28 Апреля, 2024 Воскресенье

На буслянцы зноў наваселле

  • 13 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Недалёка ад райцэнтра ў маляўнічым месцы на ўзбярэжжы ракі Шчара раскінулася вёска Набярэжная. І нават дзіўна, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад яна мела іншую, не зусім мілагучную назву – Вонькі. Паветра тут гаючае, ні з чым не параўнальнае. Нездарма вёска так палюбілася гараджанам, і яны ўсё часцей купляюць тутэйшыя хаты пад дачы. А мясцовая аграсядзіба “Медуніца” карыстаецца папулярнасцю круглы год.

    На трох вуліцах – Заводскай, Шашэйнай і Ціхай – усяго 39 вяскоўцаў, якія жывуць тут пастаянна. Але да іх варта дадаць не адзін дзясятак дачнікаў, большасць даўно сталі сваімі, мясцовымі. – Як дачнікі прыязджаюць вясною, то хоць ёсць з кім павітацца, – жартуе першы, каго сустрэлі на пустой вясковай вуліцы, – Міхаіл Шода. Са сваіх 75 гадоў Міхаіл Канстанцінавіч 52 жыве ў Набярэжнай, як сам гаворыць – прыйшоў некалі сюды жаніцца. Пражылі з жонкай душа ў душу, выхавалі трое дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнучку. Нядаўна жонка памерла. Міхаілу Канстанцінавічу дзеці і ўнукі не даюць адчуць сябе адзінокім. Ён спраўляецца па гаспадарцы – трымае коз, курэй, каня. Пенсіянер, чый працоўны стаж крыху не дасягнуў паўстагоддзя, цвёрда ўпэўнены: менавіта праца дапамагае быць у тонусе. Пабываць у Набярэжнай і не зайсці ў дом Мікалая Страмавуса – чалавека з дзіўнай біяграфіяй, шматлікімі захапленнямі, надзвычай эрудыраванага і адукаванага – немагчыма. Гаспадары Мікалай Сямёнавіч і Любоў Фёдараўна завіхаліся ў садзе: з вясною клопатаў прыбавілася, пладовыя дрэвы патрабуюць асаблівага догляду. 50 яблынь,  12 грушаў, рабіна, беларускае ківі – чаго толькі ні сустрэнеш у гэтым садзе. 

    – Як жа прыгожа, калі ўсё ў квецені! Любавацца можна бясконца, – захапляецца гаспадыня. Гаспадар жа, як і належыць кадраваму ваеннаму, больш сціплы і стрыманы ў эмоцыях, але і ён з энтузіязмам расказвае пра свой сад. На некаторых дрэвах, дарэчы, прышчэплена адразу 4-5 розных сартоў. Садаводства – адно са шматлікіх захапленняў Мікалая Страмавуса. Ён – апантаны краязнаўца, вывучае гісторыю роднай вёскі, збірае старыя фотаздымкі, занатаваў і занатоўвае ўспаміны землякоў. Яго нататкам знайшлося месца і на старонках “Ляхавіцкага весніка”. Больш за 30 гадоў назад ваенны штурман змяніў лётную куртку на цывільнае адзенне. Як напамін пра той час – мадэлі самалётаў. Калісьці на такіх лятаў Мікалай Сямёнавіч, а цяпер майструе і калекцыянуе іх маленькія копіі. Ён сціплы чалавек, не любіць гаварыць пра свае дасягненні і поспехі, але пацвярджэнне таго, што ў яго жыцці было месца подзвігу, – шматлікія ўзнагароды, сярод якіх ордэн Чырвонай Зоркі. Дарэчы, ён не адзіны кадравы ваенны ў сям’і Страмавусаў: брат Міхаіл генерал-маёр авіяцыі, быў першым намеснікам камандуючага ваенна-паветраных сіл Беларусі, зараз жыве ў Мінску. – Сярод маіх землякоў ёсць медыкі, настаўнікі, ваенныя, інжынеры, бухгалтары, будаўнікі. Самы першы з аднавяскоўцаў, хто атрымаў вышэйшую адукацыю яшчэ ў 1940 годзе, потым пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Канаду, – расказвае Мікалай Сямёнавіч, пачынаючы экскурсію па Набярэжнай. Сёння цяжка ўявіць, што ў чэрвені 1944 года тут засталіся цэлымі ўсяго 3 дамы і хлеў. Астатнія пабудовы згарэлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. – Адна з уцалелых хат была наша, начаваць прыходзілі па 10-15 чалавек: рассцілалі на падлозе салому і спалі, – успамінае Мікалай Страмавус. 

