05 Июля, 2025 Суббота

Восем дзён у Чарнобылі. Успаміны ліквідатара

  • 25 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Якая яна – гранічна дапушчальная для чалавека доза радыяцыі? Маёр міліцыі Леанід Бабовіч і праз 30 гадоў пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС не можа назваць дакладную лічбу. Ніводны ўрач не даў яму канкрэтнага адказу на гэта пытанне. Між тым менавіта фармуліроўка «атрымаў гранічна дапушчальную дозу радыяцыі» напісана ў даведцы, выдадзенай яму медыкамі пасля васьмідзённай вахты ў Чарнобылі з 28 красавіка па 5 мая 1986 года…

    Паехаў на курсы – апынуўся ў зоне аварыі

    Напярэдадні трагедыі 36-гадовага капітана міліцыі Леаніда Бабовіча камандзіравалі на ўсесаюзныя курсы павышэння кваліфікацыі ў Кіеў. На той час ён працаваў дзяжурным памочнікам начальніка лячэбна-працоўнага прафілакторыя для жанчын, які знаходзіўся непадалёк ад Нароўлі. Гэта была новая вялікая ўстанова, якая прымала адначасова да тысячы жанчын, накіраваных на прымусовае лячэнне і работу. Тут працавала начальнікам атрада і жонка Леаніда Паўлавіча Людміла Леанідаўна. У іх сям’і падрасталі двое сыноў: у 86-м Алегу было 14 гадоў, Віталіку – 8. У Нароўлі іх сям’я атрымала трохпакаёвую кватэру. «Там прайшлі самыя шчаслівыя нашы гады», — гавораць муж і жонка Бабовічы, якія гэтым летам адзначаць 45-годдзе сумеснага жыцця. На чацвёрты дзень пасля знаёмства Леанід прапанаваў Людміле руку і сэрца. І яна згадзілася. Гаворыць, што пакарыў яе сваімі музычнымі здольнасцямі: пачуў прыгожую мелодыю ў кіно і адразу ж сыграў яе для Людмілы на піяніна. Яны і цяпер разам напяваюць тую песню сваёй маладосці: «От зари до зари, от темна до темна…».

    Раённы гарадок улетку патанаў у зеляніне, з усіх бакоў быў акружаны лясамі. Яны любілі ўсёй сям’ёй адпачываць на прыродзе, купілі маторную лодку, падарожнічалі на ёй па рацэ Прыпяці. А ў аднайменны ўкраінскі горад, які знаходзіўся непадалёк ад Нароўлі, ездзілі па прадукты, бо забеспячэнне там было значна лепшае. «Сасіскі смачныя прадаваліся, ды і дэфіцытныя прамтавары можна было знайсці, — прыгадвае Леанід Паўлавіч. — Незадоўга да аварыі люстру прыгожую там купілі. Памятаю, вяртаемся назад, а Люда, быццам нешта прадчувала, гаворыць: «А што было б, каб рэактар узарваўся?». Мы потым часта гэтыя словы ўспаміналі…».

    У дзве гадзіны ночы курсантаў паднялі па трывозе і паведамілі аб аварыі, сказалі, што згодна з загадам міністра ўнутраных спраў іх камандзіруюць у зону. 28 красавіка яны ўжо былі ў Чарнобылі. Некалькі чалавек не падпарадкаваліся загаду, адмовіліся ехаць — іх адразу пазбавілі званняў, сарвалі пагоны.

    Ні дазіметраў, ні рэспіратараў

    Ніякімі індывідуальнымі сродкамі аховы іх не забяспечылі. Выдалі спецадзенне чорнага колеру, за тыдзень ні разу яго не мянялі, знялі толькі калі камандзіроўка скончылася. Безумоўна, кожны з іх разумеў, у якое пекла трапіў, якая небяспека пагражае. «Давалі нейкія таблеткі, час ад часу налівалі па 50 міліграмаў спірту – вось і ўсе сродкі аховы», — гаворыць ліквідатар. І вельмі шкадуе маладзенькіх салдацікаў, якіх была там процьма: «Я ўжо хоць крыху пажыў, а яны нічога ў жыцці не бачылі…». Міліцыянеры жылі ў Чарнобылі, спалі ў школе на матрацах на падлозе. Спачатку кармілі гарачай ежай, потым толькі сухія пайкі выдавалі.

    Яны неслі службу па ахове горада Прыпяць, папярэджвалі выпадкі марадзёрства. На той час яго жыхароў эвакуіравалі, будынкі былі апячатаны. Над рэактарам бесперапынна ляталі верталёты. «Мы напаўнялі мяшкі пяском, змяшаным са свінцовымі балванкамі. Гэтыя мяшкі скідвалі з верталётаў на рэактар – такім чынам спрабавалі яго патушыць, — успамінае ліквідатар. – Другога мая цэлы дзень прастаялі ў ачапленні — павінны былі прыехаць высокія чыны з Масквы. Сонца, вецер пыл ганяў, а нам сысці з месца было нельга. Толькі ў восем вечара знялі ачапленне. У той дзень так ніхто і не прыехаў».

