28 Марта, 2024 Четверг

Падзеям 100-гадовай даўнасці прысвячаецца

  • 25 марта 2016 Общество Беларуская 0

    З 17 ПА 19 сакавіка прайшла міжнародная навукова-гістарычная канферэнцыя «Нарацкая аперацыя 1916 года: гісторыя і сучаснасць». Яна праводзілася ў рамках міжнародных гістарычных чытанняў «Гісторыя ў імя міру». Распачалося гэта мерапрыемства 17 сакавіка ў Мінску на Брацкіх могілках Першай сусветнай вайны. Адбыўся мітынг. Да помніка ляглі вянкі ад прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, Германіі, Літвы і грамадскіх аб’яднанняў нашай краіны. Адкрыў канферэнцыю дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр запасу Мікалай Скобелеў. На мітынгу слова мелі прадстаўнікі духавенства і арганізатараў мерапрыемства.

    Працягнулася канферэнцыя ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На мерапрыемстве прысутнічала дэлегацыя з нашага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Інай Барыевай. Па дарозе на Мядзельшчыну ўдзельнікі канферэнцыі наведалі пахаванні салдат і афіцэраў рускай арміі ў аграгарадку Княгінін, непадалёку ад вёсак Брусы і Мінчакі, дзе да помнікаў таксама былі ўскладзены кветкі.

    18 сакавіка з раніцы ўдзельнікі канферэнцыі накіраваліся ў аграгарадок Занарач. У царкве прыходу ў гонар Праабражэння Гасподняга адбылася паніхіда. Жадаючыя мелі магчымасць наведаць гэты малебен, а для астатніх была арганізавана экскурсія па аграгарадку Занарач. Яе правёў былы настаўнік гісторыі Занарацкай школы, а зараз жыхар Мінска Яўген Антановіч. Ён расказаў, як разам са школьнікамі збіраў цікавыя звесткі пра 100-гадовыя падзеі ў гэтых мясцінах, пазнаёміў з некаторымі легендамі.

    Затым усе наведалі могілкі ў вёсцы Чарэмшыцы, дзе пахавана каля 900 рускіх салдат і афіцэраў. У 1916 годзе ў гэтай вёсцы дыслацыраваўся штаб сёмай пяхотнай дывізіі другой рускай арміі. А ў час правядзення Нарацкай аперацыі з 18 па 28 сакавіка тут знаходзіўся корпусны рэзерв пятага армейскага корпуса. Да падножжа помніка былі ўскладзены кветкі і вянкі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых, у іх гонар прагучаў салют. Наступны прыпынак — участак былой лініі фронту, дзе да гэтага часу захаваліся сляды інфраструктуры германскай арміі. Супрацоўнік Нацпарку Валерый Люштык даў тлумачэнні тым альбо іншым назвам. Напрыклад, адна з вышынь называлася «Фердынандаў нос», бо яна чымсьці нагадвала нос балгарскага цара Фердынанда, які быў саюзнікам немцаў. Пабывалі ўдзельнікі канферэнцыі на могілках ля вёскі Пронькі, дзе пахаваны нямецкія салдаты і афіцэры, а таксама на могілках у аргагарадку Нарач, дзе спачываюць і рускія, і нямецкія воіны.

    Наступным этапам работы канферэнцыі стала пленарнае пасяджэнне ў канферэнц-зале гасцінічнага комплексу «Нарач». Навукоўцы і краязнаўцы прадставілі свае даклады. «Нарацкая аперацыя як важнае звяно аператыўна-стратэгічных планаў Антанты на 1916 год» — так гучала тэма выступлення супрацоўніка навукова-даследчага інстытута Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Валерыя Сураева. Ён падрабязна расказаў пра абстаноўку на фронце ў той час, задумы немцаў і іх саюзнікаў. Міхаіл Палянскі ўваходзіць у склад групы, якая рыхтуе фундаментальную шасцітомную працу «Першая сусветная вайна 1914-1918 гадоў». Свет ужо ўбачылі тры тамы гэтай працы. Ён і паведаў пра работу групы, пра герояў Першай сусветнай вайны. Наш зямляк, а зараз жыхар горада Маладзечна, краязнаўца Генадзь Малышаў выступіў з дакладам «Нарацкае эха Вердэна». Менавіта так называецца і кніга, якую напісаў Генадзь Мікалаевіч. Журналіст, дырэктар выдавецтва «Гольфстрым» Уладзімір Багданаў прэзентаваў кнігу «Бітва ля Нарачы». У ёй знайшлі месца звесткі пра рускае наступленне вясной 1916 года з нямецкіх крыніц, манаграфіі, палкавыя гісторыі і мноства фотаздымкаў.

