Летась надвор’е ўнесла карэктывы ў работу па нарыхтоўцы бярозавага соку. У сярэдзіне красавіка ў лясах яшчэ ляжалі гурбы снегу. А сёлета ў апошнія дні сакавіка, калі мы завіталі ва Уздзенскае лясніцтва, толькі дзе-нідзе быў напамінак пра зіму.
Па словах майстра лесу Уздзенскага лясніцтва Уладзіміра Новіка, у першы дзень збору (28 сакавіка) сок ішоў дрэнна.
— Калі тэмпература ноччу апускаецца да нуля і ніжэй, рух соку спыняецца, — адзначыў Уладзімір Аляксеевіч. — Толькі днём, калі паветра праграваецца, сок зноў ідзе. На 31 сакавіка наша лясніцтва сабрала каля пяці тон соку. Упэўнены, што даведзенае заданне (нарыхтаваць 60 тон) выканаем.
Нарыхтоўкай гаючага бярозавага напою займаюцца ўсе шэсць лясніцтваў.
— У гэтым сезоне нам неабходна сабраць 360 тон соку. Большую частку бярозавіку лясгас паставіць на прадпрыемствы-перапрацоўшчыкі, такія як ААТ “Савушкін прадукт”, Мінскі завод безалкагольных напіткаў, ААТ Гарадзейскі цукровы камбінат”, — расказала намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Наталля Крук.
У адрозненні ад Нёманскага лясніцтва, дзе большасць нарыхтаванага соку ідзе на перапрацоўку, ва Уздзенскім асноўным спажыўцом з’яўляецца насельніцтва.
— За збыт мы спакойныя, — кажа Н. Крук. — Гэта прадукцыя карыстаецца ўстойлівым попытам. Людзі, якія аднойчы набылі нарыхтаваны лясгасам бярозавік, ведаюць, што тут ён заўсёды свежы і чысты. Цэны прымальныя: 1.680 рублёў за літр пры куплі на месцы збору і 1.800 рублёў за літр — у лясніцтве. Варта адзначыць, што кожны год наш сок праходзіць апрабацыю, пацвярджаючы свае высокія якасці і экалагічную бяспеку.
Для тых, хто хоча нарыхтаваць сок самастойна — галоўнае без самадзейнасці. Інакш можна атрымаць немалы штраф. Нарыхтоўка соку і іншых дароў прыроды рэгламентавана прыродаахоўным заканадаўствам, а з пачаткам руху сокаў дзяржаўная лясная ахова асаблівую ўвагу надае ахове бярозавых гаёў і змешаных лясоў, дзе растуць спелыя бярозы. Магчыма, некаторыя парушальнікі паспрабуюць спаслацца на няведанне пэўных патрабаванняў і абмежаванняў, але ж няведанне закону не вызваляе ад адказнасці.
За парушэнне правілаў нарыхтоўкі соку прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Нарыхтоўка соку на тэрыторыі, дзе гэта забаронена, збор без дазваляючага дакумента, парушэнне вызначаных тэрмінаў, ужыванне забароненых сродкаў і метадаў нарыхтоўкі соку або іншае парушэнне правілаў нарыхтоўкі можа каштаваць да 20 базавых велічынь з фізічнай асобы, для індывідуальнага прадпрымальніка — да 100, юрыдычнай асобы — да 500 базавых велічынь. “Таму калі вы не ведаеце, як правільна рабіць падсочку і нарыхтоўваць сок, звяртайцеся ў бліжэйшае лясніцтва за ўжо нарыхтаваным бярозавікам,” — кажа Уладзімір Новік.

Комментарии (0)