    Паціху вёска адбудоўвалася, але толькі ў 1965 годзе апошні вясковец перасяліўся з зямлянкі ў дом. А 50 гадоў назад у Набярэжную прыйшла электрычнасць. Калісьці ў вёсцы жыло каля 300 чалавек, была пачатковая школа, працаваў магазін. Цяпер па графіку прыязджаюць аўталаўка, паштовая машына, тройчы на тыдзень – рэйсавы аўтобус. Але мясцовыя жыхары не скардзяцца на жыццё. Добрыя гаспадары, яны падтрымліваюць парадак каля сваіх сядзіб, уладкоўваюць навакольныя тэрыторыі. Ініцыятар усіх спраў – вясковы стараста наш знаёмец Мікалай Страмавус. Адно турбуе і абурае: не паспеюць прыбраць, навесці парадак, як на беразе Шчары чарговыя гора-адпачываючыя зноў пакідаюць пасля сябе кучы смецця, разбураюць тое, што зроблена працавітымі рукамі тутэйшых людзей. 

    Свой сярод сваіх – Сяргей Баўтрукевіч. Мае кватэру ў Ляхавічах, доўгі час працаваў на льнозаводзе, але прыцягненне роднай зямлі аказалася мацнейшым. Пераехаў у сваю вёску, даглядае хворую маці і трымае вялікую гаспадарку – 6 кароў (амаль штодня здае на малочны завод па 130 літраў малака), свіней, курэй, каня, ідэальны парадак падтрымлівае ў доме і ў двары. – Спраўляюся з усім, жонка і сыны (старэйшы працуе праграмістам у Баранавічах, малодшы вучыцца на выратавальніка) прыязджаюць сюды на выхадныя, – дзеліцца Сяргей Баўтрукевіч. Хоць і жыве ў Начы, але па-ранейшаму адчувае сябе набярэжанцам дырэктар ДП “Нача” Мікалай Тарлюк. Вёска на беразе Шчары – яго маленькая радзіма, месца дзе нарадзіўся, вырас, дзе і цяпер жыве самы родны чалавек – матуля. Ніна Ільінічна асабліва радуецца, калі ўсе яе чацвёра дзяцей збіраюцца разам. Зусім нядаўна адзначалі пяцідзесяцігоддзе аднаго з сыноў. 

    У сям’і Жыгадла таксама ў разгары веснавыя агародныя клопаты. Добрыя памочнікі дзеду Валодзю ўнукі Ромка і Улад, якія прыехалі пагасцяваць на канікулы. Гаспадыня тым часам паспела паспытаць новую печ – спякла пірог. Ірына Канстанцінаўна не адно дзесяцігоддзе працавала ў рэгістратуры паліклінікі. Яна тутэйшая, з будучым мужам пазнаёмілася, калі ён праходзіў тэрміновую службу ў адной з вайсковых часцей у Ляхавіцкім раёне. Разам яны амаль чатыры дзесяцігоддзі. Уладзімір Піліпавіч – ветэран вайны ў Афганістане. Доўгі час працаваў на Поўначы. Цяпер перавёз хворую маці з Украіны, разам з жонкай даглядаюць яе. –У Набярэжнай паветра сапраўды гаючае. Цішыня вакол. Прыязджайце сюды летам – лепш чым на поўдні, – запрашае Уладзімір Жыгадла.

     Дарэчы, мясцовыя жыхары лета чакаюць з нецярпеннем: дэпутат Ганчароўскага сельсавета Валянціна Маслоўская паабяцала сабраць як мага больш набярэжанцаў на свята вёскі – сустрэцца, паўспамінаць… А пакуль на старэнькай буслянцы ладзіцца наваселле: буслы прыляцелі.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота:2. Сям'я Жыгадла. 3,4. Дбайны гаспадар Сяргей Баўтрукевіч. У яго нават цацаркі водзяцца.5. Мікалай Страмавус і Любоў Мікуліч. 6. Міхаіл Шода з Набярэжнай. 7. Аграсядзіба «Медуніца»

    Автор: Галіна КАНЬКОЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)