26 Апреля, 2024 Пятница

Не так страшна, як малююць, альбо што маем праз 30 гадоў

  • 25 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Наш суразмоўца – дырэктар Брэсцкага філіяла рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі” Васіль Філіпенка, кандыдат эканамічных навук, першы ў Пінску дацэнт і першы дэкан эканамічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

    Падрыхтаваў 67 студэнтаў – пераможцаў міжнародных алімпіяд і двух лаўрэатаў прэміі Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Мае больш чым 220 навуковых публікацый, 5 манаграфій, больш чым дзясятак метадычных рэкамендацый. Год таму ўзначаліў калектыў філіяла Інстытута радыялогіі, у якім раней 15 гадоў працаваў вядучым навуковым спецыялістам. Як жартуе Васіль Стэфанавіч, вярнуўся ў навуку ў 65 гадоў. Гэта сапраўды жарт, бо навукова-даследчай работай займаецца ўсё сваё свядомае жыццё, найбольш актыўна – з красавіка 1986 года, калі ў Маскве закончыў аспірантуру па спецыяльнасці: “Беларускае Палессе. Кормавытворчасць”. Сюды, на Палессе, і вярнуўся малады вучоны ў тым страшным красавіку 1986 года, калі свет ускалыхнула аварыя на Чарнобыльскай АЭС.

    – Так, сапраўды ўвесь свет, бо 23 працэнты радыенуклідаў выпалі на тэрыторыі Беларусі, 30 – Расіі, 18 – Украіны, а таксама ў Швецыіі, Нарвегіі, Фінляндыі,  Румыніі, Германіі,  Італіі і Францыі. Былі яны выяўлены нават у Японіі і ЗША. Чарнобыль – гэта самая буйная ў свеце на сённяшні дзень тэхнагенная катастрофа.

    – І да аварыі на ЧАЭС яны былі?

    – На жаль, і да яе, і пасля яе. Канец ХХ стагоддзя. Тэхніка і тэхналогіі старэюць, ламаюцца. Аварыі непазбежны. Першыя здарыліся яшчэ ў 1957 годзе ў Чалябінскай вобласці, затым у Вялікабрытаніі. Наступныя: 1966 год – у Іспаніі, 1986 – Чарнобылі, 1987 – Бразіліі, 2011 – у Японіі, на атамнай станцыі Фукусіма. Яны суправаджаліся радыеактыўнымі выкідамі. Але яшчэ раз падкрэслю: Чарнобыльская стала самай буйной тэхнагеннай катастрофай,  у выніку якой адбыўся магутны выкід радыенуклідаў, сумарная актыўнасць якіх склала 1019  Бк.

    На забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях Беларусі пражывае 27 працэнтаў ад усяго насельніцтва краіны. Радыеактыўнае забруджванне ў той ці іншай ступені закранула 56 раёнаў, з іх 21 – найбольш пацярпелыя, сярод якіх Лунінецкі, Столінскі і Пінскі раёны Брэсцкай вобласці.

    Забруджаная радыенуклідамі тэрыторыя Беларусі была падзелена на зоны. Першая і самая небяспечная – з яе адразу эвакуіравалі 116 тысяч чалавек; другая – было адселена 220 тысяч чалавек; трэцяя – патрабавалася наступнае адсяленне людзей; чацвёртая, дзе прыпадала 5-10 кюры на квадратны метр, – насельніцтва мела права на адсяленне; і, нарэшце, пятая зона – тут дазвалялася пражыванне з перыядычным радыяцыйным кантролем.

    На ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы было задзейнічана 600 тысяч чалавек, якія працавалі  вахтавым метадам. У выніку аварыі быў нанесены ўрон у памеры 235 мільярдаў долараў ЗША, што раўнялася 32 бюджэтам Беларусі за 1985 год.

