24 Апреля, 2024 Среда

Як не памыліцца з выбарам аўташколы?

  • 12 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Аўтамабіль даўно перастаў быць прадметам раскошы. Хочаш паўсюдна паспяваць – павышай хуткасць свайго перамяшчэння, садзіся за руль. Цяпер і ў Івацэвічах ёсць выбар для будучага вадзіцеля – кіраванню аўтамабілем можна навучыцца ў адной з трох навучальных устаноў: аўташколе раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ, аўташколе прафліцэя сельгасвытворчасці ці ў Івацэвіцкім навучальным цэнтры “Вялікая Мядзведзіца”. Але там, дзе выбар – заўжды сумневы. Давайце параўнаем аўташколы па пэўных крытэрыях, каб вызначыцца з альма-матэр было прасцей.

    Тыя пазіцыі, якія падаюцца мне важнымі, прыведзены ў табліцы, складзенай для зручнасці: зірнуў у яе – і адразу бачна, на што можна разлічваць, запісваючыся ў пэўную аўташколу. Праўда, будучых вадзіцеляў у большасці сваёй цікавяць два моманты: месцазнаходжанне аўташколы (пажадана як мага бліжэй да месца пражывання ці працы, вучобы), а таксама кошт навучання (хочацца больш танных паслуг). Маё меркаванне іншае. Як чалавек, які вучыўся у адной з івацэвіцкіх аўташкол і мае вадзіцельскае пасведчанне, раю прыслухацца да голасу народа. Выбіраеце аўташколу – пацікаўцеся ў знаёмых, якія прайшлі праз “гарніла” навучальнай установы, якія ўражанні яна пасля сябе пакінула, ці лёгка даўся экзамен у МРЭА, ці кіруюць яны аўтамабілем цяпер, калі навучанне за спінай, альбо паклалі правы на паліцу. Вядома, колькі людзей, столькі і меркаванняў, але карціна ўсё роўна вымалюецца. Я пайшла ў аўташколу, якую параілі (дазвольце пакінуць яе назву ў сакрэце, каб усе навучальныя ўстановы засталіся ў роўных умовах), хоць ха-дзіць пасля заняткаў дамоў было і далёка, а вучыцца выпала ўзімку. Затое рэзультатам засталася задаволена – спадабалася стаўленне да справы і выкладчыка, і інструктара, экзамен быў здадзены паспяхова, праўда, з другога разу. Але пра гэта – пасля.

    І вось неўзабаве мы падышлі да таго, што я таксама лічу надзвычай важным – чалавечыя адносіны. Важна, на якім ты ездзіш аўтамабілі (хочацца, каб ён быў новым), важна, у якой аўдыторыі займаешся (мерзнуць не хочацца, каб камп’ютар быў дагістарычны не хочацца), але няма нічога важней за чалавека, які цябе вучыць. Калі расказвае выкладчык цікава, калі інструктар не раздражняецца на тое, што ты дуб дубам у дыяганальнай паркоўцы, то справа зладзіцца. Як напасці на след добрага настаўніка? І тут таксама дапамогуць водгукі знаёмых – горад маленькі, усе адзін аднаго ведаюць.

    Калі б у якой-небудзь з нашых аўташкол быў трэнажор, я б параіла пайсці вучыцца менавіта туды. Але такіх у Івацэвічах няма і ў хуткім часе не будзе. Бо добры трэнажор каштуе як палова нятаннага аўтамабіля. Застаецца арыентавацца толькі на аўтапарк. Але хто яго ведае, што лепш: спакусіцца на, лічы, новы аўтамабіль ці зведаць усе “выгоды” язды на старых-добрых “Жыгулях”? На новай машыне камфортней, ёсць верагоднасць, што яна бу-дзе менш псавацца, але, з іншага боку, кажуць, навучыўся ездзіць на “Жыгулях” – і на верталёце паляціш. Тут ужо кожны выбірае па сабе.

    Цяпер пра экзамен. Якой бы цудоўнай ні была абраная аўташкола, поспех на фінальным этапе залежыць ад навучэнца. Калі праштудзіраваў праграму, наведваў заняткі, паспяхова здаваў залікі, то з тэарэтычным этапам справішся. Асвоіў элементы на аўтадроме – не прамажаж міма “гаражу”. Ваджэнне па горадзе больш залежыць ад стану нервовай сістэмы. Я ўвогуле забылася машыну завесці падчас экзамена і не разумела, чаму яна не едзе. На што экзаменатар сказаў мне: “Ну, давай, як у дзяцінстве. Кажы брум-брум-брум – можа, машына і паедзе”. І я прыйшла ў сябе, пасмяяліся, паехалі. Ну, ці ёсць у гэтым камічным факце віна майго інструктара? Аніякай! А хлопец з нашай групы, які і да пачатку навучання ўжо добра вадзіў машыну, заваліў здачу “пляцоўкі” – не асіліў эстакаду. Хваляванне ўзяло верх. А калі не хвалявацца, ведаць правілы, то няма ў кіраванні аўтамабілем нічога страшнага. Рэдка, але сустракаюцца людзі, якім не дадзена ездзіць на машыне. На маіх вачах у раз пятнаццаты экзамен здавала такая жанчына. У яе ўся “навука” запісаная ў блакноце дробным почыркам – дзе, што і калі націскаць, але на дарозе машыну, якой яна кіруе, пачынае тузаць, глухне яна раз-пораз, у паварот упісацца не атрымліваецца. А бывае іншы выпадак – вадзіцельскае пасведчанне атрымана, а чалавек не ездзіць – баіцца. Калі пасля аўташколы адразу не сесці за руль, праз год трэба ўжо перавучвацца – навыкі забываюцца. Ды і ці можна за тры месяцы навучання ў аўташколе стаць выдатным вадзіцелем? Не, канечне. Вучыцца прыйдзецца яшчэ некалькі гадоў, выяз-джаючы на дарогу штодзённа. Тэорыю я здала толькі з другога разу – не давучыла, а ваджэнне далося адразу – і “пляцоўка”, і “горад”. Поспех у большай ступені залежыць ад нас саміх, а не ад аўташколы, але камфортнае навучанне спрыяе імпэту, з якім бу-дзеш наведваць заняткі і ўбіраць новую інфармацыю.

