25 Апреля, 2024 Четверг

Майстар-клас Казуо Шымізу

  • 21 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Пасля Чарнобыльскай катастрофы аднымі з першых на дапамогу беларускім калегам прыйшлі медыкі з Японіі. Сяброўства і супрацоўніцтва доўжыцца і па сённяшні дзень. Апошняе сведчанне таму – трохдзённы візіт на гэтым тыдні японскіх спецыялістаў у Брэст.

    Кіраўнік дэлегацыі – ганаровы прафесар Японскага медыцынскага інстытута, урач-кансультант бальніц Хакута і Каяма, выкладчык эндакрыннай хірургіі і распрацоўшчык арыгінальнай методыкі аперацый на шчытападобнай залозе Казуо Шымізу на гэты раз правёў майстар-клас у абласной бальніцы. Прафесар зрабіў эндаскапічную аперацыю 35-гадовай жанчыне. Асісціраваў яму загадчык 1-й хірургіі Ігар Радзіеўскі. Наш доктар, дарэчы, паспяхова асвоіў аператыўныя ўмяшальніцтвы на шчытападобнай залозе гэтым метадам. Так у Беларусі аперыруюць толькі ў Брэсце. Такое дасягненне – плён супрацоўніцтва з японскімі медыкамі, якое асабліва актыўна разгарнулася з 2007 года. Дзякуючы дабрачыннаму фонду “Востраў Кюсю – дапамога Чарнобылю”, супрацоўніцтва напоўнілася канкрэтнымі справамі. Прадстаўнік арганізацыі Масао Кавакамі расказаў, што прыязджае ў Беларусь з 1995 года, прывозіць абсталяванне, спецыялістаў, а нашы дактары пры падтрымцы фонду маюць магчымасць стажыравацца ў Японіі.

    – У вас выдатныя медыкі, – адзначыў прафесар Казуо Шымізу. – Яны хутка вучацца ўсяму новаму і перадавому, а яшчэ паспяхова самі ўдасканальваюць розныя распрацоўкі. Я таксама ў іх вучуся, бо нашы народы збліжае агульная бяда: у вас – Чарнобыль, а ў нас – Фукусіма. Нас аб’ядноўвае клопат аб здароўі людзей, якія пацярпелі ад аварый на атамных станцыях.

    Пра карысць беларускага вопыту ў пераадоленні наступстваў тэхнагеннай катастрофы для Японіі гаварыў дацэнт Медыцынскага ўніверсітэта Доккія, радыёлаг-дазіметрыст Шынза Кімура. Ён першым здымаў дозы радыяцыі ў жыхароў, якія пацярпелі ў рэгіёне Фукусіма. Напрацоўкі нашых спецыялістаў, на яго думку, карысныя японскім радыёлагам.

    Японская дэлегацыя пабывала ў абласным эндакрыналагічным дыспансеры. Галоўны ўрач установы Артур Грыгаровіч пацвердзіў: “Мы не проста сябруем з японскімі калегамі – мы прафесійна супрацоўнічаем. І калі раней вучыліся ў іх, дык цяпер японцы пераймаюць наш вопыт. Напрыклад, калегі з абласной бальніцы ўдасканалілі методыку прафесара Казуо Шымізу, распрацавалі арыгінальны інструментарый і цяпер аперацыі на шчытападобнай залозе выконваюцца эндаскапічным метадам не праз два, а праз адзін разрэз, што менш траўматычна для пацыента, ды і выздараўленне паскараецца.

    Штогод у абласной бальніцы выконваецца 50-60 эндаскапічных аперацый на шчытападобнай залозе. Па словах Артура Станіслававіча, узровень эндакрыналагічных хвароб гэтага віду ў нас застаецца высокім, таму задача медыкаў – арганізаваць ранні скрынінг. Тут задзейнічана і эндакрыналагічная служба вобласці, і перасоўная дыягнастычная лабараторыя, якая дазваляе аказваць спецыялізаваную дапамогу нават у самых аддаленых сельскіх населеных пунктах. На дыспансерным уліку з хваробамі шчытападобнай залозы ў вобласці знаходзіцца каля 

    70 тысяч пацыентаў. Відавочна, усім гэтым людзям трэба дапамагаць. Як станоўчы момант, можна адзначыць памяншэнне колькасці дыягназаў “зоб” у дзяцей – даюць вынік дзяржаўныя мерапрыемствы па ёднай прафілактыцы.

    Агульныя беды збліжаюць Беларусь і Японію. Супрацоўніцтва медыкаў дзвюх краін абяцае быць плённым на рэгіянальным узроўні і надалей. Рыхтуецца да падпісання ўжо сёлетняй восенню новы праект медыцынскіх беларуска-японскіх пагадненняў. З боку нашай рэспублікі яго падпішуць Беларуская медыцынская акадэмія паслядыпломнай адукацыі і ўпраўленне аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.

    Автор: Святлана ТаболічНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)