25 Апреля, 2024 Четверг

Не шкадуйце часу для дзяцей

  • 24 марта 2016 Общество Беларуская 0

    У дзясяты раз бацькі і педагогі сабраліся разам на традыцыйны штогадовы бацькоўскі сход, каб абмеркаваць пытанні выхавання дзяцей. Галоўнай тэмай размовы стала праблема небяспечных паводзін дзяцей і прафілактыка крызіснага стану падлеткаў.

    Дапамагла ўсім настроіцца на сур’ёзную размову – а ў кінаканцэртную залу “Астравец” у мінулую суботу прыйшло больш як 300 бацькоў – агітбрыгада валанцёраў Гервяцкай школы. Школьнікі расказалі дарослым, як засцерагчыся ад пажараў і не трапіць у пастку наркотыкаў.

    родительское районное1

    родительское районное поделки

    Распачала гутарку начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч. Асноўную ўвагу яна звярнула на грамадзянска-патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне, расказала пра ўдзел школьнікаў у валанцёрскім руху, іх дасягненні ў шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах, работу педагогаў з бацькамі.

    – На працягу 10 гадоў мы праводзілі раённыя бацькоўскія сходы ў розных фарматах. Адкрыты дыялог з бацькамі дазволіў выявіць недахопы выхавання нашых дзяцей і прыняць рашэнні па ўдасканаленні работы, – падкрэсліла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму. – Неабходна прызнаць, што сёння многім дзецям не хапае бацькоўскай увагі, і мы заклікаем вас, паважаныя бацькі, пачуць нас і падтрымаць, бо школа і сям’я – гэта два складнікі, якія з’яўляюцца адказнымі і зацікаўленымі ў лёсе маладога чалавека. Таму мы прапаноўваем 2016 год аб’явіць годам бацькоўска-педагагічнага руху пад дэвізам “Школа і сям’я – фігуры роўнаадказныя і роўназацікаўленыя ў лёсе дзіцяці”.

    родительское районное2

    родительское районное3

    Тэму сацыяльна-прававой абароны дзяцей ад насілля ў сям'і ўзняла ў сваім выступленні намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Тарэса Мар’янаўна Драган. Яе выступленні не пакідаюць у зале раўнадушных – так было і на гэты раз. Прыклады з жыцця, якія прывяла Тарэса Мар'янаўна, многіх прымусілі задумацца.

    – Часта можна пачуць:“Каб ведаў, дзе ўпадзеш, то саломкі б падаслаў”. Толькі, на жаль, мы часцей за ўсё не ведаем, дзе, як і калі яе падаслаць. Ці ёсць у зале хаця б адна сям’я, у якой ні разу не ўзнікала сварак? – задала рытарычнае пытанне Тарэса Мар’янаўна.– Але калі б ведалі, як пакутуюць дзеці, калі дарослыя, не звяртаючы на іх увагі, высвятляюць адносіны!

    Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх расказала некалькі гісторый, трапіць у якія і потым зламаць сваё жыццё, вельмі лёгка. І, на жаль, многія вучацца не на чужых, а на ўласных памылках.

    Тое, як дзеці лёгка могуць трапіць у складаную сітуацыю, прадэманстравалі гімназісты: іх сцэнка ўздымала праблему ўзаемаадносін сярод школьнікаў і падлеткаў, калі “героем” становіцца той, хто мае дарагую рэч – напрыклад, сучасны мабільны тэлефон, які лёгка можа справакаваць дзяцей на проціпраўныя ўчынкі.

    Праблему наркаманіі і нарказалежнасці падняла ў сваім выступленні ўрач-псіхіятр Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Славаміраўна Карагода.

    Вам знаёмая сітуацыя, калі бацькі і старэйшыя браты-сёстры занятыя сваімі справамі і не заўважаюць самага маленькага члена сям’і? Напэўна ж… Але часам трэба паглядзець на рэчы і з’явы чужымі вачыма, каб убачыць іх сутнасць, – гэта дапамаглі зрабіць удзельнікам бацькоўскага сходу педагогі і выхаванцы Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1.