    Пасля перапынку ўдзельнікі канферэнцыі прадоўжылі сваю работу па секцыях. «Нарацкая наступальная аперацыя: факты, падзеі, людзі…» — гэта асноўная тэма выступленняў дакладчыкаў у секцыі №1. Супрацоўнік Вілейскага раённага краязнаўчага музея Андрэй Каркотка свой даклад прысвяціў афіцэрам пятага армейскага корпуса, якія атрымалі Георгіеўскія ўзнагароды за баі паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае ў 1915-1916 гадах. Дарэчы, кавалерамі Георгіеўскага крыжа 2-4 ступені, Георгіеўскай зброі «За мужнасць» і ордэна Святога Георгія сталі многія расійскія афіцэры і салдаты.

    Супрацоўнік Пастаўскага раённага краязнаўчага музея Вадзім Шышко ў сваім выступленні засяродзіў увагу прысутных на тых падзеях, якія адбываліся на Пастаўшчыне падчас Першай сусветнай вайны. Гэта мясцовасць некалькі разоў, як кажуць, пераходзіла з рук у рукі.

    Агляд малавывучаных фактаў, якія мелі адносіны да Нарацкай наступальнай аперацыі ў сакавіку 1916 года, зрабіў у сваім выступленні Юрый Вакуленка з Мінска. Многія дакладчыкі спасылаліся на тое, што некаторыя звесткі пра падзеі Нарацкай аперацыі пачэрпнулі з кнігі савецкага гісторыка Мікалая Падарожнага. А вось супрацоўнік Нацпарку Святаслаў Гаўрыс пры распрацоўцы тэмы, якую ён назваў «21 армейскі корпус германскай арміі: утварэнне, баявы шлях, камандаванне» карыстаўся афіцыйнымі нямецкімі архіўнымі крыніцамі. Для гэтага ён зарэгістраваўся на афіцыйным сайце Бундэсвера, унёс пэўны ўзнос і атрымаў доступ да цікавячых матэрыялаў. Менавіта таму выступленне Святаслава Іванавіча было дакладным, насычаным і лаканічным.

    Намеснік генеральнага дырэктара НП «Нарачанскі» па навуцы Валерый Люштык засяродзіў увагу ў выступленні на слядах інфраструктуры і месцах воінскіх пахаванняў германскай і рускай армій на тэрыторыі, дзе праходзіла Нарацкая аперацыя ў 1916 годзе.

    Як адзначалася вышэй, гэта была міжнародная канферэнцыя. Удзел у ёй бралі грамадзяне Беларусі, Расіі, Вялікабрытаніі, Польшчы. Вось жыхар Манчэстэра  Франк Плешак выступіў з паведамленнем пра распаўсюджанне звестак пра Нарацкую аперацыю 1916 года ў еўрапейскіх краінах. Дарэчы, карані гэтага англічаніна з Мядзельшчыны. У вёсцы Швакшты жыў яго дзед і быў пахаваны на могілках у аграгарадку Нарач. Менавіта таму Франка цікавяць падзеі, якія адбываліся 100 гадоў таму на Нарачы. Ён выдаў кнігу на англійскай мове пра іх.

    Прафесар, доктар хімічных навук Алег Кулінковіч з Мінска паведаў пра камандзіра брыгады 8-й сібірскай стралковай дывізіі Уладзіміра Джункоўскага, а мастак Уладзімір Сайко расказаў, як ён працаваў над стварэннем вялікай гісторыка-батальнай карціны, прысвечанай Нарацкай наступальнай аперацыі Рускай імператарскай арміі ў сакавіку 1916 года. З болем гаварыла жыхарка вёскі Стахоўцы Людміла Ярмаковіч пра тое, што і зараз пры апрацоўцы глебы выкопваюцца косці людзей. Гэта яскравае сведчанне таго, што тут ішлі кровапралітныя баі, што загінула шмат людзей.

    Фотамастак з Пастаў Васілій Белякоў падзяліўся вопытам вывучэння слядоў падзей Першай сусветнай вайны ў Пастаўскім, Мядзельскім, Браслаўскім, Смаргонскім і Астравецкім раёнах.

    Нарачанская зямля стала месцам апошняга спачыну многіх тысяч не толькі рускіх, але і нямецкіх салдат. Побач з вёскай Пронькі знаходзяцца, мабыць, самыя вялікія могілкі Першай сусветнай вайны ў Беларусі. Толькі ў «салдацкай» частцы можна налічыць больш за 1,5 тысячы пахаванняў. Смерць на полі бою зраўняла іх. Былыя ворагі маюць аднолькавыя помнікі і нярэдка ляжаць побач на адных могілках. Дзесяць квадратных кіламетраў паміж вёскамі Мокрыца, Занарач, Стахоўцы сталі брацкай магілай для дзясяткаў тысяч воінаў з абодвух бакоў. Гэта трэба памятаць.

