27 Апреля, 2024 Суббота

Аб пенсіях, дажынках і гандболе

  • 24 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Адразу ж пасля “прамой лініі” з жыхарамі Брэстчыны кіраўнік вобласці Анатоль Ліс сустрэўся з журналістамі. Першае пытанне, адрасаванае губернатару, якраз і тычылася эфектыўнасці тэлефонных “прамых ліній”. Якая яна? 

    Седзячы на канапе

    Па перакананні Анатоля Васільевіча, гэта добрая форма, якая зарэкамендавала сябе. Бо грамадзяне, седзячы дома, могуць патэлефанаваць і задаць любое пытанне. 

    Шмат званкоў было са Століна, Іванава – і не трэба было ехаць у Брэст за сотні кіламетраў. “Так што зручнасць для людзей – відавочная, гэта першае. Па-другое, за кароткі прамежак часу разам з абласнымі службамі магчыма адрэагаваць і адказаць на вялікую колькасць пытанняў. Прытым, – падкрэсліў Анатоль Ліс, – аператыўна”. Па-трэцяе, у выніку такой зваротнай сувязі яскрава бачна, чым жывуць рэгіёны, адчуваецца настрой людзей, у прыватнасці, што іх найбольш хвалюе.

    Прагучалі і лічбы. Летась кіраўніцтвам вобласці праведзена 48 “прамых ліній”, на якія паступіла 1258 зваротаў. У гаррайвыканкамах было арганізавана 914 “ліній”, вынік – больш чым 3800 зваротаў грамадзян. Губернатар адзначыў: калі колькасць зваротаў у аблвыканкам застаецца прыкладна на адным і тым жа ўзроўні, дык па гарвыканкамах іх зменшылася на чвэрць або 27,2 працэнта.  Найбольшая колькасць пытанняў у аблвыканкам паступіла ад жыхароў Брэста, Пінска і Баранавіч, а таксама Брэсцкага, Столінскага, Кобрынскага і Лунінецкага раёнаў, найменшая – ад маларытчан, ганцаўчан ды ляхавіччан.

    Адносна тэматыкі зваротаў Анатоль Васільевіч зазначыў, што больш за ўсё пытанняў, амаль трэць, узнікае па рабоце камунальнай гаспадаркі – гэта будаўніцтва і рамонт дарог, капітальныя і бягучыя рамонты жылля, меней – па газіфікацыі.

    Вядома ж, ніводны зварот чалавека не застаецца без увагі. Станоўчыя рашэнні прыняты па кожным сёмым звароце на “прамыя лініі” ў аблвыканкам (13,7 працэнта) і па кожным пятым – у гаррайвыканкам (20,7 працэнта). Да таго ж, на большасць званкоў людзі атрымліваюць тлумачэнні, а гэта таксама садзейнічае павышэнню эфектыўнасці работы з грамадзянамі.

    Што могуць фермеры

    Як заўжды, ішла размова і пра сяло, якое, вобразна кажучы, корміць краіну. Ды, не сакрэт, некаторыя гаспадаркі знаходзяцца ў складаным эканамічным становішчы. Частку іх узялі пад сваё “крыло” мацнейшыя сельгаспрадпрыемствы. А цяпер абмяркоўваецца магчымасць падтрымкі з боку фермераў. Толькі ці будзе ад гэтага карысць?

    Па словах Анатоля Ліса, 70 працэнтаў сельгас-прадпрыемстваў у  стане паспяхова гаспадарыць на зямлі. На сёння вострай неабходнасці рэфармавання вялікай колькасці гаспадарак у Брэсцкай вобласці няма. Тым не менш з улікам жадання – як самой калектыўнай гаспадаркі, так і фермера – апошні можа набыць гаспадарку. Ды толькі такіх ахвотнікаў пакуль што мала, канстатаваў губернатар. Як правіла, ім трэба зямля для вырошчвання садоў, ягаднікаў, але што тады рабіць з фермамі і жывёламі? Хоць ідуць ужо фермеры і ў жывёлагадоўлю, як у Ляхавіцкім раёне…

    Адзін з аптымальных варыянтаў – сумесная дзейнасць на ўмовах узаемавыгаднага супрацоўніцтва з фермерскімі гаспадаркамі. Зараз гэтае пытанне прапрацоўваецца па Лунінецкім раёне. На думку Анатоля Ліса, гэта нядрэнная форма гаспадарання. 

