20 Апреля, 2024 Суббота

Первая хозяйка на деревне. 78-летняя бабушка следит за порядком в двух населенных пунктах

  • 30 марта 2016 Общество Беларуская 0

    Старасту ў вёсцы можна параўнаць з гаспадаром у хаце. У Шарашэўскім сельвыканкаме зазначаюць, што ў Веры Пятроўны Усовіч сапраўдны гаспадарскі падыход да даручаных спраў.

    На прыгожай вясковай  хаце старасты вёсак Доўгае і Сухаўшчына шыльдачка «Дом узорнага парадку». Пераступіўшы парог, разумееш, што такую адзнаку далі не толькі за знешнюю дагледжанасць сядзібы, але і ідэальны парадак унутры дома. Але парадак жанчына стараецца падтрымліваць не толькі на асабістым падворку, але і ў вёсках, жыхары якіх яе надзялілі грамадскімі абавязкамі.

    Абавязкі старасты на плечы Веры Пятроўны ўсклалі параўнальна нядаўна — у 2014 годзе. Клопаты аб праблемах людзей і парадку — напэўна, яе жыццёвае крэда. Хутка саджаць бульбу — пенсіянерка ўжо пачынае клапа-ціцца пра соткі для вяскоўцаў. Да аўталаўкі ў людзей прэтэнзій няма, а вось да стану дарог перыядычна ўзнікаюць, і стараста аператыўна накіроўвае заўвагі ў адпаведныя службы і кантралюе, каб іх не пакінулі без увагі.

    На жаль, працэс вымірання не мінае ні Доўгае, ні Сухаўшчыну: у адной жылымі застаюцца ўсяго восем дамоў, у другой толькі на пару жыхароў больш. Апусцелыя сядзібы рана ці позна прыходзяць у непрывабны стан. Змагацца з пустазеллем жанчыне дапамагаюць сыны, якія, калі прыязджаюць з Брэста, абкошваюць вясковыя вуліцы.

    — У Сухаўшчыне вельмі дарэчы была б дапамога «Райаграсэрвіса»: арганізацыя прадае пустуючыя дамы пад разборку, а на месцы вывезеных зрубаў застаецца смецце. Хіба няправільна будзе, калі адказнай за парадак у такіх выпадках стане гаспадарка?

    Пакуль жа пенсіянерка разлічвае толькі на сябе.

    — Пры дарозе паміж Доўгім і Сухаўшчынай дрэва спілілі — засталося шмат галля: трэба неяк прыбраць, — гаворыць стараста.

    Вяскоўцаў да гэтых спраў не прыцягвае:

    — Я — жанчына, таму, зразумела, многа работы самастойна не зраблю, але сёння не шмат ахвочых дапамагаць. Вось таму і бяруся за справы адна.

    У свае 78 гадоў Веры Пятроўне бадзёрасці і энергіі не пазычаць. Актывісткай яна была з маладых гадоў. Жанчына сціпла кажа пра свае працоўныя дасягненні і дастае з шафы цэлы стос грамат і падзяк: малаказборшчыца тагачаснага калгаса «Новая Крыніца» неаднаразова займала першыя месцы ў спаборніцтвах па закупу малака.

    — За год збор малака ад каровы даходзіў да дзвюх тысяч кілаграмаў, — успамінае жанчына. — А раней яго як збіралі? У бітоны на возе. Словам, мяне цяжкасцямі не спужаеш.

    Дарэчы, за першы ж год работы старастай В.П. Усовіч была адзначана падзякай райвыканкама.

    У актыўнай пенсіянеркі ніколі няма часу для суму:

    — Чым заняцца ў вёсцы ў доўгія зімнія вечары, праблема толькі для гультая. Я, напрыклад, тэлевізар амаль не гляджу — хіба што толькі навіны. Лепш «раёнку» пачытаю: яшчэ мае бацькі яе выпісвалі, калі я была дзяўчом, — там хаця б мясцовыя навіны. А пры жаданні, маючы пад бокам аб’язную дарогу, можна і ў Брэст да дзяцей на вячоркі з’ездзіць.

    Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

    Раённыя будні

    Автор: Марына ВакульскаяРаённыя будні

Комментарии (0)