    – Васіль Стэфанавіч, над Вашым сталом на сцяне – тры карты Брэсцкай вобласці. На першай, за 1986 год, пазначана тэрыторыя, забру-джаная цэзіем-137. І карта выглядае злавесна, бо на ёй, як кажуць, няма жывога месца ад гэтага забруджвання. Толькі невялікія чыстыя плямкі. На другой, таксама за 1986 год, абазначаны прагноз на 2016-ы. Але яна ўсё яшчэ стракатая ад абазначаных месцаў забруджвання радыенуклідамі. І, нарэшце, трэцяя карта – фактычнага радыеактыўнага становішча на тэрыторыі вобласці сёлета. Тут толькі ў адным куточку невялікія абазначэнні...

    – На Брэстчыне мелася 9 населеных пунктаў з правам на адсяленне і 167 – з перыядычным радыяцыйным кантролем.  У сувязі са змяненнем радыяцыйнага становішча на сёння іх засталося адпаведна 5 і 99. 

    – Дык наша вобласць аказалася найменш забруджанай радыенуклідамі?

    – Так і ёсць. Розныя радыенукліды маюць свой перыяд паўраспаду. У ёду-131, напрыклад, ён складае 6-8 дзён, у цэзію-137 і стронцыю-90 – каля 30 гадоў. А ў плутонію-242 – ажно 376000 гадоў! У момант выбуху выпалі і іншыя радыенукліды. Але на Брэстчыне былі толькі ёд-131 і цэзій-137.

    – Ці значыць гэта, што ў хуткім часе мы ўздыхнем з палёгкай: усё закончылася? І прадукцыя, якую мы вырошчваем і спажываем, чыстая?

    – На жаль, не ўсё так проста, як бы нам хацелася. Апроч натуральнага распаду радыенуклідаў, чысціня глебы залежыць і ад многіх іншых фактараў, у тым ліку і ад рэабілітацыйных мерапрыемстваў, што праводзяцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. А гаспадарчая дзейнасць па навуковых рэкамендацыях накіравана на атрыманне нарматыўна-чыстай прадукцыі. Распрацаваны шэраг рэкамендацый па вырошчванні сельскагаспадарчых культур і выпасе жывёлы. Для малака нарматыў па РДУ (рэспубліканскі дапушчальны ўзровень) складае 100 бекерэляў на літр (гэта адзінка вымярэння радыяцыі). Калі вышэй, малако лічыцца забруджаным. Дарэчы, зараз пробы паказваюць на наяўнасць ад 2 да 20 Бк/л. Таксама з’яўляецца нарматыўна-чыстай уся прадукцыя сельскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці. 

    – А як наконт грыбоў і  ягад?

    – Штогод мясцовая прэса паведамляе, дзе можна збіраць дары лесу, а дзе – ні ў якім разе. Шкада, што аматары ціхага палявання не прыслухоўваюцца да гэтых рэкамендацый. Бяспека чалавека ў выніку залежыць ад яго радыелагічнай культуры: забаронены выпас жывёлы ў лесе, у кустах – не пасі; назбіраў грыбоў на забруджанай тэрыторыі, дык нясі і правярай іх. І абавязкова прыслухайся да рэкамендацый спецыялістаў. 

    – Васіль Стэфанавіч, а як пераадольваюцца вынікі катастрофы? За чый кошт?

    – Па першым часе штогод на гэтыя мэты ішло 20-25 працэнтаў гадавога бюджэту краіны, зараз – 2-5 працэнты. Гэта сродкі з рэспубліканскага бюджэту (94 працэнты), мясцовага (3 працэнты) і іншыя (2 працэнты).

    У замежных краінах вынікі аварыі ліквідуюцца за кошт арганізацый, што дапусцілі яе. У іх не існавала і не існуе, як у нас, дзяржаўных праграм па пераадоленні вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У Беларусі літаральна на днях прынята 5-я па ліку пяцігадовая дзяржпраграма. На папярэднюю (2011-2015 гады) было вы-дзелена 6,8 трыльёна рублёў. Праграма складалася з чатырох напрамкаў. 

    Першы – сацыяльна-медыцынскі, на яго рэалізацыю накіравалі 3,2 трыльёна рублёў.

