27 Апреля, 2024 Суббота

У сялянска-фермерскую гаспадарку "Утрына" Глыбоцкага раёна прыехала валанцёрка з Японіі

  • 15 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Пра сялянска-фермерскую гаспадарку (СФГ) “Утрына”, уладальнікі якой арганізуюць натуральнае экалагічна-чыстае асяроддзе для пражывання, раённая газета  пісала  два гады назад. Купіўшы вясковую хату на Глыбоччыне, Святлана Сцяпанаўна і яе сыны Раман і Руслан узяліся за работу.

    Усё, чым яны займаюцца, здзіўляе прыезджых, бо тэхніка і тэхналогія як у земляробстве, так і ў іншых відах гаспадарання значна адрозніваюцца ад  традыцыйнай мясцовай.

    Нагодай для чарговага візіту ў “Утрына” стаў прыезд у глыбоцкую глыбінку валанцёраў з Японіі і Расіі. Мы ўжо ведалі, што малады гаспадар  Раман Мельнічэнка  выступае на міжнародных экалагічных форумах, рыхтуе відэакурсы і відэаўрокі, якія выкарыстоўваюць у расійскіх школах з мэтай экалагічнага выхавання школьнікаў, што “Утрына” выбіраюць як месца адпачынку, правядзення экалагічных вяселляў, што сюды за экзотыкай  едуць замежныя госці.

    --Больш за год з дапамогай Інтэрнэту мы супрацоўнічаем з  сусветнымі экалагічнымі пляцоўкамі. На сваіх сайтах яны размяшчаюць інфармацыю  пра нас, нашу дзейнасць, нашы магчымасці, жаданне развівацца, пра тое, што мы шукаем памагатых і па заяўках карыстальнікаў за пэўную плату падбіраюць для іх адпаведныя варыянты, — расказвае Раман. – Так “знайшлася” і Акіко. Яна прыехала да нас у сярэдзіне лютага на тры тыдні, дапамагае па гаспадарцы.

    Ужо тры гады як Акіко вывучае англійскую і рускую мову, а таму мы змаглі крыху пагаварыць з ёй. Дзяўчыне 35 гадоў, яна не замужам, але мае сябра ў Кыргызстане. Жыве ў прыгарадзе Токіа, працуе ў сферы маркетынгу. Работа вельмі стаміла дзяўчыну, а таму яна выбрала менавіта такі адпачынак: не  на сонечны пляж адправілася, а ў далёкую, за 8 тысяч кіламетраў, Беларусь, а дакладней – у  глыбоцкую глыбінку. У той дзень Акіко нарыхтоўвала чарот. У вясковых валёнках  і галёшах, у самаробных рукавіцах, цёмнай вязанай шапцы яна была падобна да вясковай бабулькі, праўда, з  даволі экзатычнай для гэтых мясцін знешнасцю. На пытанне  “Што ёй падабаецца ў “Утрына” больш за ўсё?” Акіко адказала па-руску: “Здесь очень вкусно кормят”.

    --Калі Акіко толькі прыехала, то паказвала, што есці ёй трэба накладваць “чуть-чуть”, а цяпер кожны раз сама бярэ дабаўку, — кажа Святлана Сцяпанаўна. – Мы рады, што нашы экалагічна-чыстыя беларускія стравы ёй прыйшліся даспадобы. Я вучу яе гатаваць. Нядаўна  разам варылі боршч, у які яна, калі я адвярнулася, ледзь не насыпала сваіх японскіх макаронаў.  Акіко цікавіцца нашай культурай,  а таму мы разам з ёй пабывалі на свяце Масленіцы ў Глыбокім. Людзі ў нас бываюць розныя: шведы, немцы,  цяпер француз прыехаў, ёсць заяўка з Амерыкі. Наш абавязак – не толькі гасцінна сустрэць прыезджых, але і навучыць іх таму, чым яны цікавяцца. Аднаго мы вучылі працаваць з глінай, паказвалі, як рабіць тындыр (печ, у якой можна пячы хлеб і абпальваць  гліняныя вырабы); другога – з  лазы плесці. Калі каго зацікавіць, можам арганізаваць майстар-клас па вырабе прагулачных і спартыўных нартаў, бо  жыве непадалёк  ад нас такі майстар. Мы вучым іх, яны – нас таму, што ўмеюць самі, а карысць атрымліваецца падвоеная.

    Цікаўлюся ў Рамана пра апошнія яго “вынаходніцтвы”.

    --Нядаўна зрабілі лазню па даўняй старарускай традыцыі, якая цепліцца па-чорнаму. Размяшчаецца яна ў выкапаным на глыбіні двух метраў падзямеллі, зверху – насып як у вясковых склепах.  Паколькі ўсё цяпло ідзе ўверх, то насып хочам прыстасаваць пад градку і вырошчваць цеплалюбівыя расліны – гарбузы і дыні. На перспектыву плануем узяць у арэнду больш зямлі, лясныя пасадкі, выкапаць каля дваццаці сажалак і зарыбіць іх, — планаў у хлопца шмат. – Думаю, што паціху-памалу ўсё задуманае ажыццявіцца, бо ў мяне працавітыя  памочнікі ёсць: брат Руслан, мама, Эдзік і Мая, якія прыехалі з Салігорска, мясцовыя жыхары, валанцёры.

    Прыехала ў «Утрына» і валанцёрка Юлія. У той дзень гаспадары збіраліся цепліць для гасцей лазню і Юлія дапамагала Руслану  мыць бочку  з-пад вады.

    Юля, як і Акіко, у Беларусі ўпершыню. Дзяўчына родам з Самары, да якой каля двух тысяч кіламетраў у адзін бок. Па спецыяльнасці яна — інжынер, працуе аналітыкам па продажы.

    --Прыехала, каб адчуць розніцу паміж гарадскім мітуслівым мегаполісам і вясковай цішынёй, змяніць род заняткаў і адпачыць, — кажа дзяўчына.

    Калі ўлічыць, што ў  Самары чатыры мільёны жыхароў, а ў «Утрына» –  усяго чатыры чалавекі, то, спадзяёмся, Юля розніцу адчуе і сапраўды адпачне.

    Дзякуючы таму, што раённы выканаўчы камітэт і яго старшыня Алег Морхат падтрымлівае ўсе цікавыя ініцыятывы, дае “зялёнае святло” новым ідэям,  на Глыбоччыну ездзяць па вопыт, за ведамі, за магчымасцю пабачыць прыгожае  і стаць часцінкай працэса развіцця раёна.

    Автор: Галіна СутулаВеснік Глыбоччыны
    Теги: 

Комментарии (0)