26 Апреля, 2024 Пятница

Тэлебачанне і радыё імкнуцца быць сябрамі ў кожным доме

  • 07 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Цікавая гутарка адбылася падчас абедзеннага перапынку ў заводскай канферэнц-зале. Генадзь Браніслававіч захапляюча расказаў аб рабоце «Белтэлерадыёкампаніі», якая сёння ўяўляе сабой вялікі інфармацыйны холдынг, дзе працуе 1800 чалавек.

    – Яшчэ два гады таму беларусы трансліравалі свае праграмы на двух каналах – БТ і «Лад». Сёння ж наша тэлебачанне нагадвае сучасны гіпермаркет, у якім інфармацыйны прадукт зручна раскладзены па адпаведных паліцах, – вобразна параўнаў Г.Б. Давыдзька. – Мы робім усё, каб нашы тэлегледачы не былі абдзеленымі, даносім інфармацыю аб’ектыўна і аператыўна. Кожны з каналаў мае «свой твар». Самы малады – Беларусь 2 – зарыентаваны на інтарэсы моладзі, Беларусь 3 – культуралагічны. Дынамічна развіваецца спартыўны канал Беларусь 5, для яго закупляюцца самыя рэйтынгавыя трансляцыі. Адразу з трох касмічных спадарожнікаў вяшчае на ўвесь свет Беларусь 24.

    Пры гэтым канцэпцыя «Белтэлерадыёкампаніі» накіравана на кансалідацыю грамадства, узаемапавагу, супрацоўніцтва і збліжэнне народаў. Цяжка перабольшыць у гэтым плане ўнёсак беларускага радыё, якое трансліруе свае перадачы на васьмі мовах свету.

     Не абышоў у гэтай гутарцы Г.Б. Давыдзька і тэму сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны, міжнароднага становішча.

    – Сёння некаторыя СМІ нагнятаюць абстаноўку, малюючы чорнымі фарбамі бліжэйшую будучыню. Але ці варта заглытваць падобны кручок? Так, зараз больш складаныя эканамічныя ўмовы, але гэта не значыць, што як на месцах, так і на ўзроўні рэспублікі кіраўніцтва не мае дакладнай дарожнай карты далейшага руху наперад, – заўважыў прамоўца.

    Нібы ў пацверджанне, у вячэрнім эфіры праграмы «Панарама» на галоўным тэлеканале краіны быў паказаны сюжэт, зняты на нашым масласырзаводзе, дзе дырэктар прадпрыемства В.М. Строгі расказаў аб дыверсіфікацыі рынкаў збыту шчучынскіх сыроў, аб маштабнай мадэрнізаванай вытворчасці.

    Што тычыцца прысутных на сустрэчы, то яны мелі магчымасць задаць Генадзю Браніслававічу Давыдзьку хвалюючыя пытанні. Дарэчы, ён сам з’яўляецца вядучым уласнай аўтарскай праграмы «Клуб рэдактараў», чалавекам творчым і неардынарным. Без сумнення, такія стасункі ў працоўных калектывах – узаемакарысныя: як для аўдыторыі, так і для «Белтэлерадыёкампаніі» і яе кіраўніка.

    Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

    Фота аўтара. 
    Автор: Татьяна СтупакевичДзянніца

Комментарии (0)