29 Марта, 2024 Пятница

"Мне часта сніцца Чарнобыль". Як 22-гадовы міліцыянер з Ашмян служыў у зоне ліквідацыі аварыі на ЧАЭС

  • 21 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Рудакова, Савічы, Стралічава, Піркі, Пасудава, Бабчын, Сонечнае… Назвы гэтых населеных пунктаў Гомельшчыны не здольны сцерці з яго памяці нават час, хаця ўжо дваццаць восем год прайшло з той пары. Успаміны часта вярэдзяць душу. Наплываюць, выразна паўстаюць перад вачыма трывожныя карціны той студзеньскай ночы, калі ён, 22-гадовы міліцыянер, памочнік дзяжурнага Ашмянскага аддзела ўнутраных спраў, у складзе зводнага атрада з Гродзенскай вобласці прыбыў у чарнобыльскую зону.

    І хаця на календары быў 1988 год і Чарнобыль ужо вёў адлік сваіх ахвяр, страшна не было. Поўнае ўсведамленне таго, што там, у абнесенай калючым дротам трыццацікіламетровай зоне адчужэння, адбылося, прыйдзе пасля, праз гады, калі напомніць аб сабе пякучым болем апраменены арганізм, калі з’явіцца на свет у маладой сям’і доўгачаканы першынец, калі адзін за адным пойдуць з жыцця сябры-калегі, з якімі неслі разам службу ў зоне, дзяліліся апошняй бляшанкай тушонкі.

    Аб накіраванні ў зону ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Часлаў Шукеловіч даведаўся ў міліцэйскім калектыве першым. Яму, як дзяжурнаму, прыйшлося ўласнаручна прымаць тую злашчасную тэлеграму. Запытанне, ці можна было не паехаць у зону, яго нават зараз бянтэжыць.

    — Пэўна, можна было. Гэта ж не прысуд. Ну, звольніўся б з органаў, уладкаваўся б у другім месцы. Але аб гэтым нават і не думалася. Мне, маладому члену партыі, такая думка нават у сне не магла прыйсці. Усе едуць, а я што – горшы за іншых!?”

    Першы інструктаж з хлопцамі правялі ў Гродне, аднак тыя патрабаванні ўсур’ёз ніхто не ўспрыняў — жартавалі, смяяліся з “нябачнага ворага-забойцы”. Трывожныя ноткі пасяліліся ў душы, калі ў Хойніках да гродзенцаў прыйшоў палкоўнік і шчыра, папросту пачаў тлумачыць, што такое радыяцыя, якія меры неабходна прымаць, каб засцерагчы сябе ад заражэння. “Беражыце сябе, хлопцы,”- па-бацькоўску, з нотай шкадавання вымавіў ён на развітанне.

    У Бабчынскую школу, дзе размяшчаўся атрад аховы, прывезлі хлопцаў ноччу. Стаяла густая, непраглядная цемра — нідзе ні агеньчыка. Адразу ж строга папярэдзілі, што хадзіць можна толькі па сцяжынах, адзначаных чырвонымі сцяжкамі, – яны апрацаваныя ад радыяцыі. Форму, у якой прыехалі “навічкі”, запакавалі ў цэлафанавыя мяшкі і сказалі без патрэбы не развязваць. Адразу ж выдалі новае абмундзіраванне. У населеных пунктах па маршруце аўтапатруля было загадана нічога рукамі не чапаць, не падыходзіць блізка да стагоў з сенам і саломай, з сабой нічога не браць.

    Часлаў Шукеловіч служыў у саставе аўтапатруля. У атрадзе былі хлопцы з усяго Саюза. Усе маладыя. Шмат было курсантаў міліцэйскіх навучальных устаноў: з Пскова, Львова, Вільнюса. Ашмянцу на падмогу камандзіравалі курсанта Вільнюскай школы міліцыі Аляксандра, якому не было яшчэ і васямнаццаці год.

