25 Апреля, 2024 Четверг

Мара начальніка ДАІ

  • 25 января 2016 Общество Беларуская 0

    Дарогі Брэстчыны сталі больш бяспечнымі – сведчыць статыстыка, агучаная на прэс-канферэнцыі 14 студзеня. Так, па колькасці загінулых на 100 тысяч жыхароў воб-ласць дэманструе лепшы вынік па рэспубліцы – 5,7 пры сярэднееўрапейскім  узроўні 6 – 6,6 загінулых.

    Дынаміка, сапраўды, уражвае: для прыкладу, 10 гадоў таму лічба была значна менш аптымістычная ў рэгіёне – 20,4 на 100 тысяч чалавек. 

    – У 2015-м мы пераадолелі псіхалагічную лічбу 100 загінулых, – канстатуе Сяргей Талатай. – Некалі ў адным Кобрынскім раёне гінула 50 чалавек за год, а цяпер ва ўсёй вобласці  – 79, з іх 34 пешаходы, 34 вадзіцелі і пасажыры, 10 веласіпедыстаў і дарожны рабочы (для параўнання ў 2014 годзе  – 102 чалавекі). 

    Летась на Брэстчыне было зарэгістравана 561 дарожна-транспартнае здарэнне – на 91 менш, чым у папярэдні год. Па ўсіх сегментах (матацыклісты, веласіпедысты, дзіцячы траўматызм і іншыя) ідзе значнае зніжэнне. Вынікі дазваляюць ацаніць работу абласной ДАІ за мінулы год  як эфектыўную, лічыць яе кіраўнік. Сярод фактараў, што паспрыялі ў дзейнасці, Сяргей Талатай вылучыў актыўнае выкарыстанне сродкаў пераканання ў рабоце з насельніцтвам (супрацоўніцтва са СМІ, сацыяльная рэклама) пры павышэнні якасці адміністрацыйнага працэсу (колькасць прыцягнутых да адказнасці летась значна скарацілася – 321000 замест 366000 у 2014-м, паменшылася колькасць штрафаў за перавышэнне хуткасці, ваджэнне ў нецвярозым стане). Таксама спрацавалі на вынік эфектыўная арганізацыя дарожнага руху (укараненне элементаў інтэлектуальнага кіравання святлафорнымі аб’ектамі, распрацоўка новай разметкі і іншае) і наладжванне адукацыйнага працэсу (прыжылася практыка замацавання супрацоўнікаў ДАІ за школамі з мэтай вядзення тлумачальнай работы). 

    Да таго ж, назіраецца рост культуры і адказнасці ўдзельнікаў дарожнага руху. “Найперш самі грамадзяне змянілі свае паводзіны на дарозе. І больш лаяльныя адносіны да вадзіцеляў не прывялі да росту ДТЗ. Наадварот, назіраецца значнае зніжэнне. Таму  трэба, магчыма, недзе і дараваць, патлумачыць чалавеку, які ў стане гэта ўспрыняць. Але хуліганскія паводзіны на дарозе, агрэсіўнае ваджэнне – недапушчальныя,” – перакананы Сяргей Валер’евіч. 

    Цікавіла журналістаў і дарожная сітуацыя ў абласным цэнтры. Як паведаміў начальнік абласной ДАІ, у Брэсце назіраецца зніжэнне колькасці аварый на 10 працэнтаў ад лічбы 2014 года. Таксама паменшала і ахвяр ДТЗ – 8 загінулых (14  – у 2014 годзе). На гэта паўплывалі і інжынерныя рашэнні, калі на месцах канцэнтрацыі ДТЗ у гора-дзе над Бугам змянялі рэжым работы святлафорных аб’ектаў, павялічвалі колькасць палос руху. У выніку небяспечныя кропкі стабілізаваліся. 

     – Мы глядзім у комплексе на пытанне: важна не проста вырашыць лакальную праблему, напрыклад, пазбавіцца ад затору на канкрэтным скрыжаванні, а ў цэлым паўплываць на транспартную сістэму горада – прагназаваць змены транспартных патокаў, здымаць напружанне, – тлумачыць Сяргей Талатай і дадае: – Сёння ў палітыцы, футболе і дарожным руху “разбіраюцца” ўсе, а мы прымяняем навуку. Рэарганізацыя руху на праблемных участках Брэста, Пінска, Баранавіч і іншых гарадоў будзе працягвацца – распрацоўваюцца праекты новай разметкі, праграмы аптымальнай работы святлафораў. 

    Брастаўчанам ён раіць памятаць, што горад – не аўтабан. Прыярытэты павінны аддавацца грамадскаму транспарту і  экалогіі, а адна з задач – зняць напружанасць з цэнтра Брэста. Калі людзі перасядуць на грамадскі транспарт, не так востра будуць стаяць праблемы празмернай аўтамабілізацыі і парковак. 

