Warning: session_start(): open(/var/lib/php/session/sess_m96e7o2ub0u26p02kn9fa49i10, O_RDWR) failed: No space left on device (28) in /hosting/belsmi.by/htdocs/Vendors/Extasy/src/kernel/extasy.php on line 17
06 Мая, 2024 Понедельник

Як у Насілаве пад Маладзечнам акуналіся ў ледзяную купель

  • 22 января 2016 Общество Беларуская 0

    «У Беларусь ідуць вадохрышчанскія маразы. Да канца тыдня пахаладанне ўзмоцніцца». Інфармацыя службы гідраметэаралагічных прагнозаў яшчэ раз нагадала пра вялікае праваслаўнае свята Вадохрышча. Каб расказаць пра яго даўнія традыцыі, карэспандэнты «Маладзечанскай газеты» накіраваліся ў вандроўку.

    З Генадзіем Жаркоўскім, настаяцелем храма Праабражэння Гасподняга, што ў вёсцы Насілава, мы сустрэліся ля царквы. Чысціць дарожкі ад снегу, вядома, не абавязак святара, але справа неабходная, бо на вячэрняе богаслужэнне збяруцца прыхаджане. Людзей на Сачэўнік звычайна прыходзіць шмат. Да таго ж, многія даведаліся, што сёлета будзе адноўлена традыцыя акунання ў купель у возеры, што знаходзіцца непадалёк ад храма.

    — А як гэта адбываецца? — звяртаюся да айца Генадзія.

    — Спачатку рыхтуецца палонка: намячаюцца яе контуры (звычайна ў форме крыжа), месца расчышчаецца ад снегу. Затым без спецыяльнай тэхнікі не абысціся. Сёлета ініцыятыву праявіла кіраўніцтва пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.

    — Ёсць нешта сімвалічнае ў тым, што супрацоўнікі МНС не рэдка ратуюць людзей ад фізічнай смерці, а святары — ад духоўнай. Давайце звернемся да духоўнага складальніка свята.

    — Спачатку ў храмах праводзяцца святочнае богаслужэнне і чын Вялікага асвячэння вады. Па старажытнай традыцыі асвячаецца вада таксама ў возеры. Затым жадаючыя акунаюцца ў купель. Вернікі далучаюцца да падзей, калі Гасподзь хрысціўся ў іарданскіх водах, і ўся водная стыхія асвяцілася. Мы заўважылі цікавы факт: калі ўпершыню асвяцілі ваду ў возеры, тапельцаў на працягу года не было. Справа добрая. Шкада толькі, што не праяўляюць ініцыятыву ў падрыхтоўцы свята і вырашэнні арганізацыйных момантаў нашы прыхаджане і гараджане (шмат хто прыязджае на Вадохрышча з Маладзечна). Аднаму ўсё прадугледзець і ажыццявіць немагчыма. Таму вялікая ўдзячнасць супрацоўнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада.

    — Што неабходна для бяспечнага акунання і хто акунаецца ў купель?

    — Вядома ж, важным фактарам з’яўляецца надвор’е. Трэба, каб лёд трымаў людзей, адліга ўяўляе рэальную небяспеку. Гэтымі днямі на зіму наракаць не трэба. У першую чаргу на Вадохрышча акунаюцца вернікі, а таксама тыя людзі, якія шануюць старадаўнія традыцыі ці жадаюць выпрабаваць сябе на вынослівасць. Прыязджаюць праваслаўныя, католікі, прадстаўнікі іншых рэлігійных канфесій. А яшчэ спартсмены і аматары халоднага аблівання вадой. Аўдыторыя рознаўзроставая. Спадзяюся, што людзі кіруюцца высокімі памкненнямі і абавязкова ўлічваюць фізічны стан свайго здароўя. Гэта вельмі важна, як і памятаць, што любую справу трэба пачынаць з Божага благаславення і заканчваць падзячнай малітвай.

    У гэты дзень і ў гэты вечар…

    Панядзелак, 18 студзеня, 14.20. Да царквы пад’ехала спецыяльная тэхніка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада. Супрацоўнікі разгарнулі вялікую палатку, дзе ўстанавілі спецыяльную цеплавую пушку для абагрэву, паставілі столікі і лаўкі. Для асвятлення ў вячэрні час прадугледзелі пражэктар і спецыяльную вежу. Для падыходу да вады замацавалі драўляныя лесвіцы. Бензапілой выразалі палонку. Начальнік вадалазна-выратавальнай службы Яўгеній Сцепулёнак адзначыў, што падрыхтоўка да такога свята – прыемны момант у рабоце яго аддзялення.

    А вечарам палатка, умоўна падзеленая на жаночую і мужчынскую палову, нагадвала сапраўдны «мурашнік». Людзі забягалі туды, хуценька выціраліся, пераапраналіся ў сухое адзенне.

    Першай у гэты вечар акунулася маладзечанка Галіна. Маладая мама выхоўвае дачушку, якой хутка споўніцца годзік. Пра акунанне яна даведалася з інтэрнэта і разам з сяброўкай Алёнай прыехала на вадаём. Сям’я Чуяшковых – тата, мама і сямігадовая Варвара – прыехалі на возера ў поўным складзе. Ініцыятар традыцыі — тата Аляксей. Сем гадоў таму ён акунуўся ўпершыню сам, а пазней зацікавіў жонку Яўгенію і дачушку. Варвара акунаецца трэці год запар і гаворыць, што адчувае сябе выдатна.

    Фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

    «МГ»

    Автор: Людміла ЦАР.Маладзечанская газета

Комментарии (0)


Warning: Cannot modify header information - headers already sent in /hosting/belsmi.by/htdocs/Vendors/Extasy/src/Controllers/ErrorController.php on line 143

Notice: ob_clean(): failed to delete buffer. No buffer to delete in /hosting/belsmi.by/htdocs/Vendors/Extasy/src/Controllers/ErrorController.php on line 106