20 Апреля, 2024 Суббота

Тры бітвы на Нарачы

  • 11 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Нарачанская аперацыя — наступленне расійскіх войскаў на Заходнім і Паўночным франтах, якое доўжылася з 18 па 28 сакавіка 1916 г. у ваколіцах Дзвінска і возера Нарач падчас Першай сусветнай вайны. 

     …Французы не стрымлівалі варожых атак. Патрабавалася тэрміновая дапамога саюзнікаў, якія б адцягнулі на сябе частку германскіх сіл. І тады пачалося наступленне на ўсходнім фронце. Цаной велізарных страт тут, на берагах Нарачы, быў выратаваны Парыж… 

    18 САКАВІКА ў канферэнц-зале гасцінічнага комплексу «Нарач» адбудзецца міжнародная навукова-гістарычная канферэнцыя па тэме “Нарачанская аперацыя 1916-га  года: гісторыя і сучаснасць”. Такое мерапрыемства на Мядзельшчыне пройдзе ўпершыню.

    Падчас падрыхтоўкі да яго на галоўнай старонцы сайта Нацпарку “Нарачанскі” супрацоўнікі навуковага аддзела стварылі адмысловую рубрыку “Канферэнцыя”. Зараз яна ўяўляе сабой найбольш дасканалую базу даных па тэмах “Нарачанская аперацыя 1916 года” і “Гісторыя Паазер’я (Вілейскі, Пастаўскі і Мядзельскі раёны) у гады Першай сусветнай вайны”. Адзін з натхняльнікаў праекта — мясцовы краязнаўца Вадзім ПРАЎРАЦКІ. З ім — мая наступная гутарка.

    — Вадзім Віктаравіч, ведаю, што Вы сабралі звесткі пра страты сярод ураджэнцаў Мядзельшчыны ў час Першай сусветнай вайны… 

    — У інтэрнэце ёсць адмысловая база даных па вайсковых стратах падчас Першай сусветнай вайны, створаная расійскімі гісторыкамі. Паколькі ў кнізе “Памяць” адсутнічае спіс нашых землякоў, якія загінулі альбо зніклі без звестак у гады “Вялікай Еўрапейскай вайны”, з’явілася ідэя іх адшукаць. На адным з сайтаў давялося перагледзець 1299 электронных старонак, пакуль зрабіў выбарку па ўраджэнцах нашых тэрыторый. Шукаў пераважна па назвах населеных пунктаў, якія ёсць у нашым раёне. Вельмі дапамаглі пры гэтым вайсковыя карты царскіх часоў, бо шмат населеных пунктаў (асабліва фальваркі ды гаспадарскія двары) не ацалелі да нашых дзён. Асноўнай праблемай пры складанні спісу былі памылкі з боку расійскіх складальнікаў як у назвах нашых мясцовасцей, так і ў саміх прозвішчах вайскоўцаў. Яны яўна не ўлічвалі асаблівасцей беларускага вымаўлення, а тым больш не маглі валодаць каларытам “тутэйшай” гаворкі.

    Спісы землякоў спецыяльна змешчаны ў свабодным доступе. Аднойчы мне нават патэлефанавала супрацоўніца райваенкамата

    Людміла Крэміс, якая, уважліва іх прагледзеўшы, была вельмі ўражана колькасцю знаёмых прозвішчаў. Яе рэакцыю добра адлюстроўваюць наступныя словы: “Мне здаецца, што я ведаю гэтых людзей!”  І сапраўды, людзі з такімі прозвішчамі і цяпер жывуць у тых жа вёсках… Упэўнены, шмат хто з жыхароў Мядзельшчыны знойдзе сваіх продкаў альбо далёкіх сваякоў.

    Гэта акалічнасць яшчэ раз падкрэслівае той факт, што Першая сусветная вайна з’яўляецца неад’емнай часткай нашай гісторыі. Старое шаблоннае мысленне накшталт таго, што гэта “чужая”, “імперыялістычная” вайна, не вытрымлівае такіх простых аргументаў, як спісы нашых землякоў, шматлікія вайсковыя могілкі, абарончыя збудаванні былой лініі фронту…

    — Дзе ж цяпер шукаць звесткі стогадовай даўніны?

