Вось і дачакаліся сапраўдную зіму: на змену скрыпучым маразам прыйшлі снегапады, а разам з імі 12 студзеня ў Беларусі быў аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. А віноўнікам прыроднага калапсу стаў цыклон, які вучоныя назвалі прыгожым імем Даніэла.
Па ўсёй краіне на ўборку снегу выйшлі сотні адзінак тэхнікі і тысячы рабочых па комплекснай уборцы. З лапатамі ў руках ім дапамагалі звычайныя людзі, прадстаўнікі сілавых структур, а ў інтэрнэце нават з’явіўся спіс людзей-валанцёраў, якія гатовы былі выехаць на дапамогу ў любую хвіліну.
Наш журналіст паспрабаваў высветліць, як прайшоў “аранжавы” аўторак на Астравеччыне, якія непрыемнасці ён прынёс камунгаснікам і дарожнікам і чаму апошнія ўмеюць прадказваць – амаль гэтак жа, як і прафесійныя сіноптыкі – надвор’е.
Па некаторых даных, асноўная хваля снегападу, які прынёс з сабой цыклон “Даніэла”, прайшла ў два этапы: першы адбыўся ў ноч на 12 студзеня, другі – з 6.00 да 9.00 гадзін 13 студзеня.
Нягледзячы на тое што асноўны ўдар нябеснай стыхіі прыняла на сябе паўночна-ўсходняя і цэнтральная часткі Беларусі, а максімальнае выпадзенне ападкаў было зафіксавана ў Мінску і Барысаве, многія гараджане і жыхары Астравецкага раёна раніцай у аўторак былі здзіўлены (прыемна тыя, каму не трэба было дабірацца на работу на ўласным транспарце) вялікімі гурбамі снегу, якія намяло за ноч, і заснежанымі дарогамі – ні прайсці, ні праехаць.
Першыя зімовыя «ластаўкі»
У адрозненне ад звычайных людзей, працоўны дзень якіх пачынаецца ў 8 гадзін раніцы, рабочыя па комплекснай уборцы і абслугоўванні домаўладанняў шчыравалі з лапатамі ўжо ў 4 гадзіны раніцы, хоць яны павінны прыступаць да сваіх абавязкаў у 6.00.
– Якія меры прымалі па барацьбе са снегападам? – перапытвае мяне рабочая па комплекснай уборцы Тарэса Вацлаваўна Вырвіч. – Лапаты ў рукі – і снег расчышчаць! Многім з нашых працаўнікоў дапамагалі дамачадцы. Снег ішоў мокры, пагэтаму рукі хутка дранцвелі. На маім участку бацькі раніцай вядуць дзяцей у садок, пагэтаму, каб паспець да 8 гадзін расчысціць тратуар і іншыя тэрыторыі, мне з 4 гадзін раніцы дапамагалі два сыны і муж.
У першую чаргу ад снегу расчышчаюцца тратуары, дзе масава ходзяць людзі, выхады з пад’ездаў і дарожкі, якія вядуць да прыпынкаў грамадскага транспарту.
– Варта адзначыць, што рабочыя па комплекснай уборцы, інакш дворнікі, – выключна жанчыны, – далучаецца да размовы брыгадзір Данута Казіміраўна Свіла. – За кожнай замацаваны ўчастак, які складаюць ад 10 да 14 пад’ездаў. Па правілах мы павінны два разы на тыдзень падмятаць іх і два разы на месяц мыць. У сувязі са снегападамі графік збіваецца.
Па словах рабочых па комплекснай уборцы, часта своечасовая і якасная ўборка тэрыторый залежыць ад аўтааматараў, якія са сваіх машын змятаюць снег на ўжо расчышчаныя дарожкі. Здараецца, што спецтэхніка не можа праехаць з-за няправільна прыпаркаваных машын.
Дарогамі Астраўца
Калі работнікі ЖЭСа адказваюць за ўборку снегу ля домаўладанняў, то ачыстка дарог у межах горада замацавана за ўчасткам добраўпарадкавання РУП ЖКГ.
Па словах начальніка гэтага ўчастка Аляксандра Якубцэвіча, на ачыстцы дарог горада ад снегу было задзейнічана 5 адзінак спецтэхнікі, якая пачынае працаваць ноччу. Гэта абумоўлена тым, што на дарогах у гэты час сутак значна менш аўтамабіляў, вольныя стаянкі і прылеглыя да іх тэрыторыі, што, безумоўна, мінімізуе рызыку ўзнікнення аварыйных сітуацый.
