Ахоўнае прадпісанне – мера барацьбы з дамашнім насіллем, якая дзейнічае ў Беларусі з красавіка 2014 года. Яго сутнасць у тым, што аматара пусціць у ход не толькі востры язык, але і кулакі могуць абавязаць часова пакінуць сумеснае жыллё, а таксама забараніць шукаць пацярпелых дамачадцаў, дапякаць іх званкамі і сустрэчамі, распараджацца агульнай маёмасцю.
— Некаторыя людзі прывыклі піць, сварыцца з блізкімі, разводзіць дома бардак, прадаваць за гарэлку рэчы. А калі іх абмяжоўваюць у «правах», гэта вельмі працвярэжвае, — адзначае капітан міліцыі Сяргей Амінаў. Менавіта на яго ўчастку сёлета было выдадзена першае ахоўнае прадпісанне аб немагчымасці знаходжання па месцы жыхарства.
Непажаданае суседства
— Ізноў некага везяце? – пытаецца ў міліцыянераў жыхарка інтэрната ў Мароськах, у якім раённая ЖКГ выдзеліла два пакоі для людзей з ахоўнымі прадпісаннямі. – Нам аднаго ўжо хапіла!
Святлана Андрэеўна – мнагадзетная маці, якая жыве тут больш за дваццаць пяць гадоў і працуе прыбіральшчыцай. Менавіта яна адказвае за ключы ад «ахоўных пакояў».
— Мы тут усе людзі сямейныя, — уздыхае жанчына, калі расказвае пра былога суседа. — Пашкадавалі яго, кармілі часам — у яго ж грошай не было.
Хоць першы і пакуль адзіны пастаялец пакояў быў не буйны, магчымым новым часовым суседзям мясцовыя жыхары не радуюцца. Аплата за спажытае святло ў інтэрнаце дзеліцца на ўсіх, і разлічвацца за «дармаеда» нікому не хочацца.
Пакуль міліцыянеры тлумачаць Святлане Андрэеўне, што жыхары не павінны забяспечваць пастаяльцаў, я аглядаю пакоі. Стан іх здавальняючы: ёсць шафы, ложкі, бялізна, кнігі, DVD-дыскі. Не хапае толькі тэлевізара і халадзільніка. Па словах старшага лейтэнанта міліцыі Кацярыны Костачка, часовае жыллё даецца агрэсару, каб ён пажыў асобна, прааналізаваў свае паводзіны, зрабіў адпаведныя высновы. Аднак калі ў чалавека ёсць магчымасць на час дзеяння прадпісання пажыць у радні ці сяброў, яму гэта дазволяць.
Жаночае «трыванне»
Пакоі для хатніх дэбашыраў у раёне створаны каля года таму. За гэты час у іх адсяляліся двое мужчын. Адзін з іх часова пераехаў да сябра, а малады чалавек 1995 года нараджэння, пра якога расказвала Святлана Андрэеўна, хоць і меў шанц выправіцца, працягвае сістэматычна збіваць маці і скандаліць. Таму К. Костачка не выключае, што ў хуткім часе ён зноў атрымае прадпісанне на адсяленне.
— Мы інфармуем усіх аб магчымасці часовага размяшчэння ў Мароськах, — гаворыць капітан міліцыі С. Амінаў. – Але да гэтага часу некаторыя памятаюць пра ваенную камендатуру ў пасёлку і адмаўляюцца ад часовага пражывання там.
Будынак з пакоямі для асоб, у дачыненні да якіх прыменены ахоўныя прадпісанні, знаходзяцца на балансе раённай ЖКГ, у пакоях ёсць усё неабходнае для жыцця. На Маладзечаншчыне ахоўнае прадпісанне выдавалася дваццаць два разы. Людзі, якія яго атрымліваюць, сістэматычна збіваюць жонку, сужыцельку ці маці, учыняюць скандалы ў стане алкагольнага ап’янення, самастойна распараджаюцца сумесна нажытай з іншымі членамі сям’і маёмасцю.
— Цяпер насіллем лічацца псіхічныя і эмацыянальныя пакуты, якія не відавочныя. Ці замоўчваюць людзі такія канфлікты?
— Так. Таму я пастаянна размаўляю з жыхарамі свайго ўчастка і калі чую пра інцыдэнты, уважліва сачу за тым ці іншым чалавекам, сям’ёй. На жаль, галоўны недахоп ахоўнага прадпісання ў тым, што адміністрацыйная справа распачынаецца толькі пасля заявы ад пацярпелага боку. Таксама нельга адсяліць чалавека, калі распачатая справа спынена ў сувязі з прымірэннем бакоў ці была абскарджаная.
— Ці часта такое здараецца?
— За маю практыку гэтага не было. Лічу, што заканадавец зрабіў правільна, калі зацвердзіў такую меру. Перыядычнае знаходжанне дамашніх агрэсараў у ізалятары часовага ўтрымання патрабуе немалых сродкаў. А ў час дзеяння ахоўнага прадпісання чалавек утрымлівае сябе сам. Увогуле, гэта мера працуе «на папярэджанне» — яна можа выносіцца пасля першага адміністрацыйнага правапарушэння.
— Ці працуюць з такімі людзьмі псіхолаг, сацыяльны работнік?
— Яны дапамагаюць толькі ахвярам насілля. Гэта пераважна прадстаўніцы слабага полу. Пры сістэматычным фізічным ці псіхалагічным прэсінгу з боку радні ці блізкіх жанчына можа звярнуцца ў крызісны пакой, атрымаць сацыяльна-псіхалагічную і юрыдычную дапамогу ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Нядаўна РАУС пачаў практыку «інфармавання згоды» людзей, якія пакутуюць ад насілля ў сям’і. Мы збіраем кантакты тых, хто жыве ў небяспечнай абстаноўцы, і перадаём іх у ТЦСАН, спецыялісты якога кантралююць сітуацыю.
— А што адбываецца ў сям’і дэбашыра, які атрымаў ахоўнае прадпісанне?
— Не радзей чым тры разы на тыдзень мы наведваем ахвяру насілля, пры неабходнасці размаўляем па тэлефоне. Не выключана, што аб парушэнні прадпісання могуць паведаміць суседзі ці калегі. У такой сітуацыі знаходжанне агрэсара каля дома ці работы ахвяры можа стаць падставай для адміністрацыйнага арышту і змяшчэння ў ізалятар часовага ўтрымання.
— Што становіцца апошняй кропляй, якая прымушае заявіць аб насіллі?
— Замах на жыццё. У сітуацыі з грамадзянінам П. жанчына шмат гадоў пакутавала ад маральнага прэсінгу з боку мужа, яго алкагольнай залежнасці. У межах крымінальнай справы, якая распачата пасля спробы забойства, прычына такіх паводзін мужчыны ўстаноўлена. Але асадак, як кажуць, застаўся. Таму цяпер на грамадзяніна П. сабраны матэрыял, які дазволіць абмежаваць яго ў дзеяздольнасці.
Фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.
«МГ»

Комментарии (0)