06 Мая, 2024 Понедельник

Хто адкажа за няякасны тавар?

  • 24 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Сучаснага пакупніка не так проста падмануць. Многія ўжо ходзяць у крамы са спісамі, пералічваюць на калькулятарах, у колькі абыдзецца ўвесь тавар. Нярэдка можна ўбачыць, як старыя людзі ля касы чапляюць на нос акуляры і вывучаюць сумы, прабітыя на чэках. Урэшце пакупнікі адзначаюць, што і адстойваць свае правы яны навучыліся. Напрыклад, без праблем яны вярталі няякасныя ці пратэрмінаваныя прадукты. І, як заўважылі ў Мінскім таварыстве спажыўцоў, колькасць скаргаў на сталічныя магазіны, якія гандлююць прадуктамі харчавання, значна паменшылася. Найбольш частыя звароты тычацца сапсаваных тавараў, таго, што цана на касе не супадае з цаной у гандлёвай зале, што немагчыма прачытаць інфармацыю і рэдкі прадавец умее прафесійна параўноўваць спажывецкія якасці тавараў, кошт і здольны дапамагчы выбраць прадукты харчавання.

    Сёння разам са спецыялістам-экспертам Мінскага таварыства спажыўцоў Ігарам Каўбасой паспрабуем разабрацца з некаторымі пытаннямі, якія ўзнікаюць у пакупнікоў.

    Ваш чэк

    Днямі адзін з нашых чытачоў заўважыў, што на чэку, які яму далі ў краме, цана была большая за заяўленую на тавар. Ён паклаў свае пакупкі ў камеру захоўвання, вярнуўся ў гандлёвую залу і выклікаў адміністратара. Аказалася, што на прылаўку было выстаўлена некалькі падобных тавараў, а цана ўказана толькі на самы танны. Вядома ж, пакупніку вярнулі грошы, паабяцалі пакараць вінаватых у тым, што своечасова не з'явіліся цэннікі на ўвесь тавар. Але ці было тут парушэнне?

    — Адсутнасць цэнніка — гэта парушэнне правіл гандлю. Пакупнік згодны быў набыць тавар за тую суму, якая пазначана на цэнніку, значыць яму абавязаны прадаць тавар менавіта па ўказаным кошце, — заўважае Ігар Каўбаса, але ён мяркуе, што падобныя выпадкі — гэта не абавязкова прадуманы ход магазіна па «апрацоўцы» пакупніка. — Хутчэй, праблемы з чэкамі звязаны з недахопам добрых спецыялістаў у гандлі. Бывае, што своечасова не замяняюцца ці не выстаўляюцца цэннікі з прычыны няўважлівасці асобных работнікаў. Бо сёння магазіны не зацікаўлены ў падмане пакупнікоў, каб іх не страціць.

    Акрамя таго, існуе шмат кантрольных органаў і пакупнік можа заўсёды пакінуць запіс у кнізе прапаноў і водгукаў. Часта праблемы з чэкамі ўзнікаюць па віне спажыўца. Сам колькі разоў бачыў, як пакупнікі варочаюць, перасоўваюць тавар. Напрыклад, ім здаецца, што ў нейкай бутэльцы наліта больш алею. У выніку яны могуць пераставіць тавары не пад той цэннік.

    — Калі ўзнікаюць праблемы з рэштай?

    — Існуюць правілы, па якіх касір павінен разлічваць пакупніка. Так, ён абавязаны назваць суму пакупкі, суму грошай, атрыманую ад пакупніка, выбіць касавы чэк, агучыць, якая атрымліваецца рэшта, уручыць яе разам з чэкам, і толькі пасля гэтага атрыманую выручку пакласці ў касу. Калі ж вы засумняваліся ў тым, ці правільна вас разлічылі, уважліва праверце ўсё, не адыходзячы ад касы. Вы маеце права патрабаваць ад прадаўца правядзенне зверкі паказанняў лічыльніка і кантрольнай сумы касы, фактычнай сумы наяўных грашовых сродкаў у скрыні. Але гэта ўсё роўна трэба рабіць, не адыходзячы ад касы!

    — Калі пакупнік прыйшоў дадому, магчымасці даказаць, што яго разлічылі няправільна, ужо няма?

    — Практычна няма. Калі вас сапраўды падманулі і вы адышлі ад касы, махляр можа схаваць лішнія, не дададзеныя вам грошы. Але гэта тычыцца маленькіх крам. У многіх сучасных супермаркетах на касах стаяць камеры відаэназірання. Калі вы на 100 працэнтаў упэўнены ў падмане, можаце падысці да адміністрацыі і папрасіць, каб былі прагледжаны відэазапісы. Калі справа тычыцца вялікай сумы, можна выклікаць нарад міліцыі.

    Тэрмін выйшаў

    Сёння многія людзі закупаюцца на тыдзень, але не кожны чалавек заўважае, што на паліцы можа ляжаць аднолькавы тавар з рознымі тэрмінамі прыдатнасці. Звычайна бліжэй да пакупніка выстаўляюцца прадукты, у якіх на днях тэрмін прыдатнасці можа выходзіць, а больш свежы тавар стаіць у глыбіні. Калі чалавек разлічваў закупіцца, напрыклад, «малочкай» на тыдзень, але своечасова не заўважыў, што на нейкім пачку тварагу тэрмін прыдатнасці «падціскае», ці зможа ён яго вярнуць?

    — Якасныя харчовыя тавары, нават калі застаўся хоць адзін дзень па тэрміну прыдатнасці, нельга вярнуць, — заўважае Ігар Сцяпанавіч. — Калі ж вы ўзялі сапраўды пратэрмінаваны тавар, не павінна быць праблем з тым, каб вярнуць яго. Можна паклікаць адміністратара. У магазінах павінны быць інфармацыйныя дошкі, дзе даецца інфармацыя, куды звяртацца ў падобных выпадках.

