25 Апреля, 2024 Четверг

Вялікая сям'я актыўных ветэранаў

  • 18 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў» прайшла ў Астраўцы з удзелам члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыні Астравецкага райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук.

    Пачатак мерапрыемству быў пакладзены акцыяй Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі «За любімую Беларусь», якая ў гэты дзень стартавала на Астравеччыне. Актывісты арганізацыі на чале са сваім лідарам Аксанай Паўлаўнай Лазаравай уручалі ветэранам сэрцайкі як сімвал любові да роднай краіны.

    Сёння на ўліку ў раённай арганізацыі ветэранаў стаіць больш за 5 300 ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў працы. Усе яны аб'яднаны ў 22 пярвічныя арганізацыі, дэлегаты якіх і прынялі ўдзел у пасяджэнні.

    ветераны совещание1

    – На жаль, сёння ў Астравецкім раёне засталося толькі 5 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 12 вязняў канцэнтрацыйных лагераў, – пачаў сваё выступленне старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – Гэта вельмі мала, і мы павінны зрабіць усё магчымае для таго, каб забяспечыць гэтым людзям годную старасць.

    Старшыня райвыканкама расказаў прысутным аб перспектывах развіцця Астравецкага раёна і Астраўца як горада энергетыкаў, які сёння развіваецца хуткімі тэмпамі: узводзяца новыя дамы, запланавана будаўніцтва дзіцячага садка і фізкультурна-аздараўленчага комплексу з лазняй і басейнам, магазіна. І сведкамі ўсяго гэтага становяцца ўсе, хто жыве ў нашым раёне.

    – Сёння Астравецкі раён адзін з самых наведваемых раёнаў у нашай краіне, – прадоўжыў сваё выступленне Адам Дзмітрыевіч. – Да нас прыязджаюць дэлегацыі не толькі з розных раёнаў нашай рэспублікі, але і з замежных краін. І, дарэчы, многаму вучацца ў нас. Нам трэба ганарыцца, што менавіта Астравецкаму раёну выпаў гонар будаваць першую Беларускую АЭС.

    Напрыканцы свайго выступлення Адам Дзмітрыевіч прапанаваў прысутным правесці сустрэчу ў фармаце «пытанне-адказ» – і многія ветэраны працы скарысталіся такой магчымасцю – на ўсе пытанні старшыня райвыканкама даў разгорнутыя адказы.

    ветераны совещание2

    Асноўным дакладчыкам падчас канферэнцыі выступіў старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, які нагадаў, што з моманту стварэння ветэранскай арганізацыі прайшло больш за 25 гадоў, і ахарактарызаваў дзейнасць раённай арганізацыі за апошнія пяць гадоў, якія запомніліся шматлікімі цікавымі і важнымі падзеямі і мерапрыемствамі.

    На жаль, былі на працягу гэтых гадоў і сумныя падзеі: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, дзякуючы якім краіна развівалася і працвітала, становіцца ўсё менш. Сімвалічным момантам урачыстасці стала вынясенне партрэтаў ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і хвіліна маўчання ў памяць аб тых з іх, хто пайшоў з жыцця.

    Расціслаў Арсенцьевіч падрабязна расказаў пра дзейнасць ветэранскай арганізацыі, супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі і ўстановамі адукацыі, прывёў прыклады патрыятычнага выхавання маладога пакалення і праінфармаваў прысутных пра ролю ветэранскай арганізацыі ў гэтай сферы.

    Пра тое, што ветэраны і сёння знаходзяцца ў актыўным пошуку, сведчыць шэраг экскурсій па нашым раёне і за яго межы, а таксама шматлікія патрыятычныя акцыі і мерапрыемствы, у якіх ветэраны з задавальненнем удзельнічаюць. Як прыклад, акцыя «Тут пачыналася вайна», якая прайшла ў Міхалішках у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны і на якой выступілі ветэраны вайны і працы. Шырокі рэзананс меў і раённы фестываль творчасці, удзельнікамі якога сталі больш за 400 актыўных і ініцыятыўных членаў ветэранскай арганізацыі.

