19 Апреля, 2024 Пятница

Год культуры абавязвае задумацца і над пытаннямі аховы навакольнага асяроддзя

  • 04 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Паказчыкам культурнага ўзроўню чалавека з'яўляюцца, акрамя ўсяго, і яго адносіны да пытанняў захавання чысціні навакольнага асяроддзя, аховы жывёльнага і расліннага свету, зберажэння прыродных рэсурсаў. Таму на пачатку Года культуры мы папрасілі начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Прадку В. П. і галоўнага спецыяліста Драздоўскага Д. М. расказаць аб выніках работы ў 2015-м і планах на 2016-ты.

    ПАРУШАЛЬНІКАЎ ЧАКАЮЦЬ ПАКАРАННІ

    Прыродаахоўная інспекцыя — кантрольнае ведамства, прызначэнне якога — выяўляць парушэнні і прыцягваць за іх да адказнасці, таму аналіз зробленай работы мы пачалі, заканамерна, з вынікаў кантрольнай дзейнасці.

    — За мінулы год намі праведзена 13 планавых і 11 кантрольных праверак, 3 рэйды сумесна з пракуратураю (па абследаванні фермаў у водаахоўных зонах, унутрыгаспадарчых кар'ераў і зон адпачынку на вадзе), — расказаў Валерый Пятровіч. — Па фактах парушэння прыродаахоўнага заканадаўства складзена 105 пратаколаў (з іх 59 працэнтаў — у сферы сельгасвытворчасці) на агульную суму 125 мільёнаў рублёў. Прыцягнута да адказнасці сем грама-дзян, з іх два за мыццё аўтамабіляў у населеным пункце, адзін па факце працякання каналізацыі на тэрыторыі водаахоўнай зоны і чатыры за перавышэнне ўзроўню шкодных выкідаў аўтамабіля (у ходзе сумеснай з дзяржаўтаінспекцыяй акцыі «Чыстае паветра»).

    НА КАНТРОЛІ — РАСЛІННЫ СВЕТ

    Работа інспекцыі ў мінулым годзе была вельмі насычанай і напружанай у сувязі з падрыхтоўкаю раёна да абласных «Дажынак». Акрамя таго, што даводзілася працаваць у складзе камісій па прыёмцы 82-х аб'ектаў, неабходна было пільна сачыць за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства падрадчыкамі падчас правядзення разнастайных работ:

    — Не дапусціць несанкцыянаванага выкідвання будаўнічага смецця, засцерагчы ад пашкоджання газоны і дрэвы — клопатаў было нямала, — успамінае Валерый Пятровіч. — Напрыклад, пры асфальтаванні тратуара неабходна пакідаць свабодны грунт у радыусе адзін метр вакол дрэва. Падчас правядзення работ на вуліцы Дзяржынскага каля рэстарана ў адным месцы гэтая норма была парушана (радыус зменшаны сантыметраў да сарака), і мы дабіліся таго, што падрадчык выразаў лішні    асфальт. Іначай гэтае дрэва загінула б.

    Дарэчы, акрамя захавання зялёных насаджэнняў, інспекцыя клапоціцца і аб далейшым азеляненні горада: у мінулым годзе была ўнесена прапанова райвыканкаму аб высадцы ў Талачыне 540 дрэў. Ініцыятыва, паведаміў Валерый Прадка, падтрымана, і вясною павінны пачацца работы па высадцы дрэў у некаторых грамадскіх месцах і на тэрыторыях каля жылых дамоў.

    ЭКАЛОГІЯ І ЭКАНОМІКА

    2016 год стане для інспекцыі не менш насычаным і напружаным. Адных толькі праверак запланавана на першае паўгоддзе 12. Вялікая ўвага будзе ўдзяляцца пытанням збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.