    — Калі ў чалавека ўзнікаюць сумненні ў свежасці пэўнага прадукту і ў тым, што тэрмін прыдатнасці пазначаны правільна, ці зможа ён разабрацца з гэтай сітуацыяй? Ці рэальна даказаць, напрыклад, што салата ці шашлыкі выраблены з прадуктаў, у якіх выйшаў тэрмін прыдатнасці?

    — Калі ёсць сумненні ў якасці прадукцыі, вы, вядома, можаце звярнуцца ў санстанцыю. Можна нават заказаць экспертызу, але калі вы памыліліся, ці гатовы будзеце яе аплаціць? Санстанцыя не бярэ на экспертызу тавары з ускрытых упаковак. Яна па заяве можа выехаць на аб'ект, зрабіць кантрольную закупку, паглядзець, у якіх умовах вырабляецца і захоўваецца прадукцыя, і правесці экспертызу. Ніхто не будзе разбірацца, напрыклад, з салатай, якую вы ўжывалі дома, ці правяраць менавіта вамі набыты і ўжо распачаты торт. Грамадскія аб'яднанні абароны правоў спажыўцоў валодаюць правам правядзення экспертызы, таму можна звяртацца на «гарачую лінію» 226-72-90.

    — А як абараніць сябе, калі прадукты набываюцца праз інтэрнэт? Ці трэба патрабаваць дакументы пры заказе той жа піцы?

    — Калі на ўпакоўцы не пазначаны склад, час вырабу і тэрмін прыдатнасці, гэта лічыцца парушэннем — вам не прадастаўлена інфармацыя, і вы можаце адмовіцца ад пакупкі. Майце на ўвазе, што па правілах гандлю, інфармацыя аб прадуктах павінна быць пададзена на рускай ці беларускай мове. Калі яна пададзена толькі на замежнай мове, вы можаце напісаць скаргу аб адсутнасці інфармацыі. Наогул, пакуль вы не заплацілі грошы, можаце адмовіцца ад пакупкі пры любым сумненні.

    Упакоўка і пашкоджаны тавар

    — Ці паступаюць скаргі на магазіны, якія перапакоўваюць тавары ў сваю ўпакоўку і такім чынам павялічваюць тэрмін прыдатнасці.

    — Я не сутыкаўся. Прадаўцы не маюць права перапакоўваць тавары з заводскай упакоўкі. Калі яна пашкоджана, такі тавар павінен быць зняты з продажу, бо невядома, хто да яго дакранаўся і ці не прыўносілася туды што-небудзь. Таму адна з парад пакупніку — набываць тавар толькі ў цэлай заводскай упакоўцы. А калі вы толькі на касе заўважылі, што ўпакоўка пашкоджаная, тавар можна вярнуць.

    — Спажывец павінен плаціць за пашкоджаны, разбіты тавар?

    — Калі прадукцыя пашкоджана па віне спажыўца, ён абавязаны кампенсаваць прынесеныя магазіну страты. Напрыклад, мы разбіралі адну з такіх сітуацый. На відэазапісу было відаць, як жанчына ішла па краме і размахвала кошыкам. Іншая справа, калі магазіны выстаўляюць шмат тавараў, асабліва перад вялікімі святамі, і звужаюць праходы. Тады пакупніку сапраўды нязручна. Як правіла, у такіх сітуацыях спажыўцы не плацяць за выпадкова разбіты тавар.

    — А ці трэба абараняць прадаўца?

    — Прадаўцы скардзяцца на спажыўцоў, а тыя, у сваю чаргу, на работнікаў магазіна. А колькі сёння крадуць! Напрыклад, быў выпадак, калі пакупніца заціснула паміж ног замарожаную курыцу, але калі стаяла на касе, мяса стала адтаваць і выслізнула. Ці ахоўнікі заўважылі пры дапамозе відэаназірання, як адзін з наведвальнікаў закідвае ў рукаў 4 бляшанкі ікры (ён падвязаў руку бінтам, і пад курткай не разбярэш, што там няма сапраўднага гіпсу).

    Пакупнікам трэба адэкватна рэагаваць на тое, калі іх раптам просяць паказаць свае сумкі. Толькі майце на ўвазе, што вас не маюць права абшукваць ахоўнікі, а толькі міліцыя. Але ці варта чакаць, пакуль прыбудзе нарад міліцыі — вы страціце шмат часу і нерваў.

    Куды прасцей адразу разабрацца з сітуацыяй. Быў і такі выпадак: жанчына некалькі разоў хадзіла ў краму, і кожны раз яе спынялі — спрацоўвала «рамка» каля касы. Пасля чацвёртага разу яна, абураная, патэлефанавала нам. Высветлілася, што ўнутры яе сумачка прашытая металізаванай ніткай з такога ж матэрыялу, як і на магазінных налепках, якія размагнічваюць пры аплаце тавару.

    — Што можна зрабіць, каб скаргаў на прадаўцоў стала меней?

    — Павысіць прафесійны ўзровень прадаўца. У законе аб абароне правоў спажыўцоў напісана, што прадавец не толькі абавязаны прадаць тавар, але і параіць, які кавалак мяса лепшы для адбіўных, шашлыку, катлет, засолкі, як ужываць прадукт.  Але ці ў кожным магазіне мы сёння можам разлічваць на такую ўвагу? Часта і пакрыўджаны пакупнік (асабліва, калі гэта чалавек састарэлы і, хутчэй за ўсё, адзінокі) часам незадаволены не канкрэтным магазінам, колькі ўсім наогул. І яму дастаткова будзе толькі добрага слова.

    Автор: Алена ДзядзюляЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)