20 Апреля, 2024 Суббота

Віялета Сакаловіч: «І палохаем, і павучаем, і... забаўляем»

  • 15 января 2016 Общество Беларуская 0

    Самая аўтарытэтная праграма крымінальнай хронікі на Беларускім тэлебачанні мінулай восенню адзначыла свой 15-гадовы юбілей. Журналісцкая каманда «Зоны Х» — гэта прафесіяналы, якія знаходзяць цікавыя факты, доказы і даюць многім гледачам глебу для роздумаў. Як прыклад, у новым годзе яны ўжо падрыхтавалі цікавы праект «Закон і парадак» — пра дзейнасць Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Пасля прагляду першай серыі мы сустрэліся з яго аўтарам і куратарам Віялетай Сакаловіч (яна таксама ўзначальвае аддзел крымінальных навін АТН і з'яўляецца кіраўніком праграмы «Зона Х»), каб пагаварыць пра рэйтынгі, прафесійнае выгаранне і стэрэатыпы.

    — У панядзелак была прэм'ера новага праекта АТН «Закон і парадак». Ці задаволены сваім стартам?

    — Наколькі ўдала мы стартавалі, трэба спытаць у тых, хто нас паглядзеў. Бо я, як аўтар і кіраўнік праекта, і нават як глядач, вельмі патрабавальная да сябе. Мне заўсёды здаецца, што можна зрабіць лепш. Спадзяюся, што зробленае спадабалася не толькі нам, але і калегам з МУС, з якімі мы супрацоўнічалі. Але галоўнае, каб глядач ацаніў, бо мы заўсёды працуем у першую чаргу для яго.

    Наперадзе нас чакае яшчэ 7 серый, дзе будуць асвятляцца актуальныя тэмы розных кірункаў, пачынаючы ад грамадскай бяспекі, дзіцячай злачыннасці і заканчваючы зладзеямі «ў законе» (гэтай тэме будзе прысвечана дзве серыі), кіберзлачыннасцю і іншымі. Апошні выпуск у эфіры з'явіцца ў Дзень міліцыі, але нам яшчэ шмат пра што ёсць расказаць, і я была б не супраць працягу.

    — У першай серыі сучаснасць перамяжоўваецца з дакументальнымі ўстаўкамі, што стварае пэўны кантраст і надае мастацкі акцэнт аповеду. Яшчэ якіх «фішак» варта чакаць?

    — Мы імкнуліся ў пэўным сэнсе правесці паралелі: з чым сутыкалася міліцыя, умоўна кажучы, 20—30 гадоў таму, і што адбываецца сёння. Бо злачынствы былі заўсёды, але цяпер адбылася іх пэўная адаптацыя да сучаснасці. І мы стараліся выбіраць найбольш цікавыя выпадкі, якія засталіся не толькі ў памяці грамадства, але і ва ўспамінах міліцыянераў, непасрэдных удзельнікаў раскрыцця таго альбо іншага злачынства. На жаль, не ўся відэа- і фотадакументацыя тых часоў захавалася, таму недзе мы рабілі рэканструкцыю, абапіраючыся на хроніку часу. Разам з тым мы шукалі арыгінальныя падыходы, каб у гледача не было жадання параўноўваць наш праект з аналагамі ў гэтай тэматыцы.

    — Падчас працы над праектам можна было прасачыць, якія прычыны штурхаюць людзей аступацца ў жыцці?

    — Зразумець прычыны ў кожным выпадку не проста. Часцей за ўсё на злачынствы людзей цягне прага нажывы, часам не апошнюю ролю тут адыгрываюць жанчыны… Калі шчыра, то мы не задаваліся мэтай шукаць прычыны, аднак зразумела, што ў працэсе ўзнікаюць і прысутнічаюць назіранні, нейкія высновы. Але перш ты імкнешся зразумець, як усё адбылося.

    — А калі мы гаворым пра дзіцячую злачыннасць — тут што трэба мець на ўвазе?

    — Тут усё значна больш складана, перш за ўсё з пункту гледжання псіхалогіі. І мы паспрабавалі расказаць, якімі шляхамі некаторыя дзеці імкнуцца заняць сваю нішу ў грамадстве, адаптавацца ў жыцці. Бывае ж, што не аказваецца побач бацькоў ці старэйшых таварышаў, здольных падказаць, што для дасягнення нейкай сваёй мэты не варта крыўдзіць іншага чалавека. Многія з тых, пра каго мы будзем расказваць, — дзеці з нядобранадзейных сямей. Яны не мелі нагляднага прыкладу, каб зразумець: усё можа складвацца па-іншаму. І справа нават не ў тым, ці чыталі яны кніжкі пра «што ёсць добра, а што дрэнна». Прычына ў сумным вопыце, калі малыя бачылі бацькоў, якія пілі, у іх адсутнічалі нармальныя ўмовы для жыцця. Якраз там спрацоўвала правіла: хто мацнейшы, той і мае рацыю. А ўжо пазней, учыніўшы злачынства, яны разумелі: калі б быў шанц, то зрабілі б іншы выбар. Альбо ёсць прыклады тых, хто аступіўся, але не дайшоў да крайнасці. Прайшоўшы інспекцыю па справах непаўналетніх, вучылішча закрытага тыпу, яны вынеслі павучальны ўрок з мінулага і стварылі нармальныя сем'і.

    — Мінулай восенню свой юбілей адзначыла праграма «Зона Х». Чаму яна не страчвае папулярнасці ў гледача?

