19 Апреля, 2024 Пятница

Бітва за Парыж… на Мядзельшчыне

  • 18 марта 2016 Общество Беларуская 0

    18 сакавіка 2016 года спаўняецца 100 год з пачатку Нарачанскай  наступальнай  аперацыі — адной з самых крывавых старонак Першай сусветнай вайны на беларускай зямлі.

    На тэрыторыі Нарачанскага краю можна часта сустрэць паабсыпаныя акопы, траншэі, бетонныя бліндажы, дзоты, якія месцамі захаваліся, а таксама вялікую колькасць варонак ад снарадаў на берагах азёр, пагорках і лясах. Усё гэта сляды Першай сусветнай вайны.

    Маляўнічыя мясціны Мядзельскай зямлі ў 1915-1917 гадах сталі лініяй руска-германскага фронту, а ў сакавіку 1916-га пераўтварыліся ў страшны тэатр мужнасці і воінскага гераізму. Без перабольшвання можна сказаць, што 100 год таму звестак з Нарачы з хваляваннем чакалі палітыкі буйных сусветных дзяржаў: тут вырашаліся лёсы многіх краін і народаў. Справа ў тым, што 21 лютага 1916 года нямецкія войскі нечакана пачалі моцнае наступленне каля горада Вэрдэн у Францыі. У выпадку яго захопу была б адкрыта дарога на Парыж. У крытычны момант бітвы французскі ўрад звярнуўся за дапамогай да Расіі: як мага хутчэй, раней устаноўленага тэрміну, пачаць буйнамаштабнае наступленне на руска-германскім фронце, каб адцягнуць сілы нямецкай арміі на ўсход. Зыходзячы з палітычных меркаванняў, 16 сакавіка 1916 года рускія войскі атрымалі дырэктыву аб наступленні. Галоўны ўдар было вызначана нанесці ў раёне Нарачанскіх азёр.

    На світанні 18 сакавіка артылерыйскі гром абвясціў пра пачатак бітвы… за Парыж пад Нараччу. Руская артылерыя на ўчастку прарыву абароны праціўніка сканцэнтравала самую высокую шчыльнасць артылерыйскага агню за гады Першай сусветнай вайны. На подступах да Нарачанскіх азёр на снезе, які пачаў расставаць, выстраіліся на зыходных пазіцыях 20 дывізій рускай арміі, рыхтуючыся нанесці знішчальны ўдар  нямецкім дывізіям. У 12.30 на шматкіламетровай лініі акопаў пад Нараччу, заглушаючы кананаду і гукі аркестра, які іграў “Развітанне славянкі”, раздалося магутнае “ўр-ра”, і шчыльная лавіна рускіх салдатаў пад моцным кулямётным агнём ірванула на драцяныя загароды і акопы праціўніка.

    Рускім войскам супрацьстаяла добра прадуманая і старанна падрыхтаваная абарона: тры ўмацаваныя лініі, некалькі радоў калючага дроту (месцамі пад электрычнасцю), электрыфіцыраваныя жалезабетонныя бліндажы і ацяпляемыя дзоты з навейшымі кулямётамі на галоўных вышынях — усё гэта рабіла лінію фронту цяжкапераадольваемай.

    Хоць рускія войскі пераўзыходзілі немцаў у жывой сіле амаль у 5 разоў, у 2 — у цяжкай артылерыі, але ў іх было дрэнна з матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем. Не хапала снарадаў і патронаў, былі цяжкасці з харчаваннем і абмундзіраваннем.

    Ні першы дзень наступлення, ні наступныя не прынеслі чакаемых вынікаў ні на адным з участкаў фронту. За 10 дзён цяжкіх баёў ва ўмовах веснавога бездарожжа руская армія адваявала ў раёне возера Нарач толькі 10 квадратных вёрст. Найбольш кровапралітныя баі вяліся за вышыню пад назвай “Фердынандаў нос”.  Гэтыя 10 квадратных вёрст паміж вёскамі Мокрыца, Занарач, Стахоўцы  сталі брацкай магілай для дзясяткаў тысяч воінаў з абодвух бакоў. Падчас баёў пад Нараччу  руская армія страціла звыш 100 тысяч чалавек. Гэта больш стратаў рускай і французскай армій, разам узятых, пад Барадзіно. Ахвяраў было нашмат больш яшчэ і таму, што германская армія нанесла масіраваны ўдар снарадамі з удушлівым газам на ўчастку 25-ай пяхотнай дывізіі групы генерала Балуева. Немцы страцілі 30-40 тысяч забітымі і 1200 чалавек было ўзята ў палон.

    28 сакавіка 1916 года прынята лічыць днём заканчэння Нарачанскай аперацыі, хоць баі месцамі яшчэ працягваліся да канца красавіка. Наступальная аперацыя пад Нараччу прымусіла  Германію перакінуць значныя  сілы з-пад Вэрдэна на Мядзельшчыну і тым самым аблегчыла становішча французскай арміі. Нямецкія войскі пад Вэрдэнам з 22 па 30 сакавіка спынілі свае атакі і перайшлі да абароны, што дазволіла французам падцягнуць рэзервы. Так Расія, дзякуючы Нарачанскай аперацыі, дапамагла Францыі, выканаўшы свае абавязацельствы перад саюзнікамі.

    Пра трагічныя падзеі той далёкай мінуўшчыны сёння нагадваюць брацкія магілы рускіх салдатаў і афіцэраў  у вёсках Вузла, Брусы, ва ўрочышчы Гушчар, у аграгарадку Княгінін. Але Нарачанская зямля стала апошнім прытулкам не толькі для рускіх, але і для нямецкіх воінаў, пахаванні якіх таксама ёсць у нашай мясцовасці.

    Памяць пра былыя баі не павінна загінуць. Гэта частка нашай гісторыі, якую трэба ведаць і адносіцца з павагай.

    Паводле матэрыялаў, прадастаўленых з фондаў Мядзельскага музея Народнай славы.

    На здымках: падзеі Першай сусветнай вайны на Нарачанскай зямлі.

    Автор: Марыя ЛУБНЕЎСКАЯНарачанская зара

Комментарии (0)