04 Мая, 2024 Суббота

Дык ці залічваецца ў працоўны стаж служба ў арміі, навучанне ў інстытуце, догляд інваліда?

  • 22 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Хвалю пытанняў узнялі ў сацыяльных сетках. Інфармацыя пайшла ў выглядзе інфаграфікі – фотаздымка табліцы, дзе параўноўваліся тры краіны: Расія, Беларусь, Украіна і даныя пра тое, што ўваходзіць у працоўны стаж, а што не. Атрымлівалася з таго малюнка, што ў Беларусі гады навучання ў інстытутах, тэхнікумах, служба ў арміі, догляд інваліда у стаж не залічваюцца.

    А пасля, як і чакалася, раздаўся тэлефонны званок. Мужчына, які не назваўся, абурана пытаўся:

    – Што ж гэта такое? Кажуць, што абарона Радзімы, служба ў арміі – пачэсны доўг грамадзяніна Беларусі. Я не адлыньваў ад войска, адслужыў у свой час два гады. І вось цяпер, атрымліваецца, пайду на пенсію, дык гэтыя гады не лічацца? Жонка вучылася ва ўніверсітэце – і з яе стажу пяць гадоў выкінуць. У нас і так пенсіі не такія вялікія, каб пры іх разліку выкідваць такія тэрміны. Хіба гэта справядліва? Адкуль узяліся такія правілы?

    Балючае пытанне, што і казаць. І сам я і вучыўся, і служыў два гады тады яшчэ ў Савецкай арміі. Хіба гэтыя гады цяпер не ўвойдуць у мой агульны стаж?

    Для таго, каб даведацца, так гэта ці не так, а калі не так, то адкуль пайшла пагалоска, мы гутарым з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Нонай Калеснікавай:

    – Нона Мікалаеўна, ці мае рацыю той мужчына, які тэлефанаваў нам, ці адпавядаюць рэальнасці тыя шматлікія фотаздымкі з табліцамі ў сацыяльных сетках? Адкуль гэта хваля?

    – Хваля ад сказа, вырванага з кантэксту закона. Улюбёны спосаб асобных журналістаў, трэба заўважыць. І ад неразумення. А мужчына рацыі не мае.

    – Тады давайце паспрабуем разабрацца: што такое змянілася ў заканадаўстве, што выклікала такія эмоцыі і пытанні, і што маем на самай справе?

    – У пенсійным заканадаўстве практычна ўсё засталося без змяненняў. Адзінае: Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 534 ад 31.12.2015 года ўстаноўлены мінімальна магчымы страхавы стаж для налічэння працоўнай пенсіі ў памеры 15 з паловай гадоў са штогадовым паступовым яго павелічэннем да 20 гадоў. Толькі для шматдзетных маці, для маці, якія выхоўваюць дзіця-інваліда, страхавы стаж застаўся ранейшым – 5 гадоў.

    – У Вас прагучаў тэрмін “страхавы стаж”. Што гэта і чым ён адрозніваецца ад працоўнага стажу?

    – Страхавы стаж – гэта той час, калі грамадзянін працаваў і рабіў адлічэнні ў пенсійны фонд, ці за яго гэта рабілі працадаўцы. 

    – І значыць, гады навучання ў ВНУ, служба ў арміі не залічваюцца ў страхавы стаж?

    – Так, не залічваюцца. Але звяртаю асаблівую ўвагу: мінімальны страхавы стаж – гэта абавязковая ўмова для налічэння працоўнай пенсіі. І толькі.

    – Спынімся тут даўжэй. Як працуе гэты механізм?

    – Вельмі проста, будзем казаць пра сённяшні дзень. Калі чалавек за сваё жыццё не мае 15 з паловай гадоў страхавога стажу, то яму не можа быць налічана працоўная пенсія. Ён мае права на атрыманне сацыяльнай пенсіі: жанчына – з 60 гадоў, мужчына –  з 65, менавіта з гэтага ўзросту. Памер сацыяльнай пенсіі – палова бюджэту пражытачнага мінімуму. Сёння гэты бюджэт складае 1.596.000 рублёў. І менавіта пры вызначэнні вось гэтага мінімуму страхавога стажу не ўлічваюцца часы, калі чалавек быў заняты, але не рабіў адлічэнні ў пенсійны фонд.

    – Напрыклад?

    – Вось не такі і даўні прыклад. Жанчына працавала, і за яе працадаўца адлічваў пенсійныя ўзносы толькі 14 гадоў, потым  каля сямі гадоў яна даглядала інваліда першай групы. Больш ніякага стажу. Дык вось таго самага мінімуму страхавога стажу, тых 15 з паловай гадоў у жанчыны няма, гады догляду інваліда тут не могуць быць улічаны.

    – Тое ж можна сказаць пра “вечных студэнтаў” – ёсць і такія. Напрыклад, забяспечаны бацькамі чалавек вучыцца і вучыцца, заканчвае тры-пяць вышэйшых навучальных устаноў, агульны “навучальны стаж” сягае за 15 гадоў. Потым 15 гадоў ён шчыра адпрацаваў. І?

    – І ён сёння не атрымае працоўную пенсію, толькі сацыяльную пры дасягненні ім 65 гадоў, таму што не хапае паўгода да мінімуму страхавога стажу.

    – А калі ён (ці яна) захочуць папрацаваць да такога тэрміну, каб была працоўная пенсія?

    – Заканадаўства дазваляе гэта рабіць, але вось у чым справа, я ўжо казала: штогод мінімальны тэрмін страхавога стажу будзе павялічвацца на паўгода. Можна палічыць, ці атрымаецца “дагнаць”.

    – Вернемся да нашай жанчыны, якая даглядала інваліда, да мужчыны, які служыў,  да нашага “вечнага студэнта”. Калі б жанчына працавала з адлічэннямі ў пенсійны фонд 16 гадоў, калі б мужчына пасля заканчэння трох інстытутаў адпрацаваў 20 гадоў, калі б мужчына, які служыў, адпрацаваў 45 гадоў, як бы далей працаваў  механізм?

    – Калі б жанчына адпрацавала 16 гадоў, ёй налічвалася б працоўная пенсія. А агульны стаж для налічэння гэтай пенсіі быў бы 16 адпрацаваных гадоў плюс 7 гадоў догляду інваліда – 23 гады. Наш студэнт таксама атрымаў бы права на працоўную пенсію, і яна налічвалася б з агульнага стажу ў 35 гадоў – тых 20 адпрацаваных гадоў і 15 гадоў навучання. Мужчына атрымліваў бы пенсію з разліку 47 гадоў стажу – 45 працы і 2 гады службы ў арміі.

    – Карацей, тым, хто мае на сёння 15 з паловай гадоў часу, калі ён працаваў і плаціў узносы (ці за яго плаціў працадаўца) ў пенсійны фонд, хвалявацца не трэба: у агульны працоўны стаж, з якога і будзе разлічвацца пенсія, увойдуць і гады вучобы ў ВНУ, і служба ў арміі, і водпуск па доглядзе дзіцяці, і час догляду інваліда, і іншы час, калі вы былі заняты грамадскай карыснай дзейнасцю, але не рабілі адлічэнняў у пенсійны фонд.

    – Так. І нагадаем, у наступным годзе мінімальны страхавы стаж павялічыцца да 16 гадоў, пасля – яшчэ на паўгода і так паступова да 20 гадоў мінімальнага страхавога стажу.

    Падрыхтаваў Валерый Гапееў.

    Автор: Валерый ГапееўІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)