29 Марта, 2024 Пятница

Апошні шанц

  • 23 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    БАЦЬКІ

    Як быць? Паверыць? Але верылі ўжо не адзін раз, а сітуацыя не мяняецца: бацькі злоўжываюць спіртным, не працуюць, дзеці недагледжаныя, умовы пражывання далёкія ад нармальных, не тое што ідэальных. Часта існуе пагроза здароўю, бяспецы, нават жыццю дзяцей. Чаму ж, ведаючы, чым можа скончыцца любоў да спіртнога, бяздумнасць, нічога не прадпрымалі раней? Чаму не выконвалі рэкамендацыі спецыялістаў, не скарысталіся прапануемай дапамогай? А цяпер, калі да іх прымяняюць нормы Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неблаганадзейных сем’ях», плачуць, цяпер успомнілі пра дзяцей, думаюць, як жа яны будуць...

    На пасяджэнні каміссіі па справах непаўналетніх я не раз назірала такую карціну, і ўжо двойчы – за апошні месяц. Некаторых шкада, іншых жа ўзнікае жаданне пакараць фізічна, асабліва з ліку даўніх «кліентаў», якія не раз і не два ўжо часова пазбаўляюцца магчымасці выхоўваць дзяцей. Вось дзве гісторыі з аднаго пасяджэння.

    У М. два сыны, старэйшы хутка скончыць школу, насуперак умовам і абставінам, у якіх прыходзіцца жыць, добра вучыцца, марыць стаць праграмістам. Сам зарабляе грошы, каб купіць штонебудзь. Малодшаму складаней. Мама даўно не ходзіць на працу. Разам з татам любяць, як кажуць, «закінуць за каўнер». Дзе ж ім за дзецьмі глядзець, стварыць нармальныя ўмовы для іх жыццядзейнасці… Сям’я ўжо не раз пападала ў поле зроку службаў, якія адказваюць за ахову дзяцінства. Сітуацыя часам паляпшалася, але ж потым зноў усё кацілася ўніз. І вось калі «апошняе кітайскае папярэджанне» не спрацавала, дзяцей узяла пад абарону дзяржава. Максімальны тэрмін для бацькоў, каб выправіць сітуацыю, – 4 месяцы (праз гэты тэрмін прымаецца рашэнне, ці ёсць магчымасць вярнуць дзяцей у сям’ю, або бацькоў трэба пазбаўляць бацькоўскіх правоў). М. плакала і прасіла даць апошні шанц. І гэты шанц атрымала, толькі праз адабранне дзяцей. Жанчыне патлумачылі, што яна павінна зрабіць, каб вярнуць сваіх дзетак. Дарэчы, як многа разоў да гэтага рэкамендавалі, каб пазбегнуць адабрання. Яна супакоілася, яна ўрэшце ўсвядоміла, што ёй дапамагаюць… Праз тры месяцы на адным з пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх я ўбачыла зусім іншую М. – папрыгажэўшую, спакойную, упэўненую. У доме цяпер – парадак, бацькі прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працуюць, для сыноў умовы створаны належныя. Вынік – у адным сказе, але за ім – перажыванні і крыўды дзяцей, і гэта самае сумнае, а таксама немалая работа многіх, а ў першую чаргу, я лічу, – бацькоў, якія вырашылі змяніць сваё жыццё. Хлопчыкаў вярнулі ў сям’ю. Гісторыя скончылася добра, і вельмі хочацца больш ніколі не ўзгадваць яе.

    А пакуль мы маем такую статыстыку. З 2006 года адабрана ў бацькоў 320 дзяцей, з іх 227 вернуты ў сем’і (2015 год – 30 дзяцей з 17 сем'яў адабраны, 19 у 9 сямей вернуты), пазбаўлены бацькоўскіх праў 96 мам і тат у адносінах 110 дзяцей, у тым ліку ў 2015 годзе – 9 бацькоў у адносінах 9 дзяцей, якія былі адабраны па Дэкрэце №18. На 1 студзеня 2016 года 246 дзяцей з 132 сямей знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і пастаўлены на ўлік.