    Трыццацікіламетровая зона жыла сваім жыццём. Бязлюднай яна здавалася толькі напачатку. Час ад часу з’яўляліся на няходжаных дарогах людзі і тэхніка. Аднаго разу затрымалі яны “калхіды”, гружаныя сенам, з Мінскай вобласці. Усё, як мае быць, нават з пуцявымі лістамі. Тое сена, якое везлі на ферму пад Мінск, ад радыяцыі “свяцілася”. Шмат было здзічэлых кошак і сабак. Трапляліся на шляху аўтапатруля і ваўкі. Аднаго з іх хлопцы нават спрабавалі прыручыць, даўшы зверу мянушку Марадзёр.

    Зона палохала і цягнула да сябе. Мурашкі беглі па скуры, калі міліцыянеры наведвалі пасёлак Сонечнае. Амаль два гады прайшло са дня трагедыі, а ў адчыненых кватэрах новых прыгожых шматпавярховікаў, здавалася, жыццё прыпынілася толькі на імгненне. На сталах стаялі непрыбраныя талеркі, у спальнях з навюткімі гарнітурамі чакалі гаспадароў незапраўленыя ложкі. Канешне, многія кватэры былі разрабаваныя. Пазрываныя дываны, разбіты падчас набегаў посуд… Адразу ў галаве паўставалі разгубленыя твары маладых гаспадароў з маленькімі дзецьмі, якіх экстранна прымусілі пакінуць сваё жытло.

    Пасёлак Сонечнае быў узведзены ў 1981 годзе, разам з сучасным жывёлагадоўчым комплексам, разлічаным на тры тысячы галоў. Меркавалася, што на комплексе будуць працаваць камсамольцы, маладыя спецыялісты. А жыць моладзь будзе ў прыгожым пасёлку з гандлёвым цэнтрам, Домам культуры, школай і добраўпарадкаванымі шматкватэрнымі дамамі. Задуманае было ажыццёўлена ў час. Дзяржава ўклала ў камсамольскую будоўлю больш за 26 мільёнаў рублёў: тады гэта былі велізарныя грошы. Аднак ужо праз пяць год на пасёлку з жыццясцвярджальнай назвай быў пастаўлены крыж – саўгас ліквідаваны, пасёлак кінуты на разрабаванне і волю стыхіі. Той комплекс будаваўся каля вёскі Піркі Брагінскага раёна – у будучай 30-кіламетровай зоне адсялення.

    Чаславу часта прыходзілася сустракацца з марадзёрамі, якія вывозілі з зоны чужы скарб, а разам з ім і сотні-тысячы мікрарэнтген – дазіметры зашкальвалі. Пасля аднаго з затрыманняў маладога міліцыянера адпусцілі на пабыўку дамоў. Тады ён не мог напіцца ў родных Амалянах калодзежнай вады. Чыстая, халодная, яна апякала нутро, а смага не праходзіла. У зоне з пітной вадой быў дэфіцыт: яе выдавалі не больш за літр, часцей прывозілі салодкія напоі “Бураціна” і “Дзюшэс”, можна было яшчэ наліць у фляжку чаю, але ад гэтага піць хацелася яшчэ больш.

    Дамоў Часлаў Шукеловіч прыязджаў у спецформе, шэрай і добра вядомай многім беларусам. На яго звярталі ўвагу. У Мінску на вакзале падазрона глядзелі пасажыры. У аўтобусе на Брагін ён яшчэ больш гэта адчуў, было ніякавата, ён увесь сцяўся і разгубіўся адначасова, калі людзі пабаяліся сесці побач – быццам бы ён выпраменьваў радыяцыю і “свяціўся”, як тады казалі.

    З кароткага таго адпачынку Часлаў прывёз з сабой касетны магнітафон “Электроніка”. Невядома адкуль знайшліся баян і гітара. У вольны ад дзяжурства час хлопцы арганізоўвалі для сябе канцэрты.