    — Летась раён выканаў дзяржзаказ па нарыхтоўцы ўсіх відаў ДМР (шкло, метал, пластык, папера), акрамя макулатуры, але недавыканаў напалову даведзенае заданне (яно звычайна ўстанаўліваецца з перавышэннем дзяржзаказу). Нарыхтоўкаю ДМР займаюцца райспажыўтаварыства і два прадпрыемствы ЖКГ. Хацелася б таксама, каб насельніцтва больш свядома адносілася да збору адпрацаваных батарэек (іх прымаюць ва ўнівермагах райспажыўтаварыства ў Талачыне і Коханаве), старой радыёапаратуры (тэлевізары, камп'ютары і г. д. неабходна выносіць на кантэйнерныя пляцоўкі або здаваць у райспажыўтаварыства), люмінесцэнтных лямпачак (здаваць у жыллёва-камунальныя прадпрыемствы). Тут, праўда, паўстае праблема, якая яшчэ не вырашана на рэспуб-ліканскім узроўні. Калі жыхары Талачына і Коханава могуць пазбавіцца ад гэтых відаў адходаў, не прычыняючы шкоды экалогіі, то што рабіць у сельскай мясцовасці? Батарэйкі і лямпачкі — адходы першага класу небяспекі, таму, напрыклад, аўталаўка іх збіраць не можа (захоўванне побач з прадуктамі не дапускаецца). Словам, сістэма збору такіх адходаў пакуль што не адпрацавана ў маштабах краіны.

    Пасля нашай сустрэчы мы на ўсялякі выпадак папрасілі ў жыллёва-камунальных прадпрыемствах удакладніць, куды неабходна грамадзянам здаваць лямпачкі. У ДП «Талачын-камунальнік» нам паведамілі, што іх можна прыносіць у адміністрацыйны будынак (вул. Леніна, 99А), а ў ДП «Коханава-ЖКГ» — у памяшканне, у якім знаходзяцца электрыкі, каля цэнтральнага цеплапункта.

    ЗБЕРАГЧЫ БАГАЦЦЕ НЕТРАЎ

    Яшчэ адным заўважным напрамкам дзейнасці ў гэтым годзе стане ўзмацненне кантролю за выкарыстаннем карысных выкапняў. Як паведамілі нашы субяседнікі, па стане на 1 студзеня ў раёне налічвалася 14 унутрыгаспадарчых і 1 прамысловы кар'ер (для здабычы пяску). Таксама ў раёне ёсць вялікія запасы чырвонай гліны і торфу.

    ПАЗБАВІЦЦА АД НЕБЯСПЕЧНАГА ГРУЗУ

    Магчыма, сёлета ўдасца нарэшце вырашыць пытанне ўтылізацыі непрыдатных да выкарыстання пестыцыдаў, якіх у мінулыя гады было сабрана больш за 62 тоны з усяго раёна. Зараз яны захоўваюцца ў належных умовах і асаблівых праблем не выклікаюць, але ўсё ж гэтае месца з'яўляецца патэнцыяльна небяспечным аб'ектам. Пытанне будзе рашацца на ўзроўні міністэрства.

    СУМНІЎНАЯ І НЕНАДЗЕЙНАЯ ЭКАНОМІЯ

    Калі радыёапаратуру, па словах нашых субяседнікаў, жыллёва-камунальныя прадпрыемствы павінны без лішніх пытанняў забіраць з кантэйнерных пляцовак, то з буйнагабарытным смеццем (голле дрэў, аконныя рамы, дошкі і г. д.) сітуацыя іншая. Грамадзянін павінен звярнуцца ў камунгас, заказаць тэхніку для вывазу, аплаціць гэтую паслугу.

    — Я сам дзейнічаў па такой схеме, калі рабіў дома рамонт, і таму дакладна ведаю, што гэта і проста, і нядорага, — адзначыў Дзмітрый Драздоўскі. — Патэлефанаваў у ЖКГ, мне падагналі прычэп, я яго за дзень запоўніў — і ніякіх праблем. Заплаціў нейкія капейкі.

    — А вось калі хто-небудзь папа-дзецца на невыкананні правілаў абыходжання з адходамі, то штраф для фізічнай асобы складзе за розныя віды парушэнняў да 50-ці базавых велічынь, — папярэдзіў Валерый Прадка.

    Канечне, хацелася б, каб галоўным фактарам павышэння экалагічнай культуры былі не штрафы і прадпісанні, а ўласныя перакананні грамадзян, свядомыя адносіны кожнага з нас да пытанняў захавання планеты для сваіх нашчадкаў. Няхай Год культуры стане ў гэтым плане штуршком для тых, хто яшчэ знахо-дзіцца ў палоне абыякавасці і безадказнасці.

    НА ЗДЫМКУ: ёмістасць для збору адпрацаваных батарэек у краме «Хозмир» (Талачын).

    Фота аўтара.

    www.natal.by

    Автор: Сяргей АБРАМОВІЧНаша Талачыншчына

Комментарии (0)