24 Сентября, 2020 Четверг

Патаемнае хараство савецкіх тунэляў

  • 29 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Колькі людзей — столькі поглядаў. Гэтаксама ў кожнага з нас ёсць свая любімая эпоха, у якой мы марылі б жыць ці хаця б часова апынуцца. І калі настальгія старэйшага пакалення па Савецкім Саюзе досыць зразумелая, то з цікавасцю моладзі да гэтага перыяду даводзіцца сустракацца радзей. Аднак і 50 гадоў — гэта ўжо гісторыя, якую варта даследаваць. У фотамастака Георгія Капуснікава асаблівы інтарэс выклікаюць пасляваенныя збудаванні савецкага часу, прычым не столькі самі дамы, колькі тое… што знаходзіцца пад зямлёй. Тунэлі, метрапалітэн, шахты — ён адчувае сябе там калі не як рыба ў вадзе, то ўсё ж досыць утульна. Аднак гэта не проста бязмэтная цікаўнасць — Георгій робіць там фотаздымкі, якія можна назваць сапраўднымі творамі мастацтва. У галерэі Універсітэта культуры была прэзентавана яго першая персанальная выстава пад назвай «Бездань». На фотаработах, прадстаўленых на ёй, было паказана, якім рознакаляровым і яркім убачыў Капуснікаў свет падзямелляў (колькасць яркіх фарбаў на фоне цёмных сцен вельмі ўражвала; міжволі думалася: «А ці паспяваем мы ўбачыць столькі прыгажосці ў «звычайным» жыцці?»). Дарэчы, работы гэтага мастака былі высока ацэнены прадстаўнікамі Беларускага саюза дызайнераў, якія прысутнічалі на адкрыцці выстаўкі. Карэспандэнтка «Звязды» сустрэлася з фатографам, каб распытаць пра схаванае хараство падзямелляў, створаных у савецкі час...

    — Георгій, як з'явілася ваша захапленне фатаграфаваннем тунэляў?

    — Усё пачалося яшчэ ў дзяцінстве. Я прачытаў артыкул пра маскоўскіх дыгераў (даследчыкаў падзямелляў. — Аўт.), іх занятак мне здаўся вельмі захапляльным. Гэтая бездань адразу скарыла мяне сваёй цемрай, неспазнанасцю і бясконцасцю. Я акурат жыў тады недалёка ад мінскага акружнога каналізацыйнага калектара, у якім былі адчыненыя люкі. Аднак спусціцца туды не атрымлівалася, можна было толькі зазіраць зверху і чуць гул вады, што цячэ, — пры гэтым усё астатняе дамалёўвала ўяўленне. У другой палове 1990-х гадоў, калі стала ўжо крыху больш парадку, нават гэтыя адтуліны былі зачыненыя. На пэўны час маё захапленне адышло на другі план.

    — Калі непасрэдна спусціліся пад зямлю?

    — Гэта здарылася ў 2004 годзе, калі я заканчваў школу. Ужо даўно на прыкмеце меў некалькі труб, і вось настаў час у іх зазірнуць. Фотаапарата першапачаткова не было, аднак здымаць хацелася даўно. Ужо пазней у мяне з'явілася першая плёначная «мыльніца». Год-паўтара я здымаў на яе, аднак мала што атрымлівалася, бо на ёй не мелася ручных настроек, і зрабіць штосьці якаснае ў цемры было праблематычна. У 2006-м займеў добры фотаапарат, тады і пачаў здымаць па-сапраўднаму, у тым ліку пад зямлёй. Аднак з тых гадоў вельмі мала картачак, якія хоць нечага вартыя. Адзінае, некаторыя з іх з'яўляюцца гістарычнымі і адлюстроўваюць выгляд тых камунікацый, што былі зменены або пракладзены ў іншых месцах.

    — Пэўна, пачалі карыстацца нейкім дадатковым абсталяваннем?

