25 Апреля, 2024 Четверг

"Среда размышленія". Пенсіі ў краіне "развітога сацыялізму"

  • 20 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Ну вось, падзея, пра магчымасць і неабходнасць якой гаварылі апошнія гадоў, мусіць, з пятнаццаць, адбылася: на мінулым тыдні Прэзідэнт краіны падпісаў Указ аб павышэнні пенсійнага ўзросту. Пачынаючы з наступнага года, мужчыны і жанчыны “памаладзеюць” на тры гады – праўда, працэс будзе адбывацца паступова, “з крокам” у паўгода.

    Мне здаецца, што нават тыя, хто катэгарычна выступаў супраць павышэння пенсійнага ўзросту, разумелі, што рабіць гэта неабходна. А ступень непрыняцця пенсійнай рэформы характарызавалася тым, наколькі яна закранала кожнага.

    У гэтым сэнсе ўспамінаецца размова з калегай, якая адбылася гадоў з пяць таму.

    – Ты чула – пенсійны ўзрост павышаць будуць? – сустрэла мяне на чарговай абласной нарадзе найбольш хвалюючым яе, ды і мяне таксама, пытаннем Таццяна.

    – Ну ты ж разумееш, што гэта непазбежна, – пастаралася я супакоіць каляжанку. – Пенсіянераў усё больш, моладзі, наадварот, меншае. Нехта ж павінен працаваць, каб утрымліваць старэйшае пакаленне.

    – Ды ўсё я разумею, – раздражнёна махнула яна рукой. – Мяне іншае абурае: чаму з нас пачынаюць?

    Вось у гэтым – “чаму з нас пачынаюць?” – мне здаецца, і хаваецца корань непрыняцця пенсійнай рэформы.

    Але вастрыня гэтай тэмы паступова змяншаецца: рашэнне прынята, з 1 студзеня 2017 года пачнецца яго ажыццяўленне, і ўсе аргументы “за” і “супраць” нівеліруюцца вядомым лацінскім афарызмам “Закон суровы – але гэта закон”.

    Тым не менш, заўсёды цікава даведацца, “а як у іх”, у іншых? Напрыклад, у Швецыі, краіне “развітога сацыялізму”, які мы будавалі-будавалі, ды так і не пабудавалі – а капіталісты без усялякіх там рэвалюцый, за нейкіх сто гадоў – наце вам! Цікава, там у якім узросце выходзяць на пенсію? І, што самае галоўнае, які памер гэтай пажыццёвай “хлебнай картачкі”? А калі капаць глыбей, то як і кім гэты памер фарміруецца?

    Гэтым я і пацікавілася пры нагодзе ў адной жыхаркі Стакгольма беларускага паходжання. Яна, праўда, асоба даволі маладая і пра пенсію, як і большасць яе равеснікаў, пакуль асабліва не задумваецца – тым больш што пенсійны ўзрост у Швецыі вызначаны ў 65 гадоў – і для мужчын, і для жанчын. Можна, праўда, пайсці на заслужаны адпачынак і ў 61 год. Але атрымліваць менш ці дапрацаваць, калі дазволяць сілы і здароўе, да 67 гадоў – і атрымаць крышку больш, чым было б налічана ў 65 і тым больш у 62, – гэта ўжо асабістая справа кожнага.

    Але кожнаму, хто працуе ў Швецыі, незалежна ад таго, турбуе яго, якую пенсію ён будзе атрымліваць гадоў праз трыццаць-сорак, ці пра гэта ён пакуль не думае, раз у год прыходзіць пісьмо, у якім дакладна паведамляецца, колькі чалавек выплаціў страхавых узносаў “на старасць” і якую суму ён бы атрымліваў штомесяц, калі б пенсійны ўзрост наступіў заўтра. Зручна, праўда? Падаецца табе памер будучай пенсіі недастатковым – пастарайся знайсці лепшую работу з больш высокай зарплатай; лічыш, што зарабіў сабе на старасць “на хлеб з маслам” – можаш перадыхнуць…

    З чаго ж складваецца і як фарміруецца будучая пенсія звычайнага шведскага працаўніка? Пра гэта я таксама пастаралася даведацца “з першых вуснаў”.

    Аказваецца, на пытанне, якая пенсійная сістэма лепшая – размеркавальная ці накапляльная, – у Швецыі адказалі: “Абедзве!” – і ўкаранілі элементы той і другой. Як гэта выглядае на практыцы, пастараюся растлумачыць.

    Штомесяц з кожнага працаўніка вылічваецца 18,5 працэнта агульнага заробку ў страхавы фонд (аналаг нашага пенсійнага фонду). 16 працэнтаў на яго рахунку застаецца толькі ў выглядзе лічбаў, з якіх пазней, калі прыйдзе “час Ч”, будзе вылічвацца памер пенсійнага забеспячэння – самі ж грошы ідуць на выплату пенсій сённяшнім пенсіянерам. А вось 2,5 працэнта залічваюцца на асабісты рахунак кожнага працаўніка – і ўкладваюцца ў нейкія акцыі, каштоўныя паперы і г.д, каб яны маглі прыносіць даход – і, адпаведна, павялічваць будучы памер пенсіі. Дзяржаўны фонд выбірае самыя надзейныя акцыі і фонды – але не вельмі даходныя. Грамадзянін жа можа выбраць нешта больш прыбытковае – але пры гэтым як выйграць, так і прайграць. Накапляльную частку пенсіі можна забраць адной сумай – але толькі пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

    Пра другую частку пенсіі, так званую працоўную, клапоцяцца работадаўцы, якія па дамоўленасці з прафсаюзамі, якія ў Швецыі маюць вялікую сілу і ўплыў, пералічваюць на рахунак кожнага свайго працаўніка пэўную суму грошай. Дзякуючы гэтым выплатам, пенсія павялічваецца ў сярэднім на 10 працэнтаў памеру апошняй зарплаты – пагадзіцеся, неблагая прыбаўка.

    Акрамя таго, кожны грамадзянін Швецыі (зрэшты, Беларусі таксама) можа самастойна адкладваць сабе на пенсію – розных фондаў хапае. Трэба толькі патурбавацца, каб былі яны дастаткова надзейнымі. Усе, хто працаваў у Швецыі – нават калі гэта быў год ці два, а пасля чалавек па нейкіх прычынах пакінуў краіну, – мае права на пенсійнае забеспячэнне – памер яго вызначаецца сумай выплачаных страхавых узносаў.

    Застаецца дадаць, што чалавек, які адпрацаваў у Швецыі 30 гадоў з сярэдняй зарплатай, можа разлічваць на штомесячную пенсію прыкладна ў 1 200 еўра. Існуе ў іх і гарантаваная дзяржаўная пенсія для людзей, у якіх была невысокая зарплата: яна вар’іруецца ў залежнасці ад часу знаходжання ў краіне, выплачваецца, пачынаючы з 65 гадоў, і максімальны яе памер складае 2,13 пражытачнага мінімуму (крыху менш за тысячу долараў) для адзінокіх пенсіянераў і 1,90 – для сямейных.

    Пенсіянеры Швецыі, у адрозненне ад нашых, выплачваюць падаходны падатак з пенсіі.

    Ніна РЫБІК.

    Автор: Ніна РыбікАстравецкая праўда

Комментарии (0)