– Існуе спецыяльна зацверджаны спіс вуліц, якія ў першую чаргу ачышчаюцца ад снегу, – тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Гэта вуліцы Цэнтральная, Ленінская, Валадарскага, Карла Маркса, Кастрычніцкая і іншыя. Пасля дарожнае пакрыццё пасыпаецца пясчана-солевай сумессю, а пешаходныя пераходы – соллю. А потым тэхніка пераязджае на іншыя ўчасткі. Хачу адзначыць, што ў нас дзейнічае спецыяльны загад па арганізацыі работы ў зімовы перыяд. Мы цесна супрацоўнічаем з ДАІ і РАНС, а таксама ў РУП ЖКГ ёсць дамоўленасць з шэрагам арганізацый – напрыклад, з МПМК-159, сельгастэхнікай – на тэхнічную дапамогу ў форс-мажорных сітуацыях. Хочацца, каб людзі самі праяўлялі ініцыятыву, як у вялікіх гарадах, і выходзілі расчышчаць снег.
Дарожныя «сіноптыкі»
Раніца аўторка аказалася ў пэўнай ступені стрэсавай не толькі для работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і для жыхароў Астравецкага раёна, якія наракалі на неачышчаныя дарогі.

Па словах спецыялістаў ДРБУ-159, якое адказвае за ачыстку ад снегу асноўных дарог у раёне, работнікі іх прадпрыемства працавалі ў перыяд снегападу ва ўзмоцненым рэжыме.
Як паведаміў інжынер па ахове працы і бяспецы руху ДРБУ-159 Эдуард Іосіфавіч Якубцэвіч, на ўборцы снегу былі задзейнічаны 4 МАЗы, 4 МТЗ, 2 аўтагрэйдары і 2 пагрузчыкі. На ачыстцы аўтобусных прыпынкаў ад снегу працавала каля 15-20 чалавек.
– Існуюць, першачарговыя ўчасткі дарог, якія мы павінны ачысціць ад снегу, – патлумачыў Эдуард Іосіфавіч. – Гэта Малі-Кавалі, Астравец-Тракелі-Солы, аб’езд вёскі Варняны, Варняны-Рымдзюны-Жодзішкі, Ізабеліна-Гервяты-Міхалішкі, Варняны-Газа. Пасля расчысткі асноўных участкаў аўтадарог вызваляем ад снегу дарогі, дзе менш інтэнсіўны рух.
Незвычайнае наватарства – аўтаматызаваную сістэму кіраваннем зімовым утрыманнем аўтамабільных дарог – маюць на ўзбраенні ўсе дарожныя рамонтна-будаўнічыя ўпраўленні рэспублікі, у тым ліку і астравецкае. Дзякуючы тром дарожна-вымяральным станцыям, якія размешчаны ў Катлоўцы, Ашмянах і Астраўцы на дарозе Р-52, спецыялісты праз манітор камп’ютара ў рэжыме “анлайн” назіраюць за станам дарог. Таксама разумная праграма за некалькі гадзін можа прадказаць надвор’е, стан дарожнага пакрыцця, від ападкаў, тэмпературу паветра.
Да прыкладу, у 12 гадзін дня 13 студзеня аўтаматызаваная сістэма на 15.00 гадзін прадказвала тэмпературу паветра -2 градусы і слабы снег. Варта адзначыць, што прагноз цалкам спраўдзіўся.
Кругласутачна раз у дзве гадзіны дзяжурны правярае ўсе паказчыкі, рэгіструе іх у спецыяльным журнале і прымае адпаведнае рашэнне аб далейшых дзеяннях.
Непараўнальная перавага гэтай праграмы ў тым, што дарожнікі ведаюць аб галалёдзе ці снегападзе за некалькі гадзін, а то і дзён, пагэтаму ў іх ёсць час на тое, каб падрыхтаваць спецтэхніку.
На жаль, паназіраць за работай дарожнікаў на раёне не атрымалася, пагэтаму мы пацікавіліся ў некаторых працаўнікоў, ад якіх залежыць, ці будзе хлеб на стале ў жыхароў аддаленых вёсак і “свежыя” газеты, як яны спраўляюцца ў час “вялікага” снегу:
Спецыяліст па транспарце Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Уладзімір Цэйка:
– Усе 6 аўтамагазінаў і 4 “хлебныя” фургоны працуюць па графіку і без збояў. Вясковыя жыхары не павінны хвалявацца, што да іх не даедзе аўталаўка і яны застануцца без прадуктаў.
Паштальён-вадзіцель аддзялення паштовай сувязі ў Варнянах Тарэса Керна:
– Мая работа не залежыць ад снегападаў. Як жа пенсіянеры застануцца без часопісаў, газет і любімай “раёнкі”? Пагэтаму хоць марудна – але прэса дастаўляецца жыхарам Кярнян, Чэрнішак, Бабраўнік і іншых вёсак.
Цыклон “Даніэла” зжаліўся над Беларуссю і накіраваўся на Расію. Але па прагнозах сіноптыкаў, на змену першаму снегападу 16 студзеня прыйдзе новы цыклон, а за ім моцныя маразы.
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і А. МАЛЬШЭЎСКАГА.





Комментарии (0)