24 Апреля, 2024 Среда

Імгненне, напоўненае прыгажосцю

  • 11 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Рыхтавацца да Вялікадня выхаванцы гурткоў «Бісерная вясёлка» і «Рукадзельны свет» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» пачалі яшчэ ў лютым. Кіраўнік творчых аб’-яднанняў Іна Крук вучыць хлопчыкаў і дзяўчынак рукадзеллю, знаёміць з традыцыямі розных народаў.

    Яна ўмее заўважыць у будзённай мітусні імгненне, напоўненае прыгажосцю. На заняткі да Іны Касьянаўны, якія праводзяцца на базе цэнтра і ў Цюрлёўскім дзіцячым садзе, прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі ад 7 да 14 гадоў.

    — Гурткі наведваюць дзеці з праваслаўных і каталіцкіх сем’яў. Таму расказваю ім пра традыцыі абедзвюх канфесій. Таксама ім цікава слухаць і пра звычаі іншых народаў, — заўважае педагог.

    Іна з дзяцінства захаплялася рукадзеллем. У былой пачатковай Цюрлёўскай школе дзякуючы сваёй першай настаўніцы Азе Пашкевіч, якая цяпер на заслужаным адпачынку, асвоіла макрамэ. У маладзечанскай СШ №2, дзе вучылася далей, настаўніца працоўнага навучання Святлана Васільева зацікавіла шыццём і вязаннем. Пакрысе Іна самастойна пачала асвойваць іншыя віды рукадзелля і нават не думала, што з цягам часу хобі ператворыцца ў прафесію.

    — Я вучуся разам са сваімі выхаванцамі, — прызнаецца майстрыха. — Дэкупаж, світ-дызайн, скрапбукінг, пляценне з газетных трубачак рамак для фота і карцін… Зусім нядаўна мы асвоілі выраб фларыстычных кампазіцый з фаамірану – успененай гумы. Дзякуючы спецыяльнай тэхналогіі кветкі

    атрымліваюцца, як жывыя. Напярэдадні Вербнай нядзелі афармлялі вербы, а вырабляць сувенірныя велікодныя яйкі і іншыя атрыбуты свята пачалі яшчэ ў лютым.

    Творчыя работы выхаванцаў Іны Касьянаўны неаднойчы прызнаваліся лепшымі на розных конкурсах і фестывалях. Настаўніца і сама з задавальненнем спрабуе сябе ў якасці канкурсанткі. Нядаўна яе вязаную кручком камізэльку назвалі лепшым рукадзельным вырабам у міжнародным інтэрнэт-конкурсе, калі людзі з усяго свету выкладвалі фота сваіх вырабаў. У якасці прыза Іна атрымала набор для рукадзелля, які ёй даслалі па пошце з Дэтройта.

    — Я лічу, што важна навучыць дзяцей не толькі ствараць прыгожыя вырабы, але і зарабляць грошы рукадзеллем. Таму мы актыўна супрацоўнічаем з вучнёўскай бізнес-кампаніяй «Поспех» нашага цэнтра.

    Іна Касьянаўна разам са сваімі выхаванцамі пачынае рыхтаваць тэматычныя работы да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Мала-

    дзечна-2016». Імгненні, калі нараджаецца нейкая ідэя, яна лічыць своеасаблівай паэзіяй. А вынікам гэтых імгненняў заўсёды гатова дзяліцца з тымі, хто атрымлівае асалоду ад творчасці.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    «МГ»

    Автор: Ірына РАБУШКА.Маладзечанская газета

Комментарии (0)