    — Людзям характэрна жаданне «хлеба і відовішчаў». Я не магу сказаць, быццам наш праект, распавядаючы пра злачынствы, надзвычайныя сітуацыі, нясе негатыў. Я не стамлюся паўтараць: «Зона Х» працуе на прафілактыку. І ў кожным эфіры мы нагадваем, што за злачынствам непазбежна ідзе пакаранне. Яно можа быць самым розным: ад штрафу да турмы. Мы перыядычна робім матэрыялы з месцаў пазбаўлення волі, і кожны чалавек можа паглядзець, як жывуць там людзі. У іх ёсць праца, харчаванне, яны забяспечаны дахам над галавой, але разам з тым яны абмежаваныя ва ўсім. Таму важна не забываць, што здзейсненае злачынства заўсёды будзе пакарана. Так, праграма рэйтынгавая, бо людзей гэта прыцягвае. «Зона Х» таксама з'яўляецца адзінай аператыўнай крымінальнай праграмай на канале. У дзень у нас выходзіць два арыгінальныя эфіры і два паўторы. Калі казаць пра «знешнасць» праекта, то час ад часу стараемся мяняць напаўненне, форму падачы матэрыялаў. Увялі агляды пра здарэнні на дарогах і надзвычайныя сітуацыі па лініі МНС. У нас ёсць і «лайт», дзе мы імкнёмся не толькі напалохаць аўдыторыю і павучыць жыццю, але і пацешыць.

    — Прафесійнае выгаранне знаёмае вам?

    — Перыядычна такі стан узнікае. Калі разумееш, што твае рэсурсы амаль вычарпаны. Але дастаткова дзянёк адпачыць — і з новымі сіламі бярэшся за працу. Безумоўна, часам пры падрыхтоўцы матэрыялу ты разумееш, што пра гэта ўжо гаварыў, такі ход выкарыстоўваў, аднак важна помніць, што наша задача — зрабіць так, каб глядач затрымаўся ля экрана, каб праграма была ў «топе». І тады знаходзяцца і новыя словы, і падыходы. А пры жаданні разгрузіць мозг у нас ёсць магчымасць папрацаваць у іншых праектах. «Зона Х» уваходзіць у структуру Агенцтва тэленавін, а там, як мы ведаем, вялікая пляцоўка для творчасці. Мы, журналісты, рэпарцёры, — людзі ўніверсальныя і можам працаваць у любой нішы.

    — Вам даводзілася сутыкацца са стэрэатыпам, што жанчына і крымінальная тэматыка — рэчы не сумяшчальныя?

    — Яшчэ і бландзінка! Пэўныя стэрэатыпы і суб'ектыўныя погляды на гэты конт існуюць. Маўляў, дзяўчына, што яна можа?! А я лічу, тут адсутнічае гендарнае раздзяленне. Калі ты ўмееш працаваць, то зможаш зрабіць якасны сюжэт, праграму ў любой тэме.

    — Калі вы адчулі сябе прафесійна загартаванай?

    — Я з той катэгорыі людзей, якія ўвесь час сумняваюцца ў сабе. Таму, каб упэўнена адчуваць сябе ў эфіры, спатрэбіўся не адзін год працы. Гэтаму папярэднічала добрая школа прафесійнага майстэрства. Вельмі карысны вопыт набываеш, працуючы ў прамым эфіры. Мабыць, менавіта там я рабілася больш моцнай як прафесіянал.

    — Да працы на ТБ у вас быў перыяд пошуку сябе ў іншых прафесіях, напрыклад, вы былі круп'е ў казіно. Там вы навучыліся разбірацца ў людзях?

    — Тая праца не навучыла мяне «чытаць» людзей, але зрабіла больш адкрытай і камунікабельнай. Калі працуеш у сферы паслуг, тым больш у казіно, то сустракаць даводзіцца абсалютна розных наведвальнікаў. І ты пры такім раскладзе выхоўваеш у сабе ўменне знаходзіць агульную мову з кожным. Яшчэ там я добра развіла памяць, бо трэба было хутка плюсаваць лічбы. Таму пасля той працы я мела добры вопыт, як будаваць адносіны з людзьмі і знаходзіць выйсце ў любой нестандартнай сітуацыі.

    — А самі любіце рызыкаваць?

    — Так, аднак з узростам больш цвяроза гляджу на авантуры, бо цяпер у мяне ёсць сын. Сёння з парашутам я ўжо не скочыла б. А вось ад кругасветнай вандроўкі пад парусам, магчыма, не адмоўлюся.

    — У журналістыцы вам цікавей быць рэпарцёрам ці кіраваць працэсам стварэння праграмы?

    — Вялікае шчасце, што ўдаецца ўсё сумяшчаць. Бо на здымках ты займаешся выкананнем толькі свайго задання, а калі кіруеш, то павінен кантраляваць іншых людзей, можаш пры неабходнасці нечым дапамагаць (дамовіўшыся пра здымкі, распрацаваўшы сцэнарны план і г. д.), з'яўляешся шматфункцыянальнай.

    — Улічваючы той факт, што вы і ваш муж — журналісты, ці праяўляе сын цікавасць да гэтай прафесіі?

    — Фёдар, магчыма якраз дзякуючы нашай працы, расце вельмі адкрытым дзіцем. У школе, напрыклад, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах. Бывае, я бяру яго з сабой на тэлебачанне, і яму тут цікава, ён не саромеецца публікі, можа і ў здымках паўдзельнічаць. І часам кажа, што хацеў бы быць, як мама з татам.

    Автор: Алена ДрапкоЗвязда

Комментарии (0)