27 Апреля, 2024 Суббота

Цыклон "Даніэла" завітаў на Глыбоччыну

  • 15 января 2016 Общество Беларуская 0

    Зіма – паненка капрызная. У снежні была лагоднай, на Новы год падарыла па-сапраўднаму святочнае надвор’е, на Каляды – мароз, а на гэтым тыдні прынесла глыбачанам, ды і жыхарам Беларусі, многа снегу. У пачатку тыдня на тэрыторыю нашай краіны завітаў цыклон “Даніэла”, які прынёс моцныя снегапады і завіруху. Сіноптыкі аб’явілі аранжавы ўзровень небяспекі.

    У панядзелак сняжок сыпаў, але дарогі былі бяспечнымі. Моцны снегапад абрынуўся на Глыбокае ў аўторак, 12 студзеня.  Дзеці прачнуліся ў гэты дзень шчаслівымі – нарэшце, прыйшла сапраўдная зіма!  А вось дарослыя, напэўна ж, вагаліся: ехаць на работу на аўтамабілі ці на грамадскім транспарце? Трэба сказаць, што машын у гэтыя снежныя дні ў горадзе было значна менш, але адважныя ўсё ж знайшліся.

    Снег літаральна за некалькі гадзін значна ўскладніў сітуацыю на вуліцах горада. Але камунальныя і дарожныя службы да зімовых сюрпрызаў аказаліся гатовымі. Барацьба са стыхіяй пачалася ў першы дзень непагадзі.

    --Работу мы распачалі позна ўночы. У аўторак на гарадскіх вуліцах працавала 9 адзінак тэхнікі: грэйдар, трактары з лапатамі, некалькі МАЗаў і  так званыя “залатыя ручкі” – снегапагрузчык “Амкадор”, які прыбірае снежныя валы на абочынах дарог, — расказаў галоўны інжынер УП ЖКГ Юрый Лінкевіч. – Тэхніка працавала на ўборцы снегу і ў сельскай мясцовасці.

    Работнікі УП ЖКГ расчышчаюць снег і рыдлёўкамі. На цэнтральных вуліцах горада некалькі дзён працавала брыгада рабочых, якія ўручную чысцілі тратуары і вызвалялі абочыны праезнай часткі пасля праходу трактара. Сітуацыя ўскладнялася тым, што расчышчаныя ўночы вуліцы к раніцы зноў замятала снегам.

    На расчыстку снегу выйшлі ў гэтыя дні многія глыбачане.  Калі ў аўторак раніцай пешаходы пракладалі першы след па цаліку, вечарам тратуары ля многіх дамоў у прыватным сектары былі расчышчаныя. Камунальнікам і дарожнікам дапамагалі таксама работнікі прадпрыемстваў, дзе ёсць свая тэхніка.

    На дарогах рэспубліканскага значэння, якія праходзяць праз наш раён, працавалі ў гэтыя дні работнікі ДЭУ-35.

    --Работа на дарогах вядзецца кругласутачна.  На трасах Р-3 ( у Докшыцкім і Шаркаўшчынскім накірунках), Р-45 (Полацк-Паставы)  і Р-110, дзе задзейнічана 16 адзінак тэхнікі: 9 МАЗаў і 7 снегаачысціцеляў, – патлумачыла сітуацыю ў аўторак дыспетчар ДЭУ-35. – 11 студзеня працавалі да гадзіны ночы з двухгадзіннай перазменкай. Другая брыгада выйшла ноччу ў тры гадзіны. Уся тэхніка “ ў страі”  і зараз.

    Работнікі камунальнай службы, ДЭУ-35, ДРСУ-145 штодзень пасыпаюць дарогі пясччана-салянай сумессю, якой нарыхтавана дастаткова.

    У такія дні ўскладняецца рух прыгараднага транспарту. 11 адзінак тэхнікі ДРСУ-145 вялі барацьбу са снегам на дарогах раёна.

    --У нас на абслугоўванні знаходзіцца больш за 750 км дарог, — гаворыць галоўны інжынер ДРСУ-145 Юрый Мар’янавіч. – На дадзены момант (12 студзеня) мы яшчэ не паўсюль дайшлі, але тэлефанаванняў і скаргаў не паступала, значыць, людзі разумеюць, што мы стараемся.

    Па словах начальніка аддзела ДАІ Глыбоцкага РАУС Антоля Завадскага, у першай палове тыдня, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, у раёне абышлося без дарожна-транспартных здарэнняў. Але супрацоўнікі ДАІ рэкамендуюць у такія дні, па магчымасці, устрымацца ад паездак на асабістым транспарце. Тым, хто садзіцца за руль, трэба памятаць, што няправільна прыпаркаваныя машыны могуць перашкаджаць рабоце снегаўборачнай тэхнікі. ДАІ таксама заклікае вадзіцеляў выбіраць найменшую хуткасць,  трымаць дыстанцыю і быць вельмі ўважлівымі на дарозе.

    Якія яшчэ сюрпрызы рыхтуе нам зіма? Доўгатэрміновыя прагнозы не любяць рабіць нават сіноптыкі, але на календары пакуль толькі сярэдзіна студзеня, а значыць – будуць яшчэ і маразы, і снегапады, і завірухі, і галалёдзіца. Беражыце сябе!

    Автор: Наталля БельскаяВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)