    — Ёсць добрая лацінская прыказка: “Oppulentissima metala asidve plenius responsura fodienti». У даслоўным перакладзе гэта значыць: “Каштоўны метал знаходзіць той, хто шукае”. Калі па-простаму: хто шукае — той знаходзіць. Кожны даследчык здабывае звесткі, дзе можа: у архівах, музеях, у энцыклапедычных выданнях.

    Напрыклад, вядомы складальнік фотаальбома “Па слядах Першай сусветнай вайны ў Беларусі: Смаргонскі раён” (2007), дырэктар рэкламнага агенцтва “Гальфстрым” Уладзімір Багданаў набывае на аўкцыёнах нямецкія гісторыі палкоў, якія ваявалі ў нашых мясцінах. Зразумела, што пасля вайны амаль кожны полк былой кайзераўскай арміі імкнуўся выдаць такую палкавую гісторыю, дзе б мог пахваліцца сваімі гераічнымі ўчынкамі. Цяпер Уладзімір Багданаў падрыхтаваў да выдання зборнік, які складаецца з чатырох нямецкіх палкавых гісторый: два палкі ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на Мядзельшчыне, два — на Пастаўшчыне. Кніга багата аздоблена нямецкімі фотаздымкамі таго часу. Прэзентаваць сваю арыгінальную працу Уладзімір Багданаў плануе падчас гістарычнай канферэнцыі.

    — На сайце Нацпарку ў рубрыцы “Канферэнцыя” змешчана шмат вашых матэрыялаў…

    — Так, сапраўды, давялося шмат часу аддаць на падрыхтоўку  матэрыялаў для сайта. Паколькі большая частка сучасных газетных і  інтэрнэт-публікацый розных даследчыкаў з’яўляецца звычайным плагіятам, то ў мяне было жаданне паказаць чытачам якасны прадукт. Аснову маіх публікацый складаюць малавядомыя і досыць рэдкія дакументы. Гэта дазваляе даволі аб’ектыўна адлюстраваць падзеі таго часу, а таксама пазбегнуць залішняй міфалагізацыі нашай гісторыі.

    На пачатковым этапе гэта рубрыка на сайце стваралася выключна “пад канферэнцыю” — як прыгожая візітоўка. І шмат людзей зацікавілася. На канферэнцыю зарэгістравалася дзевяноста ўдзельнікаў, а рэальная іх колькасць будзе значна большай. Іх геаграфія ахоплівае пяць краін (Англія, Беларусь, Польшча, Расія, Украіна). І гэта прыемна ўражвае, бо пакуль што ў расійскіх і замежных гісторыкаў пераважалі адносіны да Нарачы, як да нейкай перыферыі — маўляў, сяло. Часта блытаюць назвы нашых населеных пунктаў… А мы хочам паказаць, што тут насамрэч вырашаўся лёс народаў Еўропы.

    Цягам апошніх чатырох месяцаў багата матэрыялаў “накідалі” на сайт. Гэта ўжо нагадвае сапраўдны віртуальны музей: і фотаздымкі, і кнігі, і даследаванні, і артыкулы, і база звестак.

    — Можа, падзеліцеся з нашымі чытачамі малавядомымі і цікавымі фактамі пра Нарачанскую аперацыю?

    — Мала хто ведае, што былі аж тры бітвы на Нарачы, а не адно наступленне. Самая першая адбылася ў верасні 1915-га, калі корпус генерала Балуева нанёс паразу 75-ай нямецкай рэзервовай дывізіі.

    — Гэта не звязана з усталяваннем лініі фронту?