    Побач з зонай, часам праз дарогу ад калючага дроту, жылі людзі. Адносіны ў спецатрада з мясцовымі жыхарамі складваліся паважлівыя: у бядзе не было чаго дзяліць, як і не было каго вінаваціць у тым, што здарылася. Хлопцы разумелі і шкадавалі людзей, якія наведваліся ў родныя мясціны. Часта нават прапускалі іх за шлагбаум. Аднойчы ўжо ў самой зоне Часлаў з напарнікам “злавіў” бабульку. Прыйшла яна на могілкі. Тады яшчэ на Радуніцу не было дазволу наведваць месцы пахаванняў. Тую бабулю міліцыянеры нават адвезлі на мясцовы пагост, а пасля яшчэ жанчына ўгаварыла іх пад’ехаць да сваёй хаты. Па родным куце галасіла старая, як па нябожчыку, не магла адарвацца ад ужо здзічэлых ад гора і адзіноты сцен. Той бабулі яны аддалі ўвесь запас тушонкі. На развітанне яна папрасіла хлопцаў запісаць на абрыўку газеты свае імёны, каб паставіць свечку ў царкве і памаліцца за здароўе.

    — Можа Бог і беражэ мяне праз тую бабульку, – прызнаецца Часлаў. – Многія мае напарнікі ўжо пайшлі з жыцця. Неяк у Акадэміі МУС я сустрэў свайго таварыша — яшчэ зусім маладога – у інваліднай калясцы. Няма ўжо і майго аднавяскоўца Івана Маркоўскага…

    Пра сваё здароўе мужчына гаварыць не любіць, хаця тыя тры месяцы ў зоне яго падарвалі цалкам (“ліквідатары” знаходзіліся там месяц, а яму “пашанцавала” – атрад з Расіі прыйшлося чакаць лішніх 60 дзён). Праўда, на медыцынскай камісіі, якую праходзілі хлопцы пасля вяртання дамоў, усё аказвалася ў норме. А справа ў тым, што яшчэ ў ліпені 1986 года Міністэрства аховы здароўя СССР выдала “хітрае” распараджэнне, якім засакрэчваліся ўсе звесткі на ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы. Звязваць іх хваробы са знаходжаннем у 30-кіламетровай зоне катэгарычна забаранялася.

    На пенсію капітан міліцыі Часлаў Шукеловіч пайшоў з раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС, дзе працаваў апошнія гады старшым інспектарам службы вартавой аховы. Жыхары Станцыі Ашмяны памятаюць яго як участковага інспектара, які на працягу дзесяці год ахоўваў правапарадак на тэрыторыі Жупранскага сельсавета. Сёння ён узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю службы аховы, у складзе якой 12 “ліквідатараў” (восем — у Ашмянах, чатыры – у Астраўцы). Разам з жонкай Святланай працуе на Ашмянскім участку прадпрыемства “Гродновторчермет”, што на Станцыі Ашмяны. Працуюць яны пазменна. Гэтак жа прыходзяць на змену адзін аднаму ў доглядзе за сынам Дзмітрыем. У гэтым годзе заканчвае вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце дачка Юлія. Яна з залатым медалём скончыла Дакурнішскі ВПК, а зараз гэтак жа — на выдатна – вучыцца на бюджэтнай аснове па спецыяльнасці “дзяржаўнае кіраванне і права”.

    Ноччу яму часта сніцца Чарнобыль. Верталёты завісаюць над саркафагам і заліваюць у чэрава чацвёртага рэактара АЭС бетонную масу. Гэтую карціну хлопцы на яве маглі назіраць падчас нясення службы ў зоне. Клапан звычайна спрацоўваў каля дванаццаці гадзін дня. І калі яны знаходзіліся непадалёку ад электрастанцыі, з усёй моцы націскалі на газ і імчалі прэч. Так яны тады, наіўныя, спрабавалі ўцячы ад радыяцыі. Не ведалі яны, што няма ад яе паратунку, што жыць з ёй прыйдзецца ўсё жыццё, яе наступствы адаб’юцца яшчэ на многіх пакаленнях. Гэтая трагедыя – непапраўная.

    НА ЗДЫМКАХ: памочнік дзяжурнага дзяжурнай часці РАУС Шукеловіч толькі што атрымаў тэлеграму аб накіраванні ў зону; дзень сённяшні: пасля Чарнобылю мы пачалі жыць у іншым свеце; разрабаваная школьная бібліятэка ў в. Рудакова; «уазік» патрабуе рамонту, блокпост у пасёлку Сонечнае (Часлаў першы злева).

     

    Автор: Аліна СанюкАшмянскі веснік

Комментарии (0)