26 Апреля, 2024 Пятница

Зялёнае святло – зялёнай зоне

  • 22 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Зараз наяўнасцю ў сярэднестатыстычнай сям'і аднаго, а то і некалькіх аўтамабіляў ужо нікога не здзівіш. І такая сітуацыя паступова прывяла да недахопу абсталяваных парковачных месцаў як у буйных гарадах, так і ў невялікіх населеных пунктах. Вось і вымушаны аўтаўладальнікі шукаць розныя варыянты для «начлегу» сваіх транспартных сродкаў. А для гэтага нярэдка парушаюць існуючае заканадаўства, ствараюць нязручнасці іншым грамадзянам.

    Пацвярджэннем вышэйсказанаму стаў нядаўні зварот у рэдакцыю жыхаркі аднаго са шматпавярховых дамоў па вуліцы Дзяржынскага г.п.Ушачы. Жанчына паскардзілася на тое, што мясцовыя аўтаўладальнікі ставяць свае транспартныя сродкі пад самымі вокнамі дома №10, дзе некалі быў роўны газон, акуратныя кветнікі. Зараз ад «зялёнага астраўка» засталіся хіба што некалькі дрэўцаў і кустоў бэзу. Пагаршаюць карціну пастаянны шум ад заведзеных матораў аўтамабіляў і выхлапныя газы, ад якіх церпяць найперш жыхары ніжніх паверхаў.

    На жаль, агучаная праблема – не адзінкавая для Ушач. У большасці двароў райцэнтра ёсць аналагічныя несанкцыянаваныя стаянкі, паколькі спецыяльна абсталяваных месцаў не хапае. Як знайсці выйсце з падобнай сітуацыі? Каб паспрабаваць адказаць на гэтае пытанне, на мінулым тыдні разам з прадстаўнікамі зацікаўленых службаў Ушаччыны мы накіраваліся на ўзгаданую вуліцу Дзяржынскага.

    – Аўтамабілям вагой звыш 3,5 тоны ў любым выпадку ў дварах паркавацца нельга, – патлумачыў па дарозе начальнік аддзялення ДАІ Яўген Фёдаравіч Каўнурка. – Буйнагабарытны правапарушальнік заплаціць 5 базавых велічынь, а паўторна за год – 10. Легкавушкі ж забараняецца ставіць на газонах і іншых участках з зялёнымі насаджэннямі (у нашым выпадку гаворка ідзе якраз пра гэта); на праездах у дварах з боку, які прылягае да жылой забудовы; у месцах, дзе пастаўлены транспартны сродак можа перашкаджаць руху і рабоце спецтранспарту; на тратуарах, акрамя спецыяльна адведзеных месцаў, абазначаных адпаведным дарожным знакам. За парушэнне правілаў стаянкі і паркоўкі ў двары вадзіцель заплаціць штраф у памеры адной базавай велічыні, а паўторна за год – удвая больш.

    Доўга шукаць патрэбнае месца, нават калі б мы не ведалі адрасу дакладна, не спатрэбілася б. Самавольную паркоўку ля дома №10 у пасля­абедзенны час не заўважыць было проста немагчыма. На зялёнай зоне, пад вокнамі, выстраіўся цэлы рад прэстыжных легкавушак: тры – у самым цэнтры будынка, дзве – на перасячэнні з вуліцай Полацкай, яшчэ адна – пад дрэвам на процілеглым баку. Калі б не наяўнасць каналізацыйнага калодзежу і кавалка бардзюра, магчыма, машын было б яшчэ больш.

    – Па ўсім відаць, некалі тут былі парушаны правілы асфальтавання дарогі паміж дамамі, – агледзеўшы вопытным вокам карціну, зазначыў намеснік начальніка УП ЖКГ па сацыяльных пытаннях Дзмітрый Сяргеевіч Шасцярэнь. – Не ўбіраючы пласт пакрыцця, наверх паклалі новы, магчыма, і не адзін. У выніку бардзюр перастаў уяўляць сабой перашкоду для аўтаўладальнікаў – і тыя сталі пакідаць свае аўтамабілі на газоне. Паступова бардзюр разбіўся, а былая зялёная зона ператварылася ў месца для стаянкі транспарту.

    – Мы кантралюем адлегласць абсталяваных аўтамабільных стаянак ад жылых дамоў, – далучылася да размовы памочнік урача­гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ганна Уладзіміраўна Коўшаль. – Згодна санітарных нормаў і правілаў, яна павінна быць не меншай за 10 метраў ад фасада будынка. Дарэчы, размяшчэнне тутэйшай паркоўкі перад яслямі­садам №2 г.п.Ушачы адпавядае гэтаму патрабаванню. Не разумею, чаму мясцовыя аўтаўладальнікі, у тым ліку жыхары дамоў №8, 10, 12, ставяць свае аўто не на гэтай пляцоўцы.

    Пакуль удзельнікі рэйдавай групы аглядалі месца несанкцыянаванай паркоўкі, да адной з машын падышоў яе ўладальнік. На наша пытанне, чаму той пакінуў свой транспартны сродак на газоне, мужчына адказаў:

    – Гэта вельмі зручна, бо ад дома, у якім жыву, да аўто далёка ісці не трэба. Вось гэтыя, на першым паверсе, вокны – маёй кватэры. Таму шумам і выхлапнымі газамі ад заведзенай машыны перашкаджаю хіба што сваім блізкім. Пра адказнасць за стаянку ва неўстаноўленым месцы ведаю. Але ж тут здаўна ўсе паркуюцца, таму іншых варыянтаў я не стаў шукаць.

    Між тым, падумаць пра апошняе мужчыну і іншым аўтаўладальнікам усё ж давядзецца. Грамадзян, чые аўтамабілі ў дзень нашага рэйду стаялі на зялёнай зоне ля дома №10 на вуліцы Дзяржынскага, папярэдзілі аб адказнасці, якую яны могуць панесці за чарговую несанкцыянаваную паркоўку. Пытанне будзе трымацца на кантролі супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Зараз жа зацікаўленымі службамі Ушаччыны разглядаецца магчымасць устаноўкі тут бардзюра.

    Вядома, вырашыць праблему з несанкцыянаванай стаянкай транспарту на прыдваравой тэрыторыі адным махам не атрымаецца. Лепшым варыянтам у дадзенай сітуацыі магло б стаць будаўніцтва ва Ушачах гаражных кааператываў, абсталяванне дадатковых стаянак у найбольш «аўтамабілізаваных» дварах райцэнтра (з такой прапановай на сайт «Патрыёта» неаднаразова звярталіся нашы чытачы). Аднак вырашыць гэтае пытанне пакуль не ўяўляецца магчымым. Як нам патлумачылі ў ЖКГ, праблема не ў адсутнасці зямельных плошчаў пад гэтыя мэты, а ў недахопе грашовых сродкаў для правядзення адпаведных работ.

    Улічваючы гэта, выбірайце найбольш «бясшкодны» варыянт: пакідайце аўто на абсталяванай стаянцы, нават калі яна знаходзіцца далекавата ад патрэбнага месца, ці ў крайнім выпадку – збоку ад дома, дзе транспартны сродак будзе мінімальна перашкаджаць акружаючым. Выбіраючы месца, не забывайце пра іншых удзельнікаў руху, мясцовых жыхароў і, як бы пафасна гэта не прагучала, пра тую прыгажосць, якую часам бязлітасна руйнуем коламі транспартных сродкаў.

    Автор: К.КАВАЛЕЎСКАЯ.Патрыёт

Комментарии (0)