03 Мая, 2024 Пятница

Беларускамоўны бізнес

  • 23 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Нягледзячы на немедыйнасць гэтага чалавека яго ведаюць у многіх куточках Беларусі, пачынаючы ад роднага Астраўца і заканчваючы сталіцай. Ён з’яўляецца адным з арганізатараў курсаў па вывучэнні роднай мовы ў нашым горадзе, а таксама папулярызуе яе на ўласным прыкладзе. Той, хто хоць аднойчы бываў у краме “Піўны гетман”, якая летась адчынілася ў гандлёвым цэнтры “Талер”, мог у гэтым упэўніцца: тут беларуская мова гучыць з вуснаў прадаўцоў і ліецца беларускамоўнымі песнямі і старажытнымі матывамі з дынамікаў.

    Муж, тата, прадпрымальнік, заўзяты паляўнічы і рыбалоў – далёка не ўсе іпастастасі Аляксея Пятровіча, вельмі адкрытага і шчырага чалавека.

    Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы мы сустрэліся з Аляксеем, каб даведацца, ці лёгка весці ў Беларусі бізнес па-беларуску, хто такі сучасны беларус і як знайсці ў сутках больш чым 24 гадзіны на сям’ю, уласную справу і шматлікія захапленні.

    «Адукаваны чалавек павінен ведаць сваю мову і карыстацца ёй»

    – Аляксей, наколькі мне вядома, ты нарадзіўся і вырас у Астраўцы, вучыўся ў рускамоўнай школе. Адкуль пачынаюцца вытокі тваёй любові да роднай мовы і што стала пунктам адліку тваёй беларускамоўнасці?

    – Падчас вучобы ў школе вялікі ўплыў на мяне зрабілі ўрокі беларускай мовы і літаратуры Вольгі Міхайлаўны Зарэцкай і гісторыі Ганны Мар’янаўны Алёхна. Мы сустракаліся з пісьменнікамі, паэтамі, мастакамі, ладзілі імправізаваныя беларускія вечары, чыталі на памяць вершы. Часам з сябрамі дамаўляліся, што з наступнага дня пачнём размаўляць выключна пабеларуску, таму што наша атачэнне было рускамоўным, – але хапалане больш, як на тыдзень.

    Мой брат Яўген, які зараз жыве ў ЗША, таксама аказаў на мяне вялікі ўплыў. Аднойчы, калі ён ляцеў у Штаты на самалёце расійскіх авіяліній, у салоне яму на вочы трапіўся часопіс з артыкулам пра турыстычную Беларусь, у якім беларуская мова зневажалася. Гэта абурыла Яўгена, а пасля і мяне.

    Прыблізна чатыры гады назад я стаў размаўляць толькі па-беларуску. Напачатку было так складана! Перш чым ісці ў нейкую арганізацыю, глядзеў у слоўнік, як правільна вымаўляецца тое ці іншае слова, дзе трэба ставіць націск, таму што ў кожнай сферы жыццядзейнасці – у тым ліку і ў бізнесе – свая тэрміналогія. Калі ўпершыню ўсвядоміў, што думаю па-беларуску, – стала прыемна на душы!

    І многім сваім сябрам, асабліва Алесю Юркойцю, я ўдзячны за падтрымку і дапамогу.

    – А твая жонка і дзеці якой мовай карыстаюцца?

    – Аліса карыстаецца рускай і беларускай мовамі. Дзеці разумеюць абедзве мовы. Лічу, што дзяцей нельга прымушаць карыстацца той ці іншай мовай, ім трэба даваць права выбару. Ад прымусу станоўчага эфекту не будзе.

    – Шмат гадоў у грамадстве панаваў стэрэатып, што беларуская мова – вясковая, сялянская. А з якім стаўленнем да мовы сутыкаўся ты?

    – У грамадскім транспарце і проста на вуліцы людзі захапляюцца маёй гаворкай і пытаюць, ці не выкладаю я беларускую мову і літаратуру.

    Мне здаецца, што беларуская мова пакрысе набывае статус “тытульнай”: паглядзіце, колькі маладых люзей ў вялікіх гарадах гаворыць па-беларуску! І пра любоў да мовы трэба не гаварыць, а паказваць гэта на ўласным прыкладзе – праз культуру зносінаў, добрыя справы, працу на карысць сваіх блізкіх і краіны, каб у іншага чалавека беларускамоўнасць асацыявалася толькі са станоўчымі праявамі.

    – Беларусаў лічаць памяркоўнымі, цярплівымі людзьмі, якія жывуць па прынцыпу “мая хата з краю…”. Ці згодзен ты з гэтым меркаваннем? І які ты беларус?

    – У першую чаргу я стараюся быць шчырым. Калі нешта не падабаецца, не буду хітрыць, а скажу пра гэта чалавеку ў вочы. Вядома, што такая прамалінейнасць не заўсёды працуе на карысць. Але я ўпэўнены, што кожны чалавек павінен кіравацца сумленнем у адносінах да сябе, блізкіх і іншых людзей.

    Петрович1

    «Кліентаў прыцягвае беларускасць»

    – Аляксей, зараз ты працуеш на сябе: летась адчыніў краму. А чаму менавіта піўную – у якой працуюць, што размаўляюць па-беларуску?

    – Многія лічаць, што крама “Піўны гетман” – цалкам маё дзецішча, аднак гэта не так; гэта наш агульны з братам Яўгенам бізнес.