    …У другой секцыі — “Вялікая вайна: гісторыя і сучаснасць” — першым і, бадай, самым яркім было выступленне Аляксандра Грыгарава з Масквы. Ён падзяліўся вопытам стварэння тэрытарыяльных баз даных па ўдзельніках Вялікай вайны 1914-1918 гадоў. (Рабочай групай падрыхтаваны Кнігі памяці па Разанскай і Варонежскай губернях, Крыме і Чарнаморскім флоце.)

    Да Нарачы ў Аляксандра Грыгарава адносіны асаблівыя: у Першую сусветную тут ваяваў і быў паранены яго дзед. Адмысловую экскурсію па тых мясцінах правёў для расійскага даследчыка наш краязнаўца Вадзім Праўрацкі. У знак падзякі Аляксандр пакінуў яму базу даных з Расійскага ваенна-гістарычнага архіва з агульнай колькасцю два мільёны чалавек (загінуўшыя на Вялікай вайне, георгіеўскія кавалеры і г. д.). Зусім магчыма, што ў гэтай базе ёсць звесткі пра вашых родных… Вадзім Праўрацкі згодны БЯСПЛАТНА даць патрэбную інфармацыю ўсім, хто да яго звернецца.

     Вельмі змястоўным было выступленне старшыні Прэзідыума Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антона Астаповіча. Тэма — “Іканаграфічныя дакументы часоў Першай сусветнай вайны як крыніца архіўна-бібліяграфічных даследаванняў помнікаў архітэктуры і горадабудавання”. Жартам даследчык зазначыў, што “толькі ў лянівага нямецкага салдата не было фотаапарата”. Сапраўды, на нямецкіх здымках багата прадстаўлены мясцовы побыт, культавыя пабудовы (найперш — праваслаўныя храмы і сінагогі). Антон прадэманстраваў вялікую колькасць тагачасных дакументаў, сярод якіх план мястэчка Кабыльнік, фота кавалка Віленскага шляху ў мястэчку Канстанцінава (цяпер — вёска на тэрыторыі Свірскага сельсавета; дарэчы, адлюстраваныя хаты захаваліся да цяперашняга часу), царквы святога Ільі ў Кабыльніку… Гэты матэрыял прыдатны не толькі для вывучэння ўласна Першай сусветнай, але і для розных галін гістарычных даследаванняў.

    “Купала — гэта наша ўсё!” — так пачала свой даклад супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Марыя Барткова. Яна прэзентавала фотаздымкі з альбома Вінцэнта Станкевіча. (Вінцэнт Станкевіч — начальнік 1-га пададдзела 16-га аддзела вайскова-дарожнага аддзела Другой арміі паўночна-заходняга фронту. У Першую сусветную там служыў пісарчуком сам Купала. Наш пясняр і Вінцэнт Станкевіч былі знаёмыя з 1905-га года, а ў 1916-ым сталі не толькі сябрамі, але і шваграмі: Вінцэнтава родная сястра Уладзіслава выйшла замуж за Купалу.)  Фотаздымкі адлюстроўваюць дзейнасць вайсковага падраздзялення (будаўніцтва чыгункі на Крывічы і Брусы, напрыклад). Матэрыялы сапраўды ўнікальныя, і супрацоўнікі музея мараць зрабіць факсімільнае выданне альбома. Адно, спонсары пакуль не знайшліся. А ўбачыць павялічаныя копіі асобных фотаздымкаў неўзабаве можна будзе ў Мядзельскім музеі Народнай славы.

    Цікавымі былі таксама даклады “Баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў 1916-ым годзе” Міхаіла Смальянінава з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, “Нямецкія медыцынскія бункеры: спроба іх інтэрпрэтацыі” Аляксея Друпава з Беларускага дзяржаўнага музея  народнай архітэктуры і побыту.

    …У форме “круглага стала” працавала трэцяя секцыя — “Дарогамі памяці (моладзь вывучае гісторыю)”.

    Пра распрацоўку турысцка-краязнаўчага маршруту па лініі фронту Першай сусветнай вайны паміж Мядзелам і Паставамі расказаў настаўнік Пастаўскай гімназіі Ігар Пракаповіч. “Не тэорыя, у кнігах вычытаная… Сваімі ножкамі чалавек прайшоў, з вучнямі. Сабраў матэрыял, абагульніў”, — высока ацаніў яго выступленне краязнаўца з Камарова Іван Драўніцкі.

