28 Марта, 2024 Четверг

Чалавеку патрэбна не слава, а людская ўвага і ласка

  • 03 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Беларуская глыбінка… Простая, звычайная, але такая мілая і дарагая сэрцу кожнага, хто там нарадзіўся і вырас… На жаль, многія вёсачкі паціху знікаюць з карты. Нічога не зробіш: іх жыхары таксама развітваюцца з гэтым светам, пакідаючы пра сябе светлыя ўспаміны. На тэрыторыі Капыльскага раёна ёсць нямала населеных пунктаў, дзе зімой жыццё нібы заціхае. Гэты дом ужо пусты. Сюды ж гаспадыня прыязджае толькі на лета. А вось гэты атрымаў новае жыццё: яго аблюбавалі гарадскія жыхары і з самага пачатку дачна-агароднага сезона кожныя выхадныя спяшаюцца сюды, каб адпачыць ад гарадскога тлуму, надыхацца свежым паветрам.

    1. Так і ў Роспах

    — У нас на зіму застаецца вельмі мала жыхароў, — расказвае Ніна Іванаўна Францкевіч. — Сустракаемся хіба што каля аўталаўкі, якая прыязджае ў вёску тры разы на тыдзень. А як шматлюдна было раней! У вёсцы працаваў клуб, кожную раніцу беглі па сцяжынках на школьны двор вучні-пачаткоўцы. Вёска жыла поўным жыццём. Праўда, і цяпер мы не адчуваем сябе пакінутымі. Пра аўтамагазін я ўжо сказала, многія карыстаюцца дапамогай сацыяльнага работніка, часта наведваюцца прадстаўнікі мясцовай улады, загадчыца ФАПа.

    Ніна Іванаўна сама амаль 40 гадоў адпрацавала на Харытонаўскім ФАПе, таму добра ведае спецыфіку гэтай нялёгкай справы. Транспарту ў сельскага «доктара” бадай не было ніколі. 

    — А мне трэба было і на медагляды па вёсках выехаць, і прышчэпкі дзеткам зрабіць, і на тэрміновыя выклікі не спазніцца, — узгадвае Ніна Іванаўна. — Летам — на веласіпедзе, на павозцы, а то і пехатой. Зімой — каня ў сані запрагалі. У мяне на ўчастку было каля дзвюх тысяч чалавек. За дзень натомішся так, што толькі думаеш: хачу адпачыць. А дома муж, дзеці чакаюць…

    Цяпер Ніна Іванаўна жыве адна. Родам яна з вёскі Перавоз, што паблізу Ванелевіч. Пасля заканчэння школы пайшла вучыцца ў Баранавіцкае медвучылішча. Размеркаванне атрымала на Капыльшчыну — у Харытонаўскі ФАП, які і застаўся адзіным запісам у яе працоўнай кніжцы. Маладая прыгожая фельчарка (партрэт за шклом серванта таму пацвярджэнне), вядома ж, выклікала вялікую цікавасць у мясцовых хлопцаў. Але яна спыніла свой выбар на Яраславе Францкевічу з Роспаў. У сям’і нарадзіліся тры дачкі. Жылі разам з бацькамі мужа. Паціху разбудоўвалі дом. Яраслаў Іванавіч быў майстрам на ўсе рукі. Працаваў майстрам-энергетыкам у Капыльскім РЭС. Але “сябраваў” не толькі з электрычнасцю: любая справа яму ўдавалася. На жаль, гора не абышло іх шчаслівую сям’ю: памерлі бацькі мужа, ва ўзросце 29 гадоў не стала дачушкі Марыны, 12 гадоў таму пайшоў з жыцця і Яраслаў Іванавіч.

    — Я не хачу нікуды ехаць са свайго дома. Тут хоць памалу — але добра, — працягвае Ніна Іванаўна. — Дочкі мае жывуць недалёка: у Дзяржынску і Уздзе. Часта запрашаюць мяне да сябе. Але мне дома лепш. Тут ціха, тэлевізар пагляджу, паляжу, да аўталаўкі выйду і з суседкамі сустрэнуся. Летам — і на лаўцы пасядзім: нам ёсць пра што пагаманіць. Куры ў мяне, агародзік саджу: не таму, што нейкі вялікі ўраджай сабраць хачу, а проста, каб у зямлі пакорпацца. Праўда са здароўем праблемы ёсць. “Даўленне” высока скача — я ўжо і не памятаю, калі яно было ніжэй за 160. Часта наш цяперашні фельчар заязджае, параіць што, лекі прывязе. Так і жыву.

    Людміла Коршук — сённяшні загадчык Харытонаўскага ФАПа, разам з якой мы наведаліся да Ніны Іванаўны, хуценька апранула белы халат, дастала танометр і памерала ў гаспадыні ціск.

    — Нешта сёння ў Вас ён вельмі высокі, — звяртаецца медработнік да жанчыны. — А што Вы прымаеце?

    Абмеркаваўшы варыянты прыёму лекаў, фельчар развітваецца. У яе яшчэ сёння ёсць пацыенты. Выходжу з хаты следам і я. Ніна Іванаўна спяшаецца правесці. Па ўсім відаць, што ёй не хочацца, каб размова так хутка канчалася. Але нам трэба ехаць.

    2. Так і ў Чарнічным

     У гэтым населеным пункце, куды мы завіталі разам з Людмілай Коршук і старшынёй Сл.-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусевай, вяскоўцы чакалі аўталаўку. Ля месца яе прыпынку, на лаўцы, збіраліся жанчыны, паводдаль нешта абмяркоўвалі мужчыны. Убачыўшы, што з аўтамабіля выйшла старшыня сельвыканкама, самыя гаваркія рушылі да яе. Мясцовых жыхароў цікавіла, калі будзе зроблены рамонт дарогі. Пагутарыўшы з імі, Нэлі Эдуардаўна запрасіла разам завітаць у дамы да некаторых вяскоўцаў, якія пражываюць адны.