    Другі – сацыяльна-эканамічны (1,7 трыльёна рублёў). За выдзеленыя  сродкі будавалі заводы, фермы, дарогі, праводзілася газіфікацыя, водазабеспячэнне і інш.

    Трэці напрамак – мерапрыемствы па радыяцыйнай абароне. Грашовыя сродкі (а гэта 0,6 трыльёна рублёў) пайшлі на вапнаванне глебы на забруджаных тэрыторыях, унясенне калійных і фосфарных угнаенняў, а таксама на “пахаванне” пабудоў адселеных вёсак. Дарэчы, з карты Гомельскай і Магілёўскай абласцей знікла 430 населеных пунктаў. 

    І, нарэшце, чацвёрты напрамак – навуковае і інфармацыйнае забеспячэнне. На яго рэалізацыю было выдаткавана прыкладна 100 мільярдаў рублёў. Гэта выпуск газет, плакатаў і іншай прадукцыі. Але галоўнае – навуковае даследаванне забруджаных тэрыторый. 

    – Раскажыце, калі ласка, аб дзейнасці філіяла Інстытута радыялогіі.

    – Мы – дазор, фарпост  Брэсцкай вобласці. Працуе ў нас 13 чалавек. Аб’ём бюджэтнага фінансавання складае штогод прыкладна 2 мільярды рублёў. Калектыў выконвае праекты як па Брэсцкай вобласці, так і па Гомельскай і Магілёўскай, а таксама міжнародныя – іх за апошнія гады выканана на 368 тысяч долараў. Усе яны накіраваны на радыеактыўную абарону насельніцтва. Праект Швейцарскага ўпраўлення па развіцці супрацоўніцтва мы распрацавалі для Хойніцкага, Брагінскага і Чачэрскага раёнаў. Французскі праект прадугледжваў распрацоўку інструментарыя радыелагічнай ацэнкі. Маштабны праект ПРААН 

    “Здаровая сям’я” тычыўся ў большасці Столінскага раёна.

    На 954 мільёны рублёў распрацаваны праекты па саюзнай праграме Баларусі і Расіі. Гэта стварэнне раяніраванага прадукцыйнага  сада, у прыватнасці, у вёсцы Беражное Столінскага раёна. Далей – радыяцыйны кантроль за сельскагаспадарчай прадукцыяй; мерапрыемствы па атрыманні чыстай рыбнай прадукцыі. І, нарэшце, устанаўленне параметраў біялагічнай даступнасці цэзію-137. 

    Гэта значыць, стварэнне банка дадзеных аб пераходзе радыенуклідаў з глебы ў расліны, з раслін – у прадукцыю.

    А яшчэ наш філіял распрацоўвае праекты Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні вынікаў аварыі на ЧАЭС. Яны тычацца Брэсцкай вобласці і маюць сваю спецыфіку ў адрозненне ад Гомельшчыны і Магілёўшчыны. 

    Першае. Гэта вызначэнне каэфіцыента пераходу цэзію-137 у прадукцыю і зніжэнне паступлення радыенуклідаў у прадукцыю, што вырошчваецца на антрапагенна-пераўтвораных тарфяных глебах.

    Другое. Зніжэнне назапашвання радыенуклідаў у прадукцыі за кошт аптымізацыі ўпраўлення ўзроўнем грунтовых вод на меліярацыйных сістэмах.

    І трэцяе. Гэта рацыянальнае выкарыстанне сельскагаспадарчых зямель для атрымання высокаякасных кармоў пры рэалізацыі спецыяльных інавацыйных праектаў у жывёлагадоўлі, у прыватнасці, у СВК “Жыдча”, “Ласіцк”, “Малоткавічы”, “Кончыцы-агра” (Пінскі раён), СВК “Струга” (Столінскі). Зараз праводзім даследаванні ў дзяржаўным прадпрыемстве “Новае Палессе” і ПСУП “Рэдзігерава-агра” (Лунінецкі раён).

    – Дзякуй, Васіль Стэфанавіч, за шчырае і грунтоўнае інтэрв’ю.

    Автор: Марыя ЛяшукНародная трыбуна

Комментарии (0)