    — Гэта было перад самым усталяваннем. Тады рускія войскі тройчы разграмілі немцаў пры ліквідацыі Свянцянскага прарыву: першы раз — пад Маладзечнам, другі — пад Вілейкай, а трэці — менавіта на берагах возера Нарач. У гонар гэтай перамогі потым, калі на базе 5-га армейскага корпуса ствараліся новыя палкі, аднаму з іх — 603-му — было прысвоена імя Нарацкі. Так, гэта была перамога, прычым бітва цягнулася бесперапынна 48 гадзін! Тады многія салдаты былі ўзнагароджаны георгіеўскімі крыжамі.

    Другая бітва — самая вядомая. Рускія наступалі, іх шлях ляжаў на Вільню. Якраз напярэдадні расійскія войскі атрымалі буйную перамогу на тэрыторыі Турцыі пад Трапезундам дзякуючы намаганням былога галоўнакамандуючага, вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Цар жа Мікалай ІІ пазайздросціў перамозе роднага дзядзькі, а таму ў сваю чаргу арганізаваў так званы “Вялікі наступ” на Заходнім фронце. І пад Рыгай наступалі, і каля Дзвінска, але асноўны ўдар быў у раёне Пастаў і Нарачы. Як вядома, аперацыя правалілася. Хаця 5-ы корпус прарваўся амаль што да самай вёскі Блізнікі… Калі аўстра-венгры на Паўднёвым фронце абараняліся слаба, то немцы на поўначы — вельмі моцна. Так што для рускіх гэта быў вялікі поспех. Балуеў быў блізкі да перамогі, але прайшоў міма яе.

    Была і трэцяя бітва на Нарачы, якая амаль зусім не ўзгадваецца ў гістарычнай літаратуры. У красавіку 1916-га года яе пачалі немцы — і выйгралі. Вызначыліся пры гэтым іх артылерыя і авіяцыя… Спачатку яны паскідалі бомбы на вузлавыя чыгуначныя станцыі ў Вілейцы, Маладзечне і Будславе. Гэта было зроблена спецыяльна, каб рускія войскі не маглі своечасова перакінуць падмацаванне да лініі фронту. А потым за справу ўзялася артылерыя. Быў такі нямецкі генерал — Брухмюлер. Вядомы нямецкі военачальнік Гофман яго нават назваў вайсковым геніем артылерыі. Бо германскія салдаты заўважылі: там, дзе артылерыя працавала пад кіраўніцтвам Брухмюлера, можна было спакойна займаць пазіцыю без стратаў з боку пяхоты. Так было і ў красавіку 1916-га. Брухмюлер сваімі гарматамі “перамалаціў” усё навокал. Страты 5-га корпуса дасягалі пяцідзесяці працэнтаў! І ўсё, што рускія адваявалі ў сакавіку, немцы захапілі зноў.

    — Цікава, як усё ж гісторыкі і краязнаўцы знаходзяць новыя звесткі пра падзеі стогадовай даўніны? А тым больш — фотаздымкі, іншыя экспанаты?

    — Ёсць гістарычная супольнасць, дзе мы падтрымліваем адзін аднаго, абменьваемся інфармацыяй. У мяне ў гэтым плане вельмі плённае супрацоўніцтва склалася з навуковым супрацоўнікам Вілейскага краязнаўчага музея Андрэем Каркоткам.

    Прыемна, што на маю просьбу прыняць удзел у канферэнцыі таксама адгукнуліся супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы. Яны прывязуць васямнаццаць рэпрадукцый фотаздымкаў (80 х 60 см) з вайсковага фотаальбома Вікенція Станкевіча, які ўзначальваў 16-ы вайскова-дарожны аддзел 2-ой арміі. Ён быў сваяком Янкі Купалы, і наш славуты пясняр займаў пасаду пісарчука ў гэтым аддзеле. А каштоўнасць рэпрадукцый заключаецца яшчэ і ў тым, што гэты вайскова-дарожны аддзел кантраляваў будаўніцтва дарог менавіта на тэрыторыі тагачаснага Вілейскага павета Віленскай губерніі…

    Наталля ЛІСІЦКАЯ.

    (на здымку: вёска Старыя Габы, дзе месціўся 4-ы Сібірскі корпус, у 1915-ым годзе).

    Автор: Наталля ЛІСІЦКАЯНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)