     “Захаванне і замацаванне гістарычнай памяці (з  вопыту выкарыстання матэрыялаў Нарачанскай аперацыі 1916-га года на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі)” — назва выступлення настаўніка гісторыі Старагабскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Уладзіміра Серадзінскага. Ён расказаў  пра работу педкалектыву ў названым напрамку (асабліва адзначыўшы стваральніка школьнага музея Рычарда Федарца). Уладзімір Серадзінскі “ў тэме” даўно: быў намеснікам старшыні раённай камісіі па стварэнні гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” і нават артыкул “Мядзельшчына ў агні Першай сусветнай вайны (Нарачанская аперацыя 1916 года)” для названай хронікі напісаў.

    Адзінаццацікласніца СШ №1 горада Вілейкі Аляксандра Шатлікава  выступіла па тэме “Пераломныя перыяды Першай сусветнай вайны: фотапогляд з Вілейшчыны”. Сапраўды, у суседзяў шмат зроблена для захавання памяці пра тагачасныя падзеі…

     Настаўнік гісторыі Нарацкай СШ №2 Валянцін Радзевіч расказаў пра работу па вывучэнні палявой фартыфікацыі Першай сусветнай вайны ў міжазер’і Нарач — Мядзел. Прапанова выступоўцы — зрабіць на вышыні 217 скансен (музей пад адкрытым небам).

    Цікавымі былі і выступленні педагогаў дадатковай адукацыі СШ №1 горада Полацка Руслана Воюша (“Вогненнымі сцежкамі 68-ай пяхотнай дывізіі — сакавік 1916-га года) і Вячаслава Дзяменцьева (“Ваенна-гістарычны турызм як сродак захавання нерухомай спадчыны Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Віцебскай вобласці”).

    Назаўтра, 19 сакавіка, канферэнцыя распачала сваю работу ў горадзе Паставы з адкрыцця мемарыяльнай дошкі, прысвечанай воінам Першай сусветнай вайны, якія абаранялі горад у час правядзення Нарацкай наступальнай аперацыі. Затым у Доме культуры працягваліся чытанні і абмеркаванні дакладаў. А закончылася мерапрыемства канцэртам аўтарскай песні артыстаў з Віцебска.

    Варта адзначыць, што арганізатарамі канферэнцыі сталі Мядзельскі і Пастаўскі раённыя выканаўчыя камітэты, Нацыянальны парк «Нарачанскі», інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, АТ «Інстытут ваеннай спадчыны» (Літва) пры актыўным удзеле Пастаўскага і Вілейскага раённых краязнаўчых музеяў, а таксама Мядзельскага раённага музея Народнай славы. Шчырыя словы падзякі арганізатары выказваюць 19-й Гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені асобнай механізаванай брыгадзе Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якая накіравала падраздзяленне салдат для аказання вайсковых ушанаванняў героям, Мядзельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў», дырэктару ТАА «Нарачтурсэрвіс» Аляксандры Казак за спонсарскую падтрымку.

    Асаблівая падзяка Валерыю Люштыку, які зрабіў вельмі многа, каб гэта мерапрыемства прайшло на высокім узроўні. Менавіта таму Валерый Сямёнавіч і быў адзначаны падзякай старшыні райвыканкама.

    Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

    Наталля ЛІСІЦКАЯ.

    На здымках: 1. Падчас мітынгу на Брацкіх могілках Першай сусветнай вайны ў Мінску; 2. Пра фундаментальную шасцітомную працу «Першая сусветная вайна 1914-1918 гадоў» расказвае Міхаіл Палянскі; 3. Мастак Уладзімір Сайко паведамляе, як ён працаваў над стварэннем вялікай гісторыка-батальнай карціны, прысвечанай Нарацкай наступальнай аперацыі Рускай імператарскай арміі ў сакавіку 1916 года; 4. Дырэктар выдавецтва «Гольфстрым» Уладзімір Багданаў прэзентуе кнігу «Бітва ля Нарачы»; 5.У момант адкрыцця мемарыяльнай дошкі, прысвечанай воінам Першай сусветнай вайны, якія абаранялі Паставы ў час Нарацкай наступальнай аперацыі; 6. Удзельнікі міжнароднай навукова-гістарычнай канферэнцыі ля месца пахавання салдат і афіцэраў рускай арміі непадалёку ад вёскі Мінчакі.

    Автор: Ігнат ЛУБНЕЎСКІ, Наталля ЛІСІЦКАЯНарачанская зара
    Теги: 

Комментарии (0)