28 Апреля, 2024 Воскресенье

Узаемная зацікаўленасць

  • 25 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Сустрэча польскага дыпламата і намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта Міхаіла Сяркова стала часткай  плённага дыялогу, які, па меркаванні Міхала Хабраса (на здымку – у цэнтры), актывізаваўся зараз паміж Беларуссю і Польшчай. Бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва і разгледзелі новыя сферы для сумеснай дзейнасці. 

    Як адзначыў Міхаіл Сяркоў, Польшча была і застаецца адным з самых значных гандлёва-эканамічных партнёраў Брэстчыны. Па аб’ёме прамых замежных інвестыцый у эканоміку вобласці яна займае другое месца пасля Расіі. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці функцыянуе 127 сумесных прадпрыемстваў. Летась знешнегандлёвы таваразварот  паміж суседняй дзяржавай і нашым рэгіёнам склаў звыш 260 мільёнаў долараў. Асноўнымі таварнымі групамі экспарту  з’яўляюцца паліўная драўніна, мэбля, неапрацаваны свінец, а імпартуюцца з Польшчы садавіна і гародніна, электрычныя акумулятары, сельскагаспадарчае абсталяванне. Актыўнае супрацоўніцтва наладжана паміж рэгіёнамі Польшчы і Брэстчынай: паспяхова рэалізуюцца  буйныя праграмы тэхнічнай падтрымкі, усталяваны пабрацімскія адносіны паміж 6 гарадамі  вобласці і 9 польскімі. Таксама развіваюцца  сувязі з Рэспублікай Польшча на міжрэгіянальным узроўні ў сферы культуры, адукацыі, турызму. 

    – Ва ўмацаванні супрацоўніцтва ўзаемна зацікаўлены прадстаўнікі і польскага, і нашага бізнесу. У прыватнасці, перспектыўнай бачыцца сумесная дзейнасць у перапрацоўчай прамысловасці, развіцці прыдарожнага сэрвісу, транспартна-лагістычных цэнтраў, – адзначыў віцэ-губернатар. Сярод прапаноў, якія прагучалі на сустрэчы, Міхаіл Сяркоў звярнуў увагу на вялікі патэнцыял сумеснага супрацоўніцтва ў перапрацоўцы гародніны, а таксама выказаў спадзяванне на падтрымку з боку польскіх калег у выхадзе на еўрапейскі рынак брэсцкіх будаўнікоў. 

    У сваю чаргу Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі закрануў актуальныя для краін-суседак пытанні трансгранічнага і прыгранічнага супрацоўніцтва. “Інфраструктура на мяжы паміж нашымі краінамі пастаянна развіваецца. Прыклад таму – пункт пропуску “Полаўцы – Пясчатка”, які нядаўна быў мадэрнізаваны,” – сказаў  Міхал Хабрас, адзначыўшы неабходнасць працягваць падобны вопыт і максімальна задзейнічаць прапускны патэнцыял іншых пагранпераходаў. 

    Новы імпульс дзелавым адносінам паміж рэгіёнамі Беларусі і Польшчы, на думку Міхаіла Сяркова, надасць удзел у форуме дзелавых кантактаў “Брэст-2016” 21-22 красавіка, на які намеснік старшыні аблвыканкама запрасіў польскіх партнёраў. 

    Автор: Алёна САЦУТАНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)