    У студзені бягучага года ў нашай вобласці адбылося пяць суіцыдаў: добраахвотна развіталіся з жыццём двое непаўналетніх і трое маладых людзей. Каб не здарылася непапраўнае, важна заўважыць крызісную сітуацыю, у якую трапіла дзіця, падлетак, малады чалавек, і папярэдзіць бяду.

    – Дзіця павінна ведаць, што ўсе праблемы, якімі б яны ні былі, можна вырашыць, – упэўнена метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Юлія Альбінаўна Ражко. – У школах раёна многае робіцца для вырашэння праблем дзяцей і дарослых. Па выніках абследаванняў сфарміраваны банк даных дзяцей, якія трапілі ў крызісную сітуацыю, – такіх у нас 17. Але псіхолагі працуюць не толькі з імі. Падчас усіх школьных мерапрыемстваў мы стараемся стварыць для дзяцей атмасферу шчасця і даверу.

    Пра работу валанцёрскага атрада “Анёлы” Міхалішкаўскай школы, які працуе па прынцыпу “Роўны навучае роўнага”, расказала намеснік дырэктара гэтай установы Святлана Іванаўна Саўко. Вынікам работы гэтага атрада сталі не толькі выступленні і перамогі на абласным і рэспубліканскім ўзроўнях, але і стварэнне блога “Анёлы РОР (роўны навучае роўнага)”, дзе вучні дапамагаюць адзін аднаму ў вырашэнні складаных сітуацый.

    родительское районное4

    Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла Георгій Савіцкі нагадаў бацькам, што важнейшым у жыцці з'яўляецца сямейнае і духоўнае выхаванне.

    – Канешне, мы любім сваіх дзяцей. Толькі ці часта мы гаворым ім пра гэта? Не заўсёды дзецям патрэбен дарагі мабільны тэлефон як доказ вашай любові. Іншым часам дастаткова добрага слова, – упэўнены айцец Георгій. – А галоўным складальнікам нашага жыцця з’яўляецца вера, бо многія памылкі і праблемы ідуць ад бездухоўнасці.

    На працягу ўсіх выступленняў, што ў гэты дзень гучалі са сцэны, прайшла галоўная думка: нельга шкадаваць часу на стасункі са сваімі дзецьмі. І многія сем’і пацвердзілі гэта сумеснымі сямейнымі выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якія былі арганізаваны ў фае. Вырабы з бісеру, цудоўныя выцінанкі, карціны, вышытыя крыжыкам і пашытыя з тканіны, звязаныя пруткамі і кручком, – адвесці вачэй ад дзівоснай прыгажосці, народжанай рукамі і фантазіяй дзяцей і дарослых, было немагчыма.

    – Агітбрыгада Гервяцкай школы, якая адкрыла наш бацькоўскі сход, прадэманстравала тыя сур’ёзныя выклікі, перад якімі стаяць нашы дзеці. Яшчэ дзесяць гадоў назад, калі быў арганізаваны першы раённы бацькоўскі сход, пра наркотыкі мы гаварылі як пра нешта далёкае і нерэальнае – а сёння гэта праблема ў тым ліку і нашага раёна, – сказаў намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла. – Сёння ўсе веруючыя людзі перажываюць Вялікі пост – гэта час, калі мы павінны працаваць над сваёй душой. “Бог ёсць любоў” – вучыць нас Святое Пісанне. І гэтай любові да дзяцей сёння не хапае. Няма нікога больш важнага для кожнага з нас, чым нашы дзеці. Не шкадуйце часу на сваіх дзяцей!

    родительское районное5

    родительское районное6

    Закончылася мерапрыемства ўручэннем Падзячных пісьмаў аддзела адукацыі, спорту і турызму лепшым бацькам – іх атрымалі больш як дваццаць сем'яў.

    Падчас бацькоўскага сходу былі агучаны і вынікі раённага конкурсу на лепшую кармушку – пераможцы і прызёры атрымалі Граматы і прэміі ад Астравецкага лясгаса.

    А выхаванцы дашкольных устаноў горада і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі – Валерыя Даўляш і непаўторны “Нон-стоп” – падарылі бацькам і педагогам добры настрой цудоўнымі канцэртнымі нумарамі.

    -----------------------------

    Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.

    Автор: Алена ЯрашэвічАстравецкая праўда
    Теги: 

Комментарии (0)