Вы толькі паглядзіце, які піражок спёк мой дзядуля! – адразу з парога паведаміла мне маленькая прыгажуня Сафія і пабегла паказваць іх агульнае кулінарнае тварэнне. Як высветлілася, дзяўчынка таксама дапамагала дзядулю: разам з ім упрыгожвала велікодны куліч. І, трэба сказаць, атрымалася выдатна.
Цеплыня, утульнасць і шчырая, добразычлівая атмасфера адчуваліся з першых хвілін нашай размовы з гаспадарамі. Дарэчы, пад адным дахам гэтага дыхтоўнага, дагледжанага дома ў Янчуках размясціліся дзве сям’і. Пяць год таму, калі дачка Алены Феліксаўны і Станіслава Іосіфавіча Чашчэвікаў Алёна выйшла замуж, бацька быў катэгарычны: “Дзеці павінны жыць з намі, інакш навошта я будаваў гэты дом?” Маладая сям’я Хільмановічаў прыняла прапанову старэйшых, а зяць Сяргей хутка знайшоў агульную мову і з цесцем, і з цёшчай. Як паказаў час, рашэнне аказалася правільным. Яны жывуць дружна, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць, разам адзначаюць святы і радуюцца поспехам.
– Мае бацькі заўсёды выхоўвалі мяне ў веры, – расказвае Сяргей. – З маленства я шмат часу праводзіў у касцёле, прымаў удзел у службах, быў міністрантам. Нават паступіў у семінарыю і збіраўся стаць ксяндзом. Толькі абставіны склаліся такім чынам, што вучобу мне прыйшлося пакінуць. Сваю палавінку я таксама сустрэў у храме. Убачыў Алёну 9 мая на Днях моладзі, што праходзілі ў шчучынскім касцёле, і яна пакарыла маё сэрца.
Цяпер у Алёны і Сяргея Хільмановічаў растуць дзве цудоўныя дачушкі: старэйшай Сафіі праз некалькі месяцаў споўніцца чатыры, а малодшай Анечцы цяпер толькі годзік і чатыры месяцы. Яны – самая вялікая радасць для бацькоў, бабуль і дзядуляў.
– Сваіх дачушак, хоць яны яшчэ маленькія, мы з жонкай таксама выхоўваем у лепшых хрысціянскіх традыцыях, – працягвае Сяргей. – У гэтым плане мы з Алёнай аднадумцы. Бяром дзяўчынак на службу ў касцёл, звычайна на дзіцячую імшу ў нядзелю. Сафійцы там вельмі падабаецца. Яна і песні многія ведае і спявае разам з дзецьмі. Летам абавязкова прыме ўдзел у “Канікулах з Богам”.
Мы захоўваем традыцыі сваіх бацькоў і спадзяёмся, што нашы дзеці будуць таксама іх працягваць. Кожны раз на Вялікдзень, і так было заўсёды, я прымаю ўдзел у ранішняй імшы, а потым усёй сям’ёй збіраемся за вялікім святочным сталом, каб з’есці “свянцонае”: яйка з соллю і хлебам. Яшчэ з дзяцінства засталіся ўспаміны, як мы з роднымі высвятлялі, чыё фарбаванае яйка мацнейшае. У мяне было драўлянае, прыгожа размаляванае. Думаю, усе пра гэта ведалі, але ніхто не падаваў знаку, і я заўсёды ў такіх “яечных баях” перамагаў. Цяпер, калі ў мяне ўжо ёсць свая сям’я, ніколі не забываю пра бацькоўскі дом: мы ездзім у Шчучын да маіх таты і матулі ў выхадныя, а на Вялікдзень бываем у іх праз год, каб не крыўдзіць бацькоў Алёны. Тата яшчэ працуе на “Аўтапровадзе”, а мама – на заслужаным адпачынку.
А ў вялікім гасцінным доме Чашчэвікаў месца хапае ўсім.