    Зразумела, хочацца перамяшчацца па горадзе бяспечна і камфортна, але ў рэальным жыцці даводзіцца прыстасоўвацца да абставін: скажам, рухацца без штучных няроўнасцей – гэта камфортна, але небяспечна. І выбар на карысць бяспекі відавочны. Тое самае датычыць і прышпільвання рамянямі бяспекі не толькі вадзіцеля, але і ўсіх пасажыраў. Менавіта гэтая практыка пасіўнай бяспекі, перакананы Сяргей Талатай, паўплывала на памяншэнне лічбы ахвяр аварый, а аўдыт хуткаснай бяспекі – колькасці саміх ДТЗ. Ён прывёў наступныя лічбы: раней агульная хуткасць на дарогах за гарадской мяжой і на трасах была 117-118 кіламетраў у гадзіну, у 2015-м яна знізілася да 112. На дарогах рэспубліканскага значэння ў 2015 годзе на Брэстчыне адбылося 173 аварыі (мінус 8 ад папярэдняга года), 37 чалавек загінула (мінус 17), параненых 194 (плюс 1). “Паменшылі хуткасць, прышпілілі – знізілі цяжкасць наступстваў,” – рэзюмуе начальнік абласной ДАІ. 

    Не трэба забываць і  пра пешаходаў як актыўных удзельнікаў дарожнага руху. Варта задумацца: па сваёй віне траўмуюцца з-за адсутнасці ўвагі 60 працэнтаў з усёй колькасці пацярпелых пешаходаў.  Партрэт сярэднестатыстычнага пацярпелага гэтай катэгорыі красамоўны: мужчына 55-60 гадоў у стане алкагольнага ап’янення без святлоадбівальнага элемента. Каб мінімізаваць рызыку, дастаткова прытрымлівацца элементарных правіл бяспекі на дарозе – ісці насустрач транспартнаму патоку і  мець флікер. 

    Абсалютна недапушчальны на дарозе алкаголь: у 118 выпадках  з 561 мінулагодняга  здарэння  прысутнічае алкаголь побач з чалавекам, які мог паўплываць на сітуацыю (вадзіцель, пешаход). 60 ДТЗ адбылося па віне нецвярозых вадзіцеляў (у 2014-м – 84) – іх, безумоўна, караюць па ўсёй строгасці закона. 

    Выпадак, што здарыўся ў Кобрыне (84-гадовы кіроўца траўміраваў маладога хлопца, які знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення і пераходзіў дарогу па пешаходным перахо-дзе), нагадаў, акрамя катэгарычнай недазволенасці алкаголю на дарозе, аб яшчэ адным аспекце – узросце вадзіцеляў, хоць для іх, як вядома, верхняй узроставай планкі ў нас няма (пакуль медкамісія дазваляе кіраванне транспартным сродкам). Можа, сапраўды, варта задумацца аб перайманні вопыту іншых краін, дзе па дасягненні 60-гадовага ўзросту вадзіцельскае пасведчанне становіцца праязным білетам у грамадскім транспарце… 

    У сітуацыі, калі колькасць транспартных сродкаў няўхільна расце, не зважаючы на крызісны год (у вобласці іх летась стала больш амаль на 10000 – налічваецца 766000 зарэгістраваных транспартных сродкаў), важна ўдасканальваць работу супрацоўнікаў ДАІ, перакананы Сяргей Талатай. Плануецца працягваць аснашчэнне патрульных машын відэарэгістратарамі, якія дапамогуць фіксаваць парушэнні, адпаведна – разбіраць спрэчныя выпадкі. Дарэчы, у адносінах штрафных санкцый начальнік абласной ДАІ схіляецца да карысці прафілактычнай работы ў адносінах дробных парушэнняў і няўхільнай адказнасці за хамства на дарозе і грубыя парушэнні: “Штраф павінен змяняць свядомасць, а не раздражняць. Вадзіцелю трэба ўсвядоміць сваю памылку – змяніць паводзіны, цішэй ездзіць”. 

    Нягледзячы на станоўчыя зрухі ў статыстыцы, 2016-ы не дае падставы губляць пільнасць ні супрацоўнікам абласной Дзяржаўтаінспекцыі, ні ўдзельнікам дарожнага руху. Так, з 1 снежня 2015 года за невыкарыстанне зімовых шын у вобласці было аштрафавана 883 чалавекі. З пачатку 2016 года на дзень выхаду газеты адбылося 16 аварый, у іх 2 чалавекі загінулі, 18 паранены. 

    Усё ж  для ажыццяўлення галоўнай мары Сяргея Талатая – зрабіць дарогі вобласці настолькі бяспечнымі, каб ні адно дзіця не загінула на іх  за год, – трэба ўсім прыкласці яшчэ шмат намаганняў.

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна

Комментарии (0)