29 Марта, 2024 Пятница

Ніхто не забыты, нішто не забыта

  • 14 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    11 красавіка 2016 года на тэрыторыі 30-й Чырванасцяжнай асобнай чыгуначнай брыгады  каля памятнага знака вязням лагера савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян адбыўся  мітынг-рэквіем, прысвечаны Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.

    Да прысутных  звярнуўся старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец: «Ёсць у жыцці такія даты, якія болем і горыччу адгукаюцца ў сэрцы кожнага чалавека.

    Падчас  Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі было больш за 260 фашысцкіх лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Па далёка не поўных дадзеных, нацысты знішчылі ў іх больш за 1 400 000 чалавек. Камісіяй па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў устаноўлена, што ў лагеры для ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва на тэрыторыі першага ваеннага гарадка ў Слуцку ў перыяд з чэрвеня 1941 года па сакавік 1944 года былі закатаваны, расстраляны, памерлі ад ран і эпідэмій больш за 20 тысяч чалавек.

    Памяць аб усім перажытым і сёння хатынскім звонам гучыць у сэрцы кожнага з нас».

    Вучні сярэдняй школы №5 горада Слуцка прачыталі вершы, прысвечаныя ахвярам канцлагераў, кожнае слова кранула сэрцы прысутных на мітынгу.

    Пад гукі салюта і жалобнага звона старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Аляксеевіч Ражанец, намеснік старшыні райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская і іншыя ўдзельнікі мітынгу  ўрачыста ўсклалі кветкі да памятнага знака. Ніхто не забыты, нішто не забыта.

    У мітынгу прынялі ўдзел  прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, навучальных устаноў Случчыны, ваеннаслужачыя, ветэраны.

    Балючыя ўспаміны і слёзы  на вачах былых вязняў канцлагера Яўгеніі Аляксандраўны Лаўровай, Веры Сяргееўны Ліповік і іншых удзельнікаў мітынгу-рэквіема – нібы наказ усім: беражыце мір.

    «…Нас падзялілі яшчэ ў цягніку. Мне пашанцавала, я трапіў у адзін лагер з матуляй. Куды  адправілі старэйшых сясцёр, я даведаўся толькі пасля вызвалення.  Іх прымусілі быць прыслужніцамі ў багатай сям'і. Выконвалі ўсю брудную работу: мылі (яшчэ доўга потым рукі ў Валі былі маршчыністыя, грубыя, страшныя ад нейкай кіслаты, якой яна мыла бялізну),  даглядалі дзяцей, кармілі жывёлу. Але  хоць бы не галадалі… Яны ведалі, што прачнуцца заўтра. А мы з мамай – не… Мы знаходзіліся ў адным канцлагеры, але ў розных бараках. Спачатку было вельмі страшна, асабліва калі чулі кулямётную чаргу ці прыходзілі людзі ў белых халатах… Потым застаўся толькі голад, дзікі голад. Нам выдавалі па паўбуханкі хлеба на чатыры дні. Я свой з'ядаў адразу. І мама, рызыкуючы быць забітай,  употай прыносіла мне па лустачцы ў дзень, адламанай ад свайго пайка. Што ела яна сама, не ведаю дагэтуль…»,  – гэту гісторыю расказвалі ў нас дома.

    На жаль, такая доля спасцігла вельмі многіх людзей у час  страшнай вайны. І далёка не ўсім пашанцавала вярнуцца жывымі…

    Яшчэ не адзін дзясятак гадоў такія словы, як Асвенцым, Майданек, гета, Халакост будуць выклікаць у людзей жах і душэўны боль.

    З 6 па 11 красавіка ва ўстановах адукацыі і культуры раёна былі праведзены інфармацыйныя, тэматычныя класныя гадзіны, урокі мужнасці, выстаўкі вучнёўскіх работ. Падрастаючае пакаленне павінна ведаць, памятаць і зрабіць усё магчымае, каб падобная трагедыя ніколі больш не паўтарылася.

    Автор: Ірына МАЛЯЎКАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)