    А вось яшчэ адна гісторыя. На тым жа пасяджэнні, калі дзяцей у М. адбіралі, заслухвалі прамежкавыя вынікі работы з мнагадзетнай мамай Л., даўняй маёй «знаёмай». Трэці месяц трое яе дзяцей знаходзяцца ў аддзяленні прытулку сацыяльнапедагагічнага цэнтра, а гэта мама, якая клялася, што жыць без дзяцей не зможа, абяцала вельмі хутка выправіць сваё хісткае становішча, яшчэ ні разу не наведала іх. Яна звольнілася з работы, урачэбнакансультацыйную камісію не прайшла, лічыць, што ёй зусім не патрэбен урачнарколаг, хаця яе п’янства – адна з прычын адабрання дзяцей, на своечасовую аплату камунальных паслуг грошай не знаходзіць (на «хмельныя» патрэбы яны заўсёды ёсць). Тлумачыць, што працаўладкуецца хутка сама (і гэта ў час, калі вакансій стала намнога менш), спіртное не ўжывае (хаця па яе знешнім выглядзе я не сказала б), дзяцей наведае, як толькі з'явяцца грошы: не з пустымі ж рукамі ісці. Быццам не разумее, што для дзетак самае важнае  маму ўбачыць, прытуліцца да яе і адчуць яе ласкавыя абдымкі, ведаць, што мама – з імі, не кінула іх і хутка забярэ… Нічога не робіць мама Л., толькі абяцанкі, абяцанкі… Ці верыць у гэта яна сама? Ці хоча гэтага? Або наступны крок у гэтай гісторыі – пазбаўленне бацькоўскіх правоў? Вырашаць ёй.

    Узровень злачыннасці сярод непаўналетніх на Случчыне павялічыўся:  24 злачынствы здзейснены ў 2014 годзе, 35  – у 2015-м, найбольш  – краждзяжоў асабістай маёмасці, больш фактаў незаконнага абароту наркатычных сродкаў (2 – у 2014-м, 7  – у 2015 годзе). Агульная колькасць правапарушэнняў у 2015 годзе (найбольш  – парушэнні правілаў дарожнага руху) зменшылася (432 у 2014 годзе, 410  – у 2015), аднак фактаў п’янства непаўналетніх выявілі больш (82 – 90), тры злачынствы ўчынены падлеткамі ў стане алкагольнага ап’янення. Сумная статыстыка.

    Нядбайныя бацькі. Калі б ведаць дакладна, што падзейнічае на іх, як навучыць іх любіць сваіх дзяцей і клапаціцца пра іх, то і праблемы не існавала б. Кожны чалавек – асобны сусвет, часам незразуметы… Пастарацца дапамагчы таму, хто побач, хаця б словам, можа любы з нас, заўважыўшы няладнае, звярнуць увагу.

    … І ДЗЕЦІ

    Не толькі да сацыяльнага сіроцтва прыводзіць неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, бескантрольнасць непаўналетніх, абыякавасць з боку дарослых. Гэта ненармальна, калі дзеці 3 і 5 гадоў у 2 гадзіны без бацькоў знаходзяцца на вуліцы, калі прыгожая 17-гадовая дзяўчына на працягу месяца тройчы заўважана нецвярозай, а 13гадовыя хлопчыкі выпіваюць так, што адзін апынуўся ў рэанімацыі. Або яшчэ адзін «герой»: спачатку выпівае з так званымі таварышамі, потым разам абкрадаюць некалькі аўтамабіляў…

    Нельга сказаць, што ва ўстановах адукацыі не наладжана прафілактычная работа, ёсць узаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі. Пра колькасць гурткоў і секцый самай рознай накіраванасці ў раёне і гаварыць не варта – толькі выбірай. Можа, і бацькам трэба быць больш пільнымі, больш уважлівымі да дзяцей і іх праблем. Правапарушэнні і злачынствы здзяйсняюць падлеткі не толькі з неблаганадзейных сямей. Не толькі адмоўны прыклад бацькоў становіцца адной з прычын такіх паводзін. Калі дзеці не прынятыя дома, ім  не камфортна, яны хутка знаходзяць сабе кампанію, прычым часта не самую лепшую дзе адчуваюць сябе «на вышыні», дзе да іх прыслухоўваюцца.

    Тэма не новая і ўжо столькі раз абмяркоўвалася, скажаце вы. Згодна, толькі, думаю, не лішне і напомніць пра патрэбу падлетка быць зразуметым і ацэненым станоўча не толькі ў сваім асяроддзі, пра неабходнасць у шалёным рытме нашага жыцця калінікалі спыняцца і глядзець навокал, на тых, хто побач, на ўзаемаадносіны з імі,  пастарацца пачуць і адчуць настрой хаця б сваіх самых блізкіх, своечасова зрабіць крок насустрач. Пэўна, і праблем тады будзе менш.

    Автор: Ірына МІРГАРОДАВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)