    — Насамрэч нічога такога, акрамя ўласна фотаапарата і штатыва. Астатняе папросту складана апусціць уніз. Таксама выкарыстоўваю ліхтары, якія асвятляюць мне шлях пад зямлёй.

    — Калі з'явілася адчуванне, што вашы фотаздымкі нечага вартыя ў мастацкім плане?

    — У 2014 годзе ў маім жыцці пачалі адбывацца пэўныя змены. Можна назваць гэта «ўцёкамі», а можна — «дзеяннем», але я вырашыў зноў спусціцца пад зямлю. І тады ўпершыню зразумеў, што ў тым, што бачу вакол, ёсць нешта адметнае. Змянілася хутчэй не тэхніка, якой фатаграфаваў, а маё ўнутранае адчуванне.

    — Можна сказаць, вы сталі ўтульна сябе адчуваць пад зямлёй?

    — Не, проста з-за новага досведу я стаў адчуваць яе больш тонка і глыбока.

    — Гледзячы на вашы работы, здзіўляешся, як шмат у іх яркіх колераў. Як вам удалося ўбачыць усё гэта ў тунэлях?

    — Калі не баішся і спускаешся туды з адкрытымі вачыма (а не заплюшчанымі ад страху), то абавязкова ўбачыш. Там іншыя колеры, і яны бачацца цудоўнымі каштоўнымі камянямі, якія ззяюць больш яркімі адценнямі, чым тыя, што мы прывыклі бачыць. На паверхні нашы вочы перанасычаны каляровымі фарбамі, а ўнізе, на кантрасце, усё бачыцца больш яркім. І тут нам часцей за ўсё трапляюцца штучныя фарбавальнікі, а там толькі натуральныя пігменты — або мінералы, або розныя бактэрыі.

    — Якія колеры часцей за ўсё сустракаюцца?

    — Бактэрыі выклікаюць блакітнае адценне. Такі ж колер маюць звычайныя дробныя кроплі вады. Розныя адценні бываюць у бетону — у залежнасці ад маркі і антыкаразійных пакрыццяў, што на яго нанесены: вар'іруюцца ад сіняга, праз цёмна-шэры, да белага і жоўтага. Мінеральныя злучэнні часцей за ўсё даюць розныя адценні рудога і белы колеры, апошні здаецца асабліва яркім на кантрасце з бетонам.

    — Якія аб'екты вы фатаграфавалі?

    — Я не магу сказаць, што шмат ведаю пра пэўныя тунэлі. Хутчэй, для мяне больш важны гістарычны перыяд, у які яны ствараліся, — пасляваенны Савецкі Саюз. Калі казаць менавіта пра знакавыя тунэлі, то ў Мінску іх няшмат. Гэта найперш Няміга: адзін з яе прытокаў пушчаны па падземным ходзе, пабудаваным да рэвалюцыі, а частка асноўнай плыні — па даваенным калектары. У гэтым яе гістарычная каштоўнасць. Аднак я займаўся адлюстраваннем менш вядомай з'явы — той, што, на маю думку, на нашых вачах адыходзіць у небыццё — гэта бестраншэйны метад пракладкі, больш блізкі метрабудаўнікам і шахцёрам.

    — Атрымліваецца, закаваную рэчку Нямігу вы таксама бачылі?

    — Так, але Нямігу цяпер сфатаграфавала бадай чалавек сто. Адбылося пэўнае вераломнае паломніцтва да яе. Напрыклад, у вядомым «сталактытавым пакоі», які ёсць там, цяпер няма ніводнага сталактыта. Людзі, што траплялі туды, не імкнуліся пранікнуцца ўсім, а хутчэй паддаваліся ўплыву моды.

    — Што вас найбольш уражвае пад зямлёй?

    — Гукі, пахі, цемра, адзінота, замкнёная прастора. Камусьці гэта можа здацца не зусім здаровым, аднак такія эмоцыі акурат нагадваюць, што ты жывы. Вяртаючыся на паверхню, мацней адчуваецца кантраст веснавога сонца, ветру, свежага паветра. Гэта дапамагае згадаць каштоўнасць такіх простых рэчаў, пра якую мы часам забываемся.

