03 Мая, 2024 Пятница

“Што ў імені табе маім?”

  • 24 марта 2016 Общество Беларуская 0

     

    Спрэчкі наконт удалага імя для немаўляці здараюцца ці не ў кожнай сям’і. У маці адна прапанова, у бацькі – другая, а калі паміж мужам і жонкай згода, то падключаюцца бабулі-дзядулі са сваім бачаннем сітуацыі. Дык чым найлепш кіравацца пры выбары імя – святцамі, асабістым густам, модай, парадамі сваякоў ці забабонамі?

    Мяне бацькі жадалі наракчы Васілісай – у гонар дзеда Васіля. Ці, на крайні выпадак, Алёнкай. Але прыехаў дзед Мікалай у госці і сказаў: “Раз не Коля, значыць, Воля!”. Воля, Вольга – іншага імя і не жадала. Яно – вытворнае ад скандынаўскага Хельга (пазначае “святая, свяшчэнная, светлая”), і, напэўна, пакінула адбітак на маім характары і гусце, бо надта ж мне даспадобы нарманская культура, побыт вікінгаў (няхай сабе яны і варвары), суровая прырода Скандынавіі. Вось і цяпер застаўка на камп'ютары – нарвежскае горнае возера і човен ў ім. Абрана з соцень іншых – бо заварожвае мяне халодная водная роўнядзь. І як тут цяпер не верыць, што імя нешта ды пазначае? Некалі цікавілася значэннем імёнаў, і, на дзіва, амаль усе якасці, якія ўласцівы Вольгам, ёсць і ў маім характары.

    Сувязь паміж імем чалавека і асаблівасцямі яго асобы вывучалі многія даследчыкі, спрабуючы знайсці гэтаму тлумачэнне. На гэты конт нават склалася некалькі тэорый – сацыяльная, эмацыянальная, гукавая. Але механізм уздзеяння імя на лёс чалавека так да канца і не зразумелы. Некаторыя навукоўцы лічаць, што імя – набор гукаў, якія ўздзейнічаюць асаблівым чынам на пэўныя ўчасткі кары галаўнога мозга яго носьбіта, вызначаючы тым самым рысы яго характару. Некаторыя сцвярджаюць, што чым больш мілагучнае імя, тым найлепш для чалавека. Бо яно добра ўспрымаецца іншымі, а іх адносіны і фарміруюць характар носьбіта імя. Гэтыя тэорыі не пазбаўленыя ісціны. Успамінаюцца адразу радкі Маякоўскага пра імя каханай жанчыны: “А мне ни один не радостен звон, кроме звона твоего любимого имени”. Ды і прыгадваецца выказванне псіхолага і пісьменніка Дэйла Карнегі, які сцвярджаў, што для чалавека гучанне яго імя – самы салодкі і самы важны гук у маўленні.

    Майстар-клас ад продкаў

    А якія традыцыі імянарачэння былі ў нашых продкаў? О, гэтаму працэсу надавалася вялікае значэнне. Лічылася, што імя не толькі абазначае асобу, але і абараняе яго носьбіта ад злых сіл. У часы паганства людзі верылі, што калі ўзяць за імя назву жывёлы, расліны, то гэта абароніць дзіцятка. Таму і наракалі сыноў і дачок Ваўкамі, Зайцамі, Лісамі, Дубамі. Дарэчы, ці ведаеце вы, адкуль пайшла звычка адказваць дзецям, што іх бусел прынёс ці што іх у капусце знайшлі? Гэтак жа рабілі і нашы продкі, каб паказаць нячыстай сіле, што дзіця не іх, не роднае, знойдзенае, а “падкідышу” нечысць быццам бы шкоды не чыніць.

    Пазней на змену імёнаў-наз-ваў прыйшлі новыя: Уладзіслаў, Яраполк, Гарыслаў, Усевалад, Усяслаў, Любамір і іншыя – таксама паганскія. Цяжка было выцесніць іх хрысціянству – доўгі час найперш людзі вышэйшых саслоўяў мелі па два імя: паганскае і хрысціянскае. Двухіменне было нярэдкай з’явай і сярод простых людзей. Пры хрышчэнні святар даваў немаўляці імя з улiкам даты царкоўнага календара – дзяцей наракалі ў гонар святых, чые імёны ўваходзілі ў такі каляндар альбо святцы. А баць-кі давалі іншае імя – мірское. Дарэчы, у спіс царкоўных з цягам часу былі ўключаны і некаторыя паганскія імёны – Вячаслаў, Мсціслаў, Расціслаў, Святаслаў, Уладзімір і Яраслаў. Ды і як было не ўключыць у святцы імя Уладзімір, калі князь Уладзімір Русь хрысціў? Яго далучылі да ліку святых, кананізавалі. Але большасць імёнаў у царкоўным календары не славянскія – грэчаскія, старажытнарымскія, старажытныя яўрэйскія, сірыйскія.

    Людзі расказваюць, што ў некаторых населеных пунктах, а ў нашым раёне дакладна ў Аброве, у некаторых людзей да гэтай пары па два імя – толькі адным нараклі бацькі, другім – бабулі-дзядулі. Дарэчы, прыкмечана, што старэйшае пакаленне абірала больш трапнае імя. У многіх беларусаў каталіцкага веравызнання таксама два імя. Вядомы звычай захоўвання ў сакрэце свайго “радавога” імя – калі нячыстая сіла не ведае яго, яна супраць чалавека бяссільная.

