Для выпускнікоў набліжаецца самая адказная пара – выбар установы адукацыі для атрымання прафесіі. У Слуцкім дзяржаўным каледжы кожны год імкнуцца па-новаму расказаць будучым абітурыентам пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць тут, і перавагі навучання ва ўстанове. І, вядома, у стварэнні ўмоў для навучання не стаяць на месцы. Гэта і абумоўлівае цікавасць выпускнікоў школ да каледжа.
Уадзін з суботніх дзён слуцкія школьнікі не проста пазнаёміліся са спецыяльнасцямі «гандлёвая справа» і «грамадскае харчаванне». Яны вучыліся завязваць гальштук, афармляць падарунак, паспрабавалі працаваць з цестам, а некаторым пашанцавала займацца ў новай лабараторыі «Справа смаку» («Дело вкуса») і прыгатаваць бутэрброды і тарталеткі, даведацца, як упрыгожыць святочны стол. Хтосьці проста назіраў, як кавалкі цеста ператвараюцца ў касічкі, грыбочкі, кветкі, а самыя цікаўныя далі волю сваёй фантазіі. Віктар Нядзелька, вучань Бокшыцкай сярэдняй школы, вельмі актыўна ўключыўся ў працэс. Ён ужо з 6 класа ведае, што стане поварам, раней наведаў прафарыентацыйнае мерапрыемства, а цяпер вырашыў пазнаёміцца з умовамі атрымання будучай прафесіі больш падрабязна. І вельмі задаволены тым, што пачуў і ўбачыў. Асабліва яркія ўражанні – ад рэсурснага цэнтра і цудоўна аформленай лабараторыі «Справа смаку», якую адкрылі ў каледжы нядаўна. Яе рабілі, укладваючы душу, самі педагогі, творчыя, улюбёныя ў сваю справу людзі, каб навучэнцы з задавальненнем асвойвалі тут азы прафесіі, вучыліся любіць тое, чым будуць займацца, магчыма, усё жыццё. Загадчык лабараторыі Ірына Сяргееўна Леус – выпускніца каледжа, зараз атрымлівае вышэйшую адукацыю.
Для аднаго з класаў СШ №12 на базе каледжа ў гэтым годзе арганізаваны факультатыўныя заняткі па спецыяльнасці «грамадскае харчаванне». Будучыя абітурыенты знаёмяцца з прафесіяй, атрымліваюць некаторыя тэарэтычныя веды і абавязкова праходзяць практычнае навучанне ў лабараторыях установы. А абсталяванне тут, трэба адзначыць, сучаснае, тое, якім выпускнікам каледжа давядзецца карыстацца на працоўных месцах.
Даша Няронская, дзевяцікласніца з сярэдняй школы №8, у захапленні ад праведзенага ў каледжы кірмашу прафесій:
– Было так класна! Я паспрабавала сама зрабіць розныя смачныя «дзівосы» з цеста і мульцяшны бутэрброд – Спанчбоб атрымаўся вельмі апетытным. Запомніліся словы намесніка дырэктара пра тое, што гатаваць трэба з любоўю, з душою, тады ўсё атрымаецца найсмачнейшым. Мне здаецца, гэта так здорава, калі людзі каштуюць твае стравы і атрымліваюць задавальненне, ацэняць, скажуць добрае слова ці падумаюць, гэтая энергетыка вяртаецца. Я вельмі хачу стаць поварам, сама прыдумваць нешта смачнае, частаваць усіх. І ведаеце, у каледжы вельмі шчырыя педагогі, цёплая атмасфера. Вось я пабывала тут – нібы дома апынулася, так утульна, табе рады. А напрыканцы яшчэ і чаю папілі з тымі прысмакамі, якія самі ж і зрабілі. Так цудоўна!
Хтосьці ўжо даўно вызначыўся, кім хоча стаць, а для тых, хто яшчэ ў пошуках, праводзяць такія мерапрыемствы ў Слуцкім дзяржаўным каледжы рэгулярна. Прыходзьце 27 лютага, не пашкадуеце!

Комментарии (0)