23 Апреля, 2024 Вторник

Дыягназ – адзінота

  • 15 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Больш за ўсё ім не хапае не лекаў і медыцынскіх працэдур, а клопату і любові блізкіх. Гісторыі пацыентаў аддзялення сястрынскага догляду Радашковіцкай бальніцы,  у якіх адзін на ўсіх дыягназ — адзінота.

    Кажуць: хваробы бойся, астрогу сцеражыся, а торбы не цурайся. Да гэтага можна дадаць: і адзіноты, бездапаможнасці. Мы зразумелі гэта, калі бліжэй пазнаёміліся з некаторымі з 17 жанчын і мужчын, якія знаходзяцца пад апекай радашковіцкіх медыкаў.

    Валянціна Сямёнаўна сама раней працавала ў адной з гарадскіх бальніц фельчарам, у яе больш за 30 гадоў стажу. Муж даўно памёр, каля года таму трагічна загінуў старэйшы сын, у малодшага, як гаворыць маці, няма магчымасці пастаянна яе даглядаць. А праблем у яе са здароўем столькі, што адной іх не пераадолець. Вось жанчына і знайшла паратунак сярод сваіх калег, якія не толькі дапамагаюць ёй справіцца з хваробамі, але і падтрымліваюць маральна. Як і суседкі па палаце, якія сталі для Валянціны Сямёнаўны амаль што сям’ёй.

    На крэсле ля ложка Тамары Вячаславаўны стос кніг. Яна шмат чытае, знаходзіць суцяшэнне ў літаратуры, асабліва духоўнай. Дарэчы, у бальніцы ёсць свая бібліятэка, а кнігі можна абмяняць на медыцынскім пасту. Пяць гадоў знаходзіцца ў бальніцы Тамара Вячаславаўна, якая прыехала сюды ў цяжкім стане, не магла хадзіць. Яна працавала поварам на гарадскіх прадпрыемствах. У свой час жанчына перажыла вялікі стрэс: на яе напалі бандыты, ударылі па галаве, абрабавалі. Перапалохалася так, што адняліся ногі. Муж памёр, сын таксама. «Я вельмі ўдзячная работнікам бальніцы, якія паставілі мяне на ногі!» — гаворыць жанчына. Яна нават вершы стала складаць.

    Для Маргарыты Казіміраўны, якая перасялілася ў бальніцу з Маркава, самае галоўнае, што тут цёпла. Здароўе не дазваляла ёй паліць у печы ў сваім доме, а тым больш нарыхтоўваць дровы.

    Уладзіміра Уладзіміравіча, інваліда другой групы, у бальніцы паставілі на ногі. Па яго словах, жыццё добра пакруціла яго, давялося служыць у Чачні…              

    У кожнага пацыента аддзялення свая трагедыя, свой душэўны і цялесны боль. Жанчын тут больш. Па словах медыкаў, знайсці з імі агульную мову лягчэй. А вось некаторыя мужчыны трапляюць у бальніцу ў вельмі запушчаным стане, да чаго іх даводзіць п’янства, дармаедства.  Медработнікі расказваюць, што некалькі гадоў таму знайшлі тут часовы прытулак два прафесары: фізік-ядзершчык і лінгвіст, які выкладаў англійскую мову. З-за цягі да спіртнога яны страцілі здароўе, пазбавіліся работы, сем’яў… Нярэдка ў аддзяленне трапляюць людзі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, а таксама хто не мае пэўнага месца жыхарства. Здараецца, што ў некага нават пашпарта няма, тады медработнікам даводзіцца звязвацца з юрыстамі, вырашаць усе фармальнасці, аднаўляць дакументы.

    «Раней для такіх пацыентаў у нас былі прадугледжаны сацыяльныя ложкі ў тэрапіі, цяпер ужо год як створана аддзяленне сястрынскага догляду на 25 месцаў», — расказвае загадчык бальніцы Міхаіл Паўкалас. Ён адзначае, што ў апошні час попыт на гэты від паслуг знізіўся. У мінулыя гады на сацыяльных ложках было і па 30 чалавек, існавала чарга, каб на іх трапіць, абавязковай умовай была адсутнасць дзяцей. Цяпер такое патрабаванне не ставіцца. Як паказвае жыццё, вельмі часта старыя людзі застаюцца недагледжанымі, хаця ў іх ёсць дзеці, якія нават жывуць з імі ў адным горадзе ці вёсцы… Адзінокія змагаюцца за сваю незалежнасць да апошняга: наймаюць сядзелку, знаходзяць розныя варыянты матэрыяльнага заахвочвання тых, хто іх даглядае, нават апісваюць сваё жыллё. Не кожны хоча аддаваць за ўтрыманне ў бальніцы 80 працэнтаў сваёй пенсіі – менавіта на такіх умовах заключаецца дагавор. І ўсё ж, для некаторых аддзяленне сястрынскага догляду – адзінае выйсце з цяжкай жыццёвай сітуацыі. Медыцынскае заключэнне і дагавор – асноўныя дакументы, якія патрабуюцца для афармлення сюды. Тут пацыенты знаходзяцца пад пастаянным наглядам медыкаў, раз у дзесяць дзён (а пры неабходнасці і штодзённа) іх абавязкова аглядае ўрач. У бальніцы свой харчблок, добрыя повары — пацыентам не трэба думаць пра харчаванне. У іх тут ёсць усё неабходнае для жыцця.

    Але трэба бачыць, з якім болем яны расказваюць пра сваіх блізкіх, з якой надзеяй чакаюць іх. Ды толькі наведваюць тут далёка не ўсіх. «Я падлячуся і абавязкова вярнуся дамоў, у горадзе ў мяне ёсць кватэра», — з надзеяй гаварыла адна з жанчын. Як бы добра тут ні было, але бальніца ніколі не заменіць родны дом.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)