13 студзеня, калі большасць гараджан дабіралася на працу па ўжо ачышчаных вуліцах і тратуарах, калі аўтамабілісты больш упэўнена даставалі з-пад снежнага покрыву сваіх “ластавак”. І калі звычайная прагулка прыносіла задавальненне ад сапраўднай снежнай зімы.

    Автор: Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ, Таццяна МЯТЛІЦКАЯ (фота)Чырвоная зорка
    Теги: 

Комментарии (0)