    А на журналісцкую цікаўнасць наконт перспектывы прадстаячага хлебаўборачнага сезону, які пачаўся з вяснова-палявых работ, кіраўнік вобласці выказаў спадзяванне на больш спрыяльнае надвор’е і тады – дарэчы, як ужо многа гадоў запар – Брэстчына будзе лідзіраваць па шматлікіх пазіцыях. Зараз, нягле-дзячы на фінансавыя складанасці шэрагу гаспадарак, увесь комплекс вяснова-палявых работ будзе праведзены ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны. Ад якасці іх выканання ў значнай ступені будуць залежаць і вынікі сёлетняга ўраджаю. Плануецца атрымаць не менш за 1,4 мільёна тон зерня, 860 тысяч тон цукровых буракоў, 100 тысяч тон масланасення рапсу, 200 тысяч тон бульбы…

    Свята ў Драгічыне

    Па добрай традыцыі хлебаробскую працу ўшаноўваюць на дажынках. А сёлета абласны фестываль-кірмаш пройдзе ў Драгічыне. Якія ж сродкі  запланаваны на падрыхтоўку горада да свята і ў якія аб’екты яны будуць ўкладзены?

    Анатоль Ліс паведаміў, што на гэтыя мэты ў бюджэце Драгічынскага раёна запланавана 62 мільярды рублёў. З іх на аб’екты адукацыі – 17 мільярдаў (СШ № 1 і № 2, гімназія, дзіцячыя сады-яслі № 1 і № 3, стадыён ДЮСШ). У ахове здароўя адбудзецца капрамонт будынка стаматалогіі, добраўпарадкаванне тэрыторыі і бягучы рамонт цэнтральнай райбальніцы – на ўсё гэта выдаткавана 5 мільярдаў. У культуры, куды будзе накіравана 6 мільярдаў, плануецца капітальна адрамантаваць ГДК і кінатэатр “Беларусь”. Найбольшыя сродкі – 

    34 мільярды – задзейнічаны для ЖКГ, на добраўпарадкаванне гарадскога парка па вуліцы Леніна, рамонт дахаў 17 панельных дамоў, рэканструкцыю вуліцы К.Маркса і цеплавую рэабілітацыю 10 жылых дамоў. “Пры ўсіх складанасцях мы гэтыя сродкі накіруем на годнае правядзенне дажынак у Драгічыне,” – падагульніў губернатар. 

    Прадуманы шлях

    Зараз ва ўсіх на слыху тэма павышэння пенсійнага ўзросту. Цікава было даведацца, якой думкі наконт гэтага і чаму прытрымліваецца губернатар. І вось што пачулі.

    Любы пункт погляду павінен быць абгрунтаваным. Анатоль Васільевіч нагадаў нядаўняе наведванне Прэзідэнтам краіны “Камунаркі”, у час якой, на яго погляд, быў выказаны самы прымальны для ўсіх варыянт – паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту на тры гады, штогод дабаўляючы па паўгода. 

    “І я прыхільнік агучанага варыянту”, – заўважыў старшыня аблвыканкама. Развіваючы далей тэму, ён сказаў, што з улікам менталітэту людзей, сапраўды, рэзкага шарахання ў зменах заканадаўства не павінна быць. А за тры гады пройдзе адаптацыя ў грамадстве – таму абраны шлях да павышэння пенсійнага ўзросту самы прадуманы і правільны.

    Дзе працаваць?