    Ёсць і іншыя традыцыі ў імянарачэнні. Лічыцца, што дрэнна назваць дзіця ў гонар людзей, якія рана памерлі ці такімі ж імёнамі, як у бацькоў. Барані Божа назваць, як тапельца! Але можна наракаць дзіця імем памерлага дзеда ці бабкі, калі яны былі шчаслівыя – быццам бы добры лёс перадаецца ў спадчыну праз пакаленне.

    Калі хочацца па-іншаму звацца

    Далёка не ўсе людзі пры імянарачэнні кіруюцца царкоўным календаром. Але калі прааналізаваць, якія імёны найчасцей абіраліся для немаўлят у Івацэвіцкім раёне ў мінулым годзе, то атрымаецца, што ўсе яны – хрысціянскія. У 2015 годзе дачок часцей за ўсё называлі Дар’ямі (20). У пазамінулым годзе гэтае імя таксама лідзіравала, а ў 2013-м самым папулярным было імя Анастасія. Нарадзілася 19 Сафій, 17 Вікторый, 15 Палін. Сярод мужчынскіх імёнаў пальма першынства – у Мацвея (21). Нарадзілася таксама 19 Аляксандраў, 18 Арцёмаў, 16 Максімаў. Дзяцей называлі і рэдкімі імёнамі, якіх у царкоўным календары я не знайшла: Альгерд, Фадзей, Тамір, Север’ян, Аўгусціна, Лэйла, Маліка, Дальміра.

    На жаль, здараюцца выпадкі, калі чалавек сваім імя не задаволены. Сустракаюць чалавека не толькі па адзенні, імя – яго візітная картка. Калі яно чужое для культуры, мовы, на якой гаворыць большасць, то выклікае насцярожанае стаўленне да чалавека – як да іншаземца. Вядомы мне выпадак, калі вясковага хлопчыка звалі Давід, а імя па бацьку было Людзвігавіч. Арыгінальна, але… Бываюць імёны з “халоднай” афарбоўкай, альбо цяжкія для вымаўлення, часам за імя цягнецца шлейф непрыемных асацыяцый. Назаві сына Адольф – і я адразу скажу, якая ў яго будзе мянушка. Даказана, што дзеці з рэдкімі імёнамі могуць вырасці замкнёнымі ў сабе, нелюдзімымі. Усе гэтыя акалічнасці трэба ўлічваць. Але калі бацькі хацелі быць арыгінальнымі і нараклі так, што сорамна сказаць, выйсце ёсць! У Беларусі можна змяніць і імя, і прозвішча, і імя па бацьку. Толькі гэта няпросты і доўгі працэс, пра які мне распавяла начальнік аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама Наталля Аўрусевіч.

    Па яе словах, для змены імя, прозвішча і імя па бацьку павінны быць падставы, а не толькі вялікае жаданне звацца па-іншаму. Дазвол на такую працэдуру павінны даць органы ўнутраных спраў, галоўнае ўпраўленне юстыцыі аблвыканкама. Можа, чалавек пад следствам, а ён надумаў прозвішча мяняць? Паважлівымі прычынамі для змены ўласнага імя і прозвішча лічацца: іх немілагучнасць ці цяжкасцьпры вымаўленні; жаданне насіць імя і прозвішча, якое адпавядае абранай нацыянальнасці; жаданне насіць адно з мужам ці жонкай прозвішча ці вярнуць дашлюбнае; жаданне насіць проз-вішча айчыма (мачахі) і некаторыя іншыя. Разглядаюцца і індывідуальныя прычыны. З заявай аб змене ўласнага імя да Наталлі Аўрусевіч звярталіся рэдка. Быў выпадак, калі Валянціна пажадала звацца Валерыяй і змяніла імя. А Ірына захацела насіць імя Магдалена, але справа так і не была даведзеная да канца. А вось прозвішчы мяняюць. У 2010 годзе было зарэгістравана сем зменаў прозвішча, у 2011 – 14, у 2013 – 13, у 2015 – 16. Часцей за ўсё мяняюць прозвішчы тыя, у каго яны немілагучныя. Абіраюць для замены прозвішчы блізкіх сваякоў ці проста тыя, што гучаць добра. Ну, як жыць з прозвішчам Крываногі, Крывашыі, Нясмачная, Тупіца, Халупа, Гей? Альбо ты расцеш у няпоўнай сям’і, гора-бацька не прымае ўдзелу ў тваім жыцці, а прозвішча ты носіш ягонае – і цябе гэты факт зусім не радуе. Ну што ж, можна ўзяць прозвішча маці ці айчыма, які ў цябе, можа, усю душу ўклаў.

    Дык чым жа кіравацца пры імянарачэнні? Мяркую, мудрыя парады старэйшага пакалення яшчэ нікому не пашкодзілі, няхай сабе той-сёй і назаве традыцыі забабонамі. Але сама я пры выбары імя для дачкі кіравалася наступным: ці добра імя гучыць у спалучэнні з прозвішчам і імем па бацьку, якое яго гучанне ў скарочанай форме, ці не ўтвараюцца ад яго абразлівыя мянушкі, ці не выклікае яно асацыяцый з не надта добрымі людзьмі. Але густы ва ўсіх розныя. Як па мне, дык у пытанні імянарачэння ніхто бацькам не ўказ – акрамя здаровага сэнсу. Бо трэба разумець, што дзіцяці з гэтым імем яшчэ жыць, і на якасць жыцця яно павінна ўплываць найлепшым чынам.

    Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

     

    Автор: Вольга ШЭЛЯГОВІЧІвацэвіцкі веснік
    Теги: 

Комментарии (0)