– У маёй мамы, якая, дарэчы, жыве таксама ў Янчуках, праз некалькі хат ад нас, ужо 16 унукаў! – далучаецца да размовы Алена Феліксаўна. – У адной з маіх дзвюх сясцёр – 11 дзяцей. Уявіце сабе, якая збіраецца кампанія, калі яны прыязджаюць да нас у госці. За адзін стол усадзіць усіх немагчыма. Дый за два – праблематычна…
Алена Феліксаўна працуе ў Шчучынскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі педагогам дадатковай адукацыі. Яна – майстрыца на ўсе рукі: і гатуе выдатна, і шые… Дарэчы, гэта менавіта яна стварала ўнікальныя касцюмы князя і княгіні Друцкіх-Любецкіх, а таксама бальмайстра для першага балю ў палацы.
Сяргею было зусім не складана прызвычаіцца да таго сямейнага ўкладу, у якім вырасла яго жонка. Тут, як і ў іншых каталіцкіх сем’ях, таксама шануюць традыцыі.
– Колькі год прайшло, а да гэтай пары ў памяці засталася велікодная карцінка з дзяцінства, калі мы, тры сястрычкі, прыбраныя, з прыгожымі бантамі чакалі, пакуль мама накрые на стол, – расказвае Алена Феліксаўна. – На вуліцы было цёпла, зелянела трава, ярка свяціла сонца. А на душы – такое ўрачыстае адчуванне свята! Мама гатавала вельмі смачнае мяса: варыла, а затым рэзала на кавалачкі і націрала часнаком. Здаецца, і сёння помню гэты пах. Цяпер ужо такую страву ніхто не гатуе. Усе шукаюць незвычайныя рэцэпты ў інтэрнэце, фаршыруюць курыцу або запякаюць мяса ў фользе. І чамусьці ўжо няма такога адчування свята, як было раней...
– На жаль, і велікодны куліч з электрычнай хлебапечкі не можа параўнацца з духмяным пячным пірагом, – разважае Сяргей.
Дарэчы, новыя сучасныя тэхналогіі паспяхова асвойвае Станіслаў Іосіфавіч і часта радуе сваё сямейства свежаспечаным прадуктам.
– Рэцэпты бяру з кніг, а таксама з інтэрнэту, – дзеліцца ён. – Але самае галоўнае – улічыць пажаданні ўсіх маіх дамачадцаў: хто любіць салодкае, хто – з разынкамі… Гатую і іншыя стравы. І заўсёды падыходжу да гэтага з душой.
Вось і Сяргей упэўнены, што ніхто, акрамя ягонага цесця, не прыгатуе такі смачны і пульхны амлет, які «не сядае» і знікае з талерак за лічаныя хвіліны.
Дарэчы, у гэтым гасцінным доме прыжылася яшчэ адна традыцыя, якую зяць пераняў у сваіх бацькоў.
– Звычайна па суботах мая мама гатавала мучныя бліны з мачанкай, – расказвае Сяргей. – У апошні час кожную нядзелю мы таксама пачалі пячы бліны, толькі бульбяныя, але абавязкова з мачанкай. Нашы дзяўчаты ў адказе за бліны, а мужчынская палова – за падліву. Атрымліваецца вельмі смачна! Такі агульны занятак нас яшчэ больш згуртоўвае.
На свята абавязкова прыязджае ў бацькоўскі дом і сын Уладзіслаў са сваёй жонкай. Ён асталяваўся ў сталіцы, працуе інжынерам у аэрапорце.
На гэты раз за велікодным сталом збяруцца чатыры пакаленні дружнай сям’і Чашчэвікаў-Хільмановічаў, а таксама бацькі Сяргея. Абавязкова прыйдзе да сваіх дзяцей бабуля Ядзя – мама Алены Феліксаўны, якая звычайна бярэ на сябе самы адказны абавязак – фарбуе велікодныя яйкі. Пасля ўрачыстай імшы ў касцёле яны разам з’ядуць асвенчаныя стравы, павіншуюць адзін аднаго, падзякуюць Богу за шчасце і дабрабыт, будуць радавацца і весяліцца. А пазней Сяргей і Алёна абавязкова наведаюць сваіх хроснікаў і ўручаць ім велікодныя падарункі.
Развітваючыся, я ў думках падзякавала айцу Вітальду Пяцельчыцу, які накіраваў мяне менавіта ў гэты дом, дзе адкрытыя і светлыя людзі жывуць з чыстымі думкамі і Богам у сэрцы.
Комментарии (0)