24 Мая, 2026 Воскресенье

"Хутар Тамары", або як да случчан прыходзіць экалогія

  • 26 февраля 2016 Общество Беларуская 0

    Пэўна, вы ўжо здагадаліся, што размова пойдзе пра Слуцкі эколага-біялагічны цэнтр навучэнцаў, гаспадыня якога… – Тамара. З 1995 года працуе ў гэтым цэнтры Тамара Анатольеўна Каляда, 2 гады яна ўзначальвае ўстанову. Энергічная, мэтанакіраваная, упэўненая, эмацыйная, вельмі любіць сваю работу.

     – Вёску Белы Бор Слуцкага раёна, дзе я нарадзілася і правяла дзяцінства, акружаюць мясціны незвычайнай прыгажосці. І гэта ў немалой ступені паспрыяла майму прафесійнаму выбару: скончыўшы школу з залатым медалём, паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут на аддзяленне біялогіі і хіміі, – расказвае яна. – Са студэнцкімі сябрамі дагэтуль падтрымліваю зносіны. Пасля інстытута пачынала працаваць у Гольчыцкай сярэдняй школе, а ў 1995 годзе прыйшла на станцыю юных натуралістаў.

    Так і засталася на «хутары Тамары». І хоць цэлых 12 гадоў працавала на замене дэкрэтных водпускаў, мяняць дзейнасць не хацела. Яе вельмі прываблівала большая, чым на ўроках, свабода ў адносінах з дзецьмі, магчымасць пастаянна быць у творчым працэсе. Дзякуючы захапленню псіхалогіяй, да кожнага свайго навучэнца старалася падабраць «ключык». Біялогію Тамара Анатольеўна лічыць цікавейшай навукай і многае ў чалавечых адносінах можа патлумачыць з пункту гледжання біёлага. Калі б людзі разумелі і прымалі, што ёсць у кожнага з нас пэўныя асаблівасці, дадзеныя і закладзеныя прыродай, то і знаходзіць кампрамісы было б прасцей, гаворыць яна.Гэта дапамагае і ў рабоце кіраўніка – падтрымліваць камфортную атмасферу ў калектыве. І таксама ў сямейных адносінах. Тамара Анатольеўна ўпэўнена, што сям’я – гэта вялікая праца абаіх.

    Тамара Анатольеўна – чалавек прынцыповы, арганізаваны, захоплены сваёй справай. Яна можа бясконца расказваць пра птушак, жывёл, расліны, увесь час прыдумвае праекты і абавязкова падтрымлівае цікавыя ідэі. Аднойчы на  тэрыторыі цэнтра пасялілі незвычайную кампанію – самых розных відаў пудзілы: Тамару Анатольеўну зацікавіла тады пытанне экалагічнага ланцуга ад вырабаў лёгкай прамысловасці да такіх вось «скульптур». Адна з адметнасцей цэнтра – выязны жывы куток: педагогі ЭБЦН падарожнічаюць са сваімі гадаванцамі па школах і дзіцячых садах. Падчас такіх мерапрыемстваў дзеці не толькі атрымліваюць пэўныя веды, яны маюць магчымасць убачыць і памацаць шыншылу, дэкаратыўных трусоў, розных відаў хамякоў, папугаяў, чарапах і іншых жывёлак. Тактыльныя кантакты асабліва важныя для дзяцей, гэта Тамара Анатольеўна ведае як біёлаг. А ўжо колькі эмоцый у дзетак падчас такіх сустрэч з прыродай! Гэта заўсёды натхняе.

    Калектыў эколага-біялагічнага цэнтра навучэнцаў супрацоўнічае з установамі адукацыі, з грамадскімі арганізацыямі і ўстановамі экалагічнай накіраванасці, праводзіць многа конкурсаў, акцый, удзельнічае ў выстаўках, педагогі праводзяць майстар-класы для дзяцей і педагогаў.

    Цяпер у цэнтры асвойваюць новы напрамак у экалагічнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці –  айрыс фолдынг, або вясёлкавае складванне з паперы.

    Навучэнцы займаюцца даследчыцкай дзейнасцю, прапагандуюць здаровы лад жыцця. Сама Тамара Анатольеўна абсалютна не прымае курэнне, яе абураюць мамы з каляскамі, якія дымяць, або таты, якія смаляць, несучы на плячах дзіця. Таму барацьбу з гэтай заганнай звычкай   лічыць адной са сваіх задач. Для навучэнцаў цэнтра і іх бацькоў арганізоўваюць экскурсіі, паходы. Дзяцей  прывучаюць да працы на зямлі: на вытворчым участку тут вырошчваюць агародніну. Дарэчы, і гарадскія школьнікі праходзяць тут экалагічную практыку. А ўраджай  адпраўляюць ва ўстановы адукацыі.

    Тамара Анатольеўна лічыць своеасаблівым дэвізам для сябе і сваёй установы словы І.С. Тургенева: «Прырода – не храм, а майстэрня, і чалавек у ёй  работнік». Яна ўпэўнена, што ўменне непасрэдна ўспрымаць прыроду, адчуванне еднасці з ёй трэба абавязкова выхоўваць з дзяцінства. Дзейнасць ЭБЦН спрыяе гэтаму. Дырэктар цэнтра расказвае, як па просьбе случчанкі цяпер спрабуюць арганізаваць перанос буслянкі са старога дрэва на слуп, успамінае гісторыю пра птушаня сокала-пустальгі – птушкі з Чырвонай кнігі, якое ў цэнтры выхадзілі і выпусцілі ў прыроду:

    – Наша пустальга ўзляцела толькі з трэцяга разу, а калі гэта ўсё ж адбылося, мы ледзь не плакалі – ад пачуцця радасці – мы яе выратавалі! – і крыху шкадавання. 

    У цэнтр прыносяць многа жывёл, у тым ліку, якія патрабуюць лячэння. Бывае, звоняць, каб даведацца, як даглядаць пітомцаў. Старажыл  цэнтра  – сенегальскі папугай Кірыл, які жыве тут ужо 43 гады. Тут дапамагаюць усім.

    Заняткі ў эколага-біялагічным цэнтры навучэнцаў даюць дзецям не толькі цікавыя дадатковыя веды. Перш за ўсё тут вучаць добрым адносінам да прыроды, уменню ўбачыць прыгажосць роднай зямлі, зберагаць і ахоўваць яе багацці.

    Сярод апошніх узнагарод цэнтраўцаў – дыплом ІІ ступені рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу «Лёд. Кветкі. Фантазія», дыплом за актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе «Кветкі Перамогі», дыплом ІІ ступені на рэспубліканскай выстаўцы-конкурсе «Восеньскі марафон» у намінацыі «Кветкі  на асфальце». А ў пачатку гэтага года Слуцкае раённае аддзяленне ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны», старшыня якога – Тамара Анатольеўна Каляда, стала пераможцам у штогадовым спаборніцтве.

    Автор: Ірына ВЕЧАРСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)