    — Скажыце шчыра, ніколі не было страшна?

    — Не. Можа, толькі ў самым пачатку, калі яшчэ дрэнна ўяўляў сабе структуру такіх камунікацый. І, магчыма, у метро, дзе існуе верагоднасць падзення. Пад маім таварышам аднойчы абвалілася ржавая прыступка. Аднак гэта не было вельмі небяспечна, бо ён правяраў трываласць паверхні перад тым, як апусціцца на яе вагой усяго цела. Трэба проста не забываць, што ты пад зямлёй.

    — Ці фатаграфуеце тое, што знаходзіцца на паверхні?

    — Так. Аб'екты прамысловасці, мастацтва, архітэктуры савецкага пасляваеннага часу. Мая цікавасць датычыцца прадметаў, якія не так добра схаваны, як тое, што знаходзіцца ўнізе, яны могуць атачаць нас кожны дзень. Але часта з-за стэрэатыпаў ці проста тлуму мы не падымаем вачэй, каб убачыць усё гэта. Напрыклад, буйнапанэльнае будаўніцтва (якое яшчэ не адышло ў гісторыю, але ўсё ідзе да гэтага) — яно мае вельмі цікавую гісторыю нават у межах Мінска. Пры ўсёй яго, на першы погляд, аднатыпнасці, мінімалізме па ўсім Савецкім Саюзе такія дамы вельмі адрозніваюцца. Насуперак тым умовам, у якіх знаходзіліся праекціроўшчыкі і архітэктары, будынкі вельмі сур'ёзна дэкарыраваныя. Да таго ж сам па сабе панэльны дом — гэта досыць прыгожа. Кажучы метафарычна, гэта пэўная спроба ўпарадкаваць хаатычную рэальнасць. Тады не прынята было прымаць чалавека такім, які ён ёсць, як гэта робяць цяпер лібералы і вельмі гэтым ганарацца (яны не спрабуюць змяніць чалавека). Быць можа, я мізантроп, аднак я пачаў з сябе: зразумеў, што чалавечая прырода не надта прывабная менавіта на сваім прыкладзе, а ўжо пасля расплюшчыў вочы і зазірнуў у іншых і ўбачыў, што калі мы не будзем літаральна кожны дзень пераступаць праз сябе, то ўсё насамрэч апусціцца ў поўны хаос...

    Незвычайны творчы погляд, якім надзелены Георгій, невыпадковы. Бо выхоўваўся ён у сям'і беларускіх авангардыстаў. Бацька Андрэй Капуснікаў у свой час быў вядомы як «самы брутальны мастак па ржавым метале» (яго не стала ў 2010 годзе). Маці Жанна Капуснікава працягвае актыўна тварыць і сёння, пару месяцаў таму яна прэзентавала альбом і выстаўку «Другія «Дажынкі».

    Сам Георгій Капуснікаў пра сваю выстаўку фотаздымкаў пад назвай «Бездань» расказвае так:

    «… Старыя бетонныя зводы глядзяць на нас чорнай безданню, цудоўнай, бо яна так падобная на тую, што ёсць у кожным з нас. Мала хто адважыцца сустрэцца з ёй позіркам, каб убачыць, як яна расцвітае, апранаючыся ў розныя фарбы ў промні ліхтара, быццам вясна, якая выходзіць пяшчотнай хадой з ранішняга туману. Як і мала хто адважыцца зазірнуць да дна ў нейчыя вочы, або ў сваю душу, у бездань даўжынёй і глыбінёй у жыццё.

    Савецкія шахцёры ў забоі часта рабіліся героямі хранікальных кадраў. Тым не менш сёння мала хто суперажывае гэтаму подзвігу, які тварылі тысячы людзей кожны дзень...»

    Автор: Ніна ШчарбачэвічЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)