    —  Мы павінны таксама кантраляваць стан аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у дамах, дзе жывуць састарэлыя людзі, — патлумачыла старшыня сельвыканкама. — Глядзім, ці супрацьпажарнае абсталяванне знаходзіцца ў спраўным стане, нагадваем вяскоўцам пра асноўныя правілы бяспекі, якія яны павінны выконваць.

    Стукаемся ў дзверы. Нас сустракае Клаўдзія Канстанцінаўна Раеўская. Убачыўшы фотакамеру, жанчына крыху збянтэжылася:

    — Вы і фатаграфаваць будзеце? А ў мяне хустка непрыгожая. Трэба замяніць. Ды і навошта мяне, старую, здымаць? Вы лепш паглядзіце, які ў мяне Раман!

    На крэсле ляжыць і ўважліва сочыць за наведвальнікамі вялікі кот.

    — Рома — гэта мой сябра. Гляньце, які прыгожы! — усміхаецца Клаўдзія Канстанцінаўна. — Ён і мышэй ловіць. Праўда, есці іх не хоча: прыносіць мне на паказ і кладзе ля парога. А так я яго “Кітакам” (“KiteKat”. – Аўт.) кармлю. А яшчэ ў мяне Граф ёсць — сабака на двары жыве. Вось і жывём разам. Мой муж памёр дзевяць гадоў таму. Няма ўжо ў жывых і дачкі —  зусім маладая пайшла з жыцця. Двух дзетак пакінула.

    Клаўдзія Канстанцінаўна расказвала пра сваё жыццё. Родам яна з Чарнічнага, рана засталася сіратою. Бацька загінуў на фронце, калі дзяўчынцы было толькі чатыры гады. У вайну згарэла іх хата, і маці давялося самой яе адбудоўваць. Калі Клаўдзія падрасла — пайшла працаваць даяркай на ферму.

    Выйшла замуж — узяла, як яна сама сказала, прымака. Цяпер вось спадзяецца на дапамогу сацыяльнага работніка — Святлана Міхайлоўская і дроў наносіць, і па лекі з’ездзіць, і з іншымі справамі дапаможа. І дачка з унукамі часта прыязджае — яны жывуць у Мінску.

    Нэлі Гусева ўважліва разглядае апавяшчальнік, прымацаваны на столі.

    — Тут усё ў парадку, — усміхаецца Клаўдзія Канстанцінаўна. — Чырвоненькі агеньчык міргае — значыць прыбор спраўны. Я ведаю! Нам іх гады 3-4 назад паставілі і растлумачылі, як карыстацца. Хадзем на вуліцу...

    3. «Уладзіміравіч любы тавар прывязе…»

    На вуліцы народу пабольшала.

    — хутка Уладзіміравіч прыедзе. Ён нам любыя тавары прывозіць, — кажуць вяскоўцы.

    Праз нейкі час пад’ехаў аўтамагазін. З кабіны выйшаў вадзіцель і адкрыў вітрыну. Вяскоўцы падышлі бліжэй і пачаўся гандаль. Хлеб і булкі, каўбасы і вяндліну, цукеркі і малако — шмат чаго ў гэты дзень набывалі жыхары Чарнічнага. Некаторыя падыходзілі па два-тры разы.

    — Мы ж старыя — адразу і не ўспомнім, што хацелі, — расказвае Галіна Фёдараўна Барташэвіч. — А Толя нас слухае. Ніколі не злуецца. Калі трэба — і сумку дадому паднясе. Вунь, я — на два кійкі апіраюся. Дзе мне яшчэ сумку данесці?!

    Пазней, калі гандаль закончыўся, знаёміліся з вадзіцелем-прадаўцом. Анатоль Хартановіч працуе на аўтамагазіне добрых паўтара дзясятка гадоў.

    — Сёння мне трэба аб’ехаць восем населеных пунктаў, — расказвае Анатоль Уладзіміравіч. — І прыпынкаў можа быць некалькі. Прывожу розныя прадукты, ёсць тавары і прамысловай групы. Трэба — дастаўлю цвікі, шыфер, бытавую тэхніку. Словам, любы тавар па заяўках вяскоўцаў.

    Пасляслоўе

    Вось так і жывуць старыя вёскі з маленькімі хатамі і велічнымі дрэвамі. Праз цішыню можна пачуць, як яны перашэптваюцца. Кожная вулачка быццам захоўвае шматгадовую гісторыю, памяць пра людзей, якія тут нарадзіліся, жылі, працавалі, кахалі і гадавалі дзяцей. А потым выпускалі іх, нібы буслянят з гнязда, на шырокую дарогу. І чакалі іх з выраю…

    Калі рыхтавала матэрыял, знайшла шчырыя, пранікнёныя незвычайнай цеплынёй радкі народнага паэта Беларусі Максіма Танка: “У кожнага з нас глыбока цепліцца ў сэрцы дзіўная і жыццядайная любоў да свайго краю, да сваіх родных мясцін. Як вядома, яна ўласціва не толькі чалавеку, але і ўсяму жывому да самай непрыкметнай былінкі, што цвіце пад сонцам, калышацца пад ветрам і дажджом”.

    Фота аўтара

    Автор: Маргарыта САКОВІЧСлава працы

Комментарии (0)