    Тры аўташколы – гэта нямала для нашага невялікага горада. Адна з іх (аўташкола РАС ДТСААФ) мае філіял у Целяханах. Вядома, каб прыцягнуць да сябе навучэнцаў, кожная з іх прапануе шэраг бонусаў, скідак, акцый. Так, бонус УА “Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці” –самыя нізкія цэны на свае адукацыйныя паслугі. Спецыфіка ўстановы і ў тым, што акрамя падрыхтоўкі вадзіцеляў катэгорыі “В” тут рыхтуюць і трактарыстаў-машыністаў розных катэгорый, ва-дзіцеляў экскаватараў, на што варта звярнуць пільную ўвагу кіраўнікам сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый раёна. Катэгорыі і цэны – у табліцы, але ўдакладняем, што катэгорыя “F” дае права кіраваць экскаватарамі з аб’ёмам каўша да 1 м куб. і спецыялізаванымі пагрузчыкамі, а “В, D” у дадзеным выпадку – энерганасычанымі трактарамі, самаходнымі сельскагаспадарчымі машынамі. Для моладзі ёсць магчымасць навучацца ў прафліцэі і паралельна праходзіць падрыхтоўку ці перападрыхтоўку на атрыманне пэўнай катэгорыі (на платнай аснове).

     Івацэвіцкі вучэбны цэнтр “Вялікая Мядзведзіца” рыхтуе вадзіцеляў з 2013 года (тады яшчэ ён быў філіялам Кобрынскага вучэбнага цэнтра), 296 чалавек прайшлі там навучанне. Акцыі школа праводзіць штомесяц, дзейнічаюць скідкі для старшакласнікаў (навучацца ў аўташко-лах можна з 16 гадоў, але здаваць экзамен могуць толькі паўналетнія). У хуткім часе ў дадзенай аўташколе можна будзе прайсці і перападрыхтоўку на катэгорыі “С”,”Е”,”D”– запіс жадаючых ужо пачаўся. І, нарэшце, бонус. Паколькі здаваць экзамен даводзіцца ў Бярозе, прадугледжаны і вучэбны маршрут па гэтым горадзе. Кожная з трох нашых аўташкол гарантуе трэніроўку ў Бярозе, але толькі “Вялікая Мядзведзіца” прапануе 6 заняткаў у гэтым горадзе, якія закладзеныя ў кошт навучання.

    Нарэшце, аўташкола РАС ДТСААФ, па словах яе старшыні Валянціна Канашука, таксама прапануе сістэму скідак, якія раней у асноўным прымяркоўваліся да святаў. Практыка гэта бу-дзе прадоўжана. Вось і цяпер аўташкола прапануе скідку да 35% для ўсіх, хто запішацца на навучанне да 30 красавіка. Вядзецца набор у групу выхаднога дня. А каб зрабіць навучанне больш танным, звярнуліся да новых тэхналогій. Цяпер навучэнец па жаданні падчас заняткаў па ваджэнні зможа паставіць у свой тэлефон спецыяльную картку з праграмай, якая будзе падлічваць адлегласць, што праехаў вучэбны аўтамабіль, фіксаваць маршрут. Праехалі на 6 км менш запланаванага – менш трэба будзе і плаціць за паліва. Сістэма яго расходу стане больш празрыстай, аўтамабіль будзе рухацца па распрацаваных маршрутах, заняткі будуць пад кантролем. Такую сістэму ўжо ўкаранілі ў пэўных аўташколах Віцебска.

    Нарэшце, усе тры аўташколы на час здачы экзамену ў МРЭА даюць аўтамабіль – той самы, на якім чалавек вучыўся. Праўда, бясплатная – толькі першая спроба. Калі не пашчасціла атрымаць правы з першага разу, то пераздаваць экзамен на тым жа прывычным аўто можна, але ўжо за дадатковую плату.

    Выбар – справа цяжкая. Сакрат казаў, што б ты ні выбраў, усё роўна пашкадуеш. Але ж гэта быў адказ на пытанне яго вучня: “Ці жаніцца мне, ці не жаніцца?”. Застаецца спадзявацца, што ў адносінах да аўташкол гэтае правіла не дзейнічае, і ўзважванне на вагах здаровага сэнсу ўсіх “за” і “супраць” прывядзе вас у найлепшую аўташколу, і шкадаваць ні аб чым не давядзецца.

    Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

    Автор: Вольга ШЭЛЯГОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)