За кожным з 1720 імёнаў загінулых вязняў, увекавечаных у мемарыяльным комплексе «Шталаг-342», – сямейная трагедыя, слёзы і боль. І памяць, якая перадаецца ад аднаго пакалення да другога і прымушае пераадольваць сотні, тысячы кіламетраў, каб пакланіцца апошняму прыстанішчу дарагога чалавека.
На шэрай каменнай пліце кроплямі крыві палымнеюць жывыя гваздзікі. «Гэтыя кветкі табе, татачка!» — дакранаецца да літар пасівелая дачка.
Для жыхаркі Падмаскоўя Валянціны Гур’янавай маладзечанскі мемарыяльны комплекс «Шталаг-342» стаў адзіным месцам, да якога яна можа ўскласці кветкі ў памяць пра свайго бацьку Васілія Любавіна. З Валянцінай Васільеўнай мы пазнаёміліся за некалькі хвілін да пачатку мітынгу-рэкві-
ема, прысвечанага Міжнароднаму дню вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, які штогод 11 красавіка праводзіцца ля «Шталага-342». Пад жалобныя мелодыі ваеннага аркестра расіянка расказала нам шчымлівую гісторыю сваёй сям’і:
— Якой яны былі прыгожай і шчаслівай парай – мае тата і мама! Ён – гарманіст, яна – спявачка. Выступалі дуэтам. Пад гукі музыкі і нарадзілася іх вялікае каханне. Ды толькі было яно такім кароткім – усяго чатыры гады пражылі разам. Мне было тры, калі тату ў першыя дні вайны прызвалі на фронт. Толькі адно пісьмо паспеў прыслаць маці. Пасля прыйшло паведамленне, што ён прапаў без вестак. Мама памерла ў 1947-м, мяне выгадавала цёця. Больш за 60 гадоў я, адзіная дачка, нічога не ведала пра лёс свайго таты.
Трэці раз Валянціна Гур’янава прыехала ў наш горад. Як і раней, спыніліся з сынам Аляксеем у кіраўніка клуба «Пошук» СШ №5 Лідзіі Князевай, якая стала для яе вельмі блізкім чалавекам. Дзякуючы Лідзіі Барысаўне і яе клубаўцам сем гадоў таму Валянціна Васільеўна даведалася, што яе бацька загінуў у шталагу ў студзені 1942 года. Бясконцай удзячнасцю поўніцца сэрца дачкі, якая ўсё жыццё марыла знайсці апошняе прыстанішча роднага чалавека. «Цяпер наша сям’я назаўжды звязана з Беларуссю», — гаворыць расіянка.
З вялікім узрушэннем успрыняла Валянціна Васільеўна вестку аб тым, што сёлета Лідзіі Князевай прысуджана званне ганаровай грамадзянкі Маладзечанскага раёна. Пра гэта ў час урачыстага мітынгу нагадаў прысутным намеснік старшыні райвыканкама Алег Хлебавец. Сказаў і пра тое, што сёлета ўстаноўлена восем новых мемарыяльных пліт з імёнамі 200 загінулых. Іх сваякі, як і Валянціна Гур’янава, змогуць схіліць галаву перад памяццю блізкіх.
Святая, богаўгодная справа, за якую кіраўніцтва раёна, усе яго жыхары ўдзячныя Л. Князевай і яе юным памочнікам. Ад дэпутацкага корпуса да прысутных звярнуўся намеснік старшыні раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Арцём Нікалайчук. Чуллівым было выступленне былога малалетняга вязня Міхаіла Букатага. Малебен за спачын душы загінулых у шталагу правёў настаяцель прыхода Храма Усіх Святых айцец Анатолій Пашкевіч. Жалобную эстафету ў дарослых пераняла моладзь – члены клуба «Пошук» СШ №5. Лампадкі ў руках юнакоў і дзяўчат, вянкі і кветкі, хвіліна маўчання, трохразовы салют, шчымлівыя словы вядучай мерапрыемства Таццяны Цэгалка, пасяджэнне за круглым сталом у СШ №5 – усё гэта даніна нашай вечнай памяці ахвярам апошняй вайны…
Букет чырвоных гваздзікоў усклала на пліты шталага і маладзечанка Валянціна Мігура. Трохгадовай дзяўчынкай трапіла яна са Смаленшчыны ў гэты канцлагер разам са старэйшымі сястрой і братам. Іх маці памерла ад сыпнога тыфу, пра дзяцей не было каму паклапаціцца, яны мерзлі і пухлі ад голаду. Аднак Валянціне наканавана было выжыць, атрымаць адукацыю, вярнуцца ў наш горад і застацца тут назаўсёды. Больш за 40 гадоў адпрацавала яна на харчкамбінаце, цяпер на пенсіі. Штогод 11 красавіка Валянціна Аляксееўна прыходзіць на мітынг і нібы вяртаецца ў сваё страшнае ваеннае дзяцінства: «Па-іншаму я не магу. Гэты дзень для мяне святы. Толькі аб адным прашу Бога: каб нашы нашчадкі ніколі не зведалі таго, што давялося перажыць майму пакаленню».
Фота: Юлія ШАБЛОЎСКАЯ.

Комментарии (0)