    Пры выбары накірунку крамы, мы, па-першае, адштурхоўваліся ад уласнага пачатковага капіталу для развіцця справы. Па-другое, мы вырашылі, што гэта перспектыўны бізнес. У параўнанні з сур’ёзным гандлем піўная крама патрабавала меншых першапачатковых укладанняў.

    У мяне цалкам беларускамоўнае атачэнне, таму ўсе цэтлікі і шыльды аформлены па-беларуску.

    – А як узнікла ідэя назвы вашай крамы?

    – З назвай дапамаглі сябры і знаёмыя. На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы я зрабіў апытанне. Столькі прапаноў атрымаў з усіх куточкаў Беларусі і не толькі! “Піўны барон”, “Панскі бровар”, “Піўны гетман”… Як вызначыцца сярод такой разнастайнасці? Я вырашыў адмежавацца ад русізмаў і паланізмаў, каб назва атрымалася беларускай. Так, у нашых войсках было званне гетмана, таму відавочна, што мы спыніліся на “Піўным гетмане”.

    – Ці здараліся якія-небудзь цікавыя і адметныя выпадкі ў краме?

    – Наведвальнікі любяць фатаграфаваць шыльды. Часам перапытваюць назвы тавараў. А здараліся і такія выпадкі, што пакупнікі знаходзілі памылкі, за што мы ім удзячны.

    – Ці не ўзнікала думкі, што ты згубіў кліентаў, зрабіўшы акцэнт на беларускасці?

    – Мне няма з чым параўноўваць, але, думаю, кліентаў гэта, наадварот, прыцягвае. Многія наведвальнікі адзначаюць, што ў нас цікава, можна пакаштаваць рознае піва, паслухаць – пакуль, на жаль, не ўжывую – беларускамоўныя гурты, вечарам паглядзець спартыўныя трансляцыі. У будучым плануем паставіць кававы апарат. Працуем над інтэр’ерам. Неўзабаве адну са сцен упрыгожыць ЗD выява крылатых вершнікаў з войска Вялікага княства Літоўскага, а другую – выява знакамітага гетмана Яна Караля Хадкевіча, пад кіраўніцтвам якога наша войска перамагло ўдвая большае войска шведаў. Канешне, хацелася б праводзіць тэматычныя вечары, імпрэзы, запрашаць цікавых людзей – але гэта планы на будучыню.

    Мне здаецца, што ў нас мала ўвагі надаецца захаванню і развіццю нацыянальнай традыцыйнай культуры. А мы маем столькі ўсяго! І рамёствы, і абрады, і традыцыйная беларуская кухня. На гэтым і трэба рабіць акцэнт пры развіцці турызму і бізнесу.

    – Аляксей, падзяліся сваім бачаннем развіцця нацыянальнай культуры.

    – Ініцыятыва павінна зыходзіць ад чалавека. Мы павінны крочыць наперад, захоўваючы спадчыну, якая засталася ад продкаў. Кім бы ні лічыў сябе чалавек – літоўцам, рускім ці палякам, – але традыцыйна беларускія рысы і характарыстыкі закладваюцца на генетычным узроўні.

    Мне здаецца, што мы зараз перажываем уздым беларускай нацыянальнай культуры, які пачаўся ў вялікіх гарадах, і хоць і са спазненнем, даходзіць да правінцыі. Я ўсцешаны, што моладзь вяртаецца да сваіх вытокаў, цікавіцца сваімі каранямі і традыцыямі.

    «Калі вядзеш актыўны лад жыцця, на ўсё хапае сіл і часу»

    – Напэўна, з адкрыццём крамы часу на захапленні не стае?

    – Так, зараз я значна менш часу прысвячаю захапленням. Аднак не адмовіўся ад заняткаў каратэ, якія наведваю разам са сваімі дзецьмі. Каторы год запар на Вадохрышча акунаюся ў палонцы. Па-ранейшаму трымаю паляўнічых сабак і люблю ў вольны час схадзіць на паляванне.

    Петрович2

    – Дарэчы, па словах слухачоў курсаў па вывучэнні беларускай мовы, якія дзейнічаюць у дзесяці гарадах Беларусі, многім вельмі спадабаліся заняткі “Паляванне”, на якіх ты выступаў у ролі эксперта. А табе самому? І што для цябе паляванне?

    – Я не лічу сябе экспертам – ёсць больш дасведчаныя ў гэтай справе людзі, якія займаюцца паляваннем больш за 30 гадоў. Мой стаж – усяго 7 гадоў. Я хаджу на паляванне дзеля здабычы дзічыны – самага экалагічна чыстага мяса. Не разумею “трафейшчыкаў”, якія дзеля рога за адзін раз гатовы і трох ласёў “пакласці”. У першую чаргу паляўнічы павінен быць маральна выхаваны і прытрымлівацца ў паводзінах няпісанага этычнага кодэксу.

    OLYMPUS DIGITAL CAMERA

    – Аляксей, адкуль ты чэрпаеш жыццёвыя сілы і час?

    – Мяне натхняе мая сям’я і сябры. Ну і, вядома, дапамагае спорт. Калі вядзеш актыўны лад жыцця, на ўсё хапае часу і сіл. Калі чалавек адчувае, што стомлены і яму нічога, апроч таго, як паляжаць на канапе, не хочацца – значыць, трэба браць сябе ў рукі і рухацца наперад.

    ------------------------------------------

    Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ.

    Фота аўтара і з асабістага архіва А. Пятровіча.

    Автор: Алена ГанулічАстравецкая праўда

Комментарии (0)