    Справаздачу падчас канферэнцыі трымалі і старшыні рэвізійнай і мандатнай камісій Мікалай Паўлавіч Вайцяхоўскі і Валянціна Ільінічна Горбаль. Слова было прадстаўлена і старшыням пярвічных арганізацый ветэранаў, якія ўдзельнічалі ў канферэнцыі.

    ветераны совещание3

    Так, старшыня пярвічкі РУП «Саўгас «Падольскі» Эдмунд Сцяпанавіч Завадскі ўпэўнены, што ветэранаў не толькі слухаюць, але і чуюць. Менавіта таму тактыка ветэранскай арганізацыі хаваецца ў дэвізе «Ні хвіліны спакою» – каб ахапіць клопатам усіх, хто мае патрэбу.

    Старшыня пярвічкі вузла сувязі Эма Макараўна Жыляк расказала пра самыя запамінальныя мерапрыемствы, якія праходзілі для ветэранаў і з іх удзелам, – а такіх было шмат: гэта і пасяджэнні клуба «Актыўнае даўгалецце», і шматлікія экскурсіі, і віншаванні з юбілейнымі датамі. Падчас канферэнцыі Эма Макараўна таксама павіншавала з днём нараджэння членаў сваёй пярвічкі Тамару Адамаўну Базіс і Марыю Іванаўну Бяляўскую.

    Генадзь Іосіфавіч Бужымскі, які ўзначальвае Альхоўскую пярвічную арганізацыю, падзяліўся добрымі справамі, якія сталі магчымымі, дзякуючы менавіта зваротам ветэранаў працы. Як прыклад, рамонт дарогі і ФАПа, вырашэнне праблем з прыёмам лічбавага тэлебачання. Словы ўдзячнасці Генадзь Іосіфавіч выказаў новаму кіраўніцтву Альхоўскага Дома культуры за арганізацыю цудоўных канцэртаў да прафесійнага свята работнікаў лясной гаспадаркі і дня сталых людзей – гэтыя канцэрты запомніліся многім жыхарам Альхоўкі.

    Пра супрацоўніцтва раённых арганізацый «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў», што вядзе да пераемнасці пакаленняў, гаварыла ў сваім выступленні першы сакратар БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава.

    Намеснік старшыні СВК «Гервяты» па ідэалагічнай рабоце Юрый Аляксандравіч Адула ўпэўнены, што ветэраны працы – гэта члены вялікай сям'і кааператыва, а ў сям'і ніхто не можа быць забыты – і гэтыя традыцыі свята захоўваюцца маладым пакаленнем.

    ветераны совещание4

    Слова для выступлення было прадстаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыне Эдуардаўне Тальчук, якая прапанавала кандыдатуру Расціслава Арсенцьевіча Герта на пасаду старшыні раённай арганізацыі «Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў» на наступныя пяць гадоў – і яе прапанова была адзінагалосна прынята дэлегатамі канферэнцыі.

    У гэты ж дзень прайшло арганізацыйнае пасяджэнне аб'яднання ветэранаў, падчас якога Расціслаў Арсенцьевіч Герт уручыў узнагароды самым актыўным і ініцыятыўным членам раённай арганізацыі і прадстаўнікам арганізацый, якія актыўна супрацоўнічаюць з саветам ветэранаў. Граматы атрымалі Часлаў Аляксандравіч Свіла, Марыя Іванаўна Бяляўская, Валянціна Ільінічна Горбаль, Эма Макараўна Жыляк, Генрык Юсцінавіч Петраш, Юрый Аляксандравіч Адула, Людміла Аляксандраўна Гродзь, Вольга Пятроўна Пінчук, Раіса Пятроўна Куц, Людміла Іванаўна Кухарэвіч, Марыя Паўлаўна Леановіч, Алена Пятроўна Васільчык.

    Вынікі работы пасяджэння падвёў ганаровы госць мерапрыемства – старшыня Смаргонскай раённай арганізацыі ветэранаў Уладзімір Леапольдавіч Касакоўскі.

    А закончылася мерапрыемства святочным канцэртам, які ветэранам вайны і працы падарылі артысты Астравеччыны.

    ---------------------------

    Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)