    Адно з ключавых пытанняў развіцця рэгіёна тычыцца занятасці насельніцтва. Сёння не так лёгка знайсці працу тым, хто па розных прычынах застаўся без сродкаў існавання. Да таго ж, паўсюдна вядзецца аптымізацыя штатаў. Якім чынам магчыма вырашыць праблему з працаўладкаваннем?

    Губернатар згадзіўся, што праблема існуе – таму яна ўзнята Кіраўніком нашай дзяржавы. Дарэчы, адзін з крытэрыяў прэзідэнцкай ацэнкі работы старшынь аблвыканкамаў і гаррайвыканкамаў – занятасць насельніцтва. І гэта зразумела – тым больш, калі гаварыць пра сацыяльна арыентаваную краіну. 

    Анатоль Васільевіч падрабязна расказаў аб няпростай сітуацыі на рынку працы. Так, на 1 сакавіка 2016 года на ўліку беспрацоўных  знаходзілася 7,4 тысячы чалавек, што на 1,3 тысячы больш адпаведнага мінулагодняга перыяду. У той жа час вакансій паменшылася больш чым у два разы. Цяпер на кожную прапанаваную работу прэтэндуе амаль тры чалавекі (два гады таму было менш за аднаго). За першыя два месяцы 2016 года працаўладкавана 2,5 тысячы беспрацоўных (21,4 працэнта).

    З улікам названых лічбаў відавочна, што стварэнне новых рабочых месцаў – найважнейшая задача. Многа чаго ў гэтым кірунку было зроблена летась. Анатоль Васільевіч узгадаў ажыццёўленыя праекты на ААТ “БВБА”, “Савушкін прадукт”, “Бярозаўскі сыраробчы камбінат”, “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод”. Чакаюцца змены на ЗАТ “Амкадор-Пінск”, ААТ “Брэсцкі панчошны камбінат” і “Белсолад”…

    Па словах губернатара, сёлета за кошт стварэння новых рабочых месцаў неабходна працаўладкаваць не менш за 2,6 тысячы чалавек. Ды з улікам задачы, якую паставіў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка па стварэнні ў рэспубліцы не менш за 50 тысяч новых рабочых месцаў, заданне для нашай вобласці будзе павялічана.

    Анатоль Ліс асобна закрануў пытанне аб развіцці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Толькі ў малым прадпрымальніцтве сёлета плануецца стварыць 10120 новых рабочых месцаў. Таксама павінны быць створаны 626 новых арганізацый. А каб актывізаваць прадпрымальніцкі сектар, у вобласці дзейнічае 7 цэнтраў па іх падтрымцы плюс інкубатар малога прадпрымальніцтва…

     Кіраўнік вобласці расказаў, якая фінансавая падтрымка бу-дзе аказана суб’ектам малога прадпрымальніцтва, што робіцца для арганізацыі вытворчасці тавараў (работ і паслуг) і як ідзе перападрыхтоўка кадраў.

    Ад дарог – да спорту

    Нязручных пытанняў для Анатоля Ліса не было. З аднолькавай шчырасцю і адкрытасцю ён паведаміў і пра магчымасць рэалізацыі праекта па стварэнні транспартнага калідора на вектары Захад-Усход, які зараз прапрацоўваецца мэрамі гарадоў-пабрацімаў Брэста і Кувардэна (Каралеўства Нідэрланды), пра будаўніцтва першай чаргі Заходняга абходу і рэалізацыю яго другой чаргі да 1000-годдзя Брэста, пра рамонт дарог у цэлым па вобласці і ў горадзе Брэсце, пра пераразлік за жыллёва-камунальныя паслугі за студзень…

    На апошнюю цікаўнасць журналістаў – ці пойдзе сёння, у суботу, губернатар на гандбол? – Анатоль Васільевіч з усмешкай адказаў: “Абавязкова!” Што тычыцца прагнозаў, то “яны могуць быць розныя, але, як кажуць гандбалісты, мяч – круглы”. Ды падтрымаць сваю каманду трэба.

    Автор: Галіна МАЗIНАНародная трыбуна

Комментарии (0)