    Дапамагалі міліцыянеры высяляць адну з вёсак. Людзі не разумелі, для чаго ім трэба пакідаць дамы, гаспадарку – многае тады ўтойвалася, недагаворвалася. Цяжка было глядзець, як яны, узяўшы толькі самае неабходнае, садзіліся ў аўтобусы

    На памяць – букет хвароб

    Пасля заканчэння тэрміну камандзіроўкі супрацоўнікаў міліцыі прывезлі ў Кіеў. Там яны павінны былі прайсці медыцынскую рэабілітацыю. Шпіталь МУС быў перапоўнены, лячылі іх у будынку, дзе праходзілі курсы. Ды тое лячэнне было хутчэй фармальнасцю, чым дзейснай дапамогай. Дадому Леанід дабіраўся на цягніку – аўтобусы з Кіева не хадзілі, аўтавакзал быў закрыты. Увесь гэты час Людміла не ведала, дзе яе муж. Дазванілася на курсы, дзяжурны сказаў, што не мае права даваць ніякую інфармацыю. «Вы мяне павінны зразумець», — нібы папрасіў ён прабачэння. І гэтага было дастаткова, каб яна сэрцам адчула, што муж трапіў у самае пекла… Слёз праліла нямала, пакуль дачакалася свайго Леаніда. На той час абодва сыны разам з іншымі юнымі нараўлянцамі былі ў лагеры пад Мінскам. Леаніду адразу пасля вяртання прысвоілі званне маёра, далі 45 дзён водпуску, выплацілі грашовую дапамогу.

    Яшчэ чатыры гады сям’я жыла ў Нароўлі. Стараліся захоўваць правілы бяспекі: агародніну і садавіну куплялі толькі ў магазіне, як і пітную ваду. Успамінаюць, што аднойчы давялося варыць суп на мінералцы, бо не аказалася ў запасе вады. Купілі больш магутны пыласос, стараліся кожны дзень мыць падлогу. А вось дазіметрам на той час яны не карысталіся, купілі яго, калі прыехалі ў Маладзечна. За працу ў забруджанай зоне яны атрымлівалі добрыя даплаты, аднак ні за якія грошы нельга купіць страчанае здароўе.

    Штогод Леаніда Паўлавіча запрашалі ў інстытут радыялогіі, правяралі стан яго здароўя, назначалі лякарствы, вітаміны. У першыя гады пасля аварыі туды прыязджаў прафесар з Аўстрыі, які абследаваў, кансультаваў ліквідатараў. Выдзяляліся ім і бясплатныя пуцёўкі ў санаторыі, быў прадугледжаны льготны праезд па ўсім былым Савецкім Саюзе. На жаль, ранейшыя льготы, гарантаваныя 19-м артыкулам Закона Рэспублікі Беларусь аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, цяпер адмянілі. Гэта балючая тэма для ліквідатараў, якія рызыкавалі жыццём, выконваючы свой доўг перад дзяржавай. Многіх з іх ужо няма ў жывых… У Леаніда Паўлавіча цэлы букет хвароб, давялося яму перанесці цяжкую аперацыю. Але ён трымаецца, стараецца падтрымліваць сябе ў форме. І кожную хвіліну адчувае клопат любімай жонкі, якая вельмі непакоіцца пра яго здароўе…

    Стала родным Маладзечна

    У 1990 годзе Бабовічы вырашылі пераехаць з Нароўлі. Ім прапанавалі работу і жыллё ў Маладзечне. «Мы вельмі ўдзячныя тагачаснаму начальніку гарадскога аддзела ўнутраных спраў Уладзіміру Сіману, які прыняў нас, нібы родных», — гаворыць Леанід Паўлавіч. Ён працаваў старшым інспектарам камендатуры №2, што была на «парашках», займаўся кадравай работай, прафесійнай падрыхтоўкай сваіх калег – вучыў рукапашнаму бою, стральбе. Людміла Леанідаўна была старшым інспектарам інспекцыі папраўчых работ, на пенсіі працавала сацыяльным педагогам у СШ №12. Бабовічы вельмі рады, што іх, ветэранаў, не забываюць сённяшнія калегі, запрашаюць на прафесійныя святы. У Маладзечне ў іх шмат сяброў, знаёмых. Цешацца яны ўнукамі – іх пяцёра, у хуткім часе з’явіцца шосты. Малодшы сын Віталій жыве на Вілейшчыне, займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю. Старэйшы Алег у гэтым годзе ўладкаваўся вядучым інжынерам на Астравецкую атамную электрастанцыю, пераехаў туды з сям’ёй з Гомеля. Бацькі пабывалі ўжо ў Астраўцы, на свае вочы ўбачылі, як змяніўся раённы гарадок, калі там пачалася грандыёзная будоўля. Нягледзячы ні на што, былы ліквідатар перакананы: мірны атам можа прынесці вялікую карысць нашай краіне. Галоўнае – не забываць урокі Чарнобыля, колькі б год ні мінула.

    Фота: Аляксей ПЛАТКО.

    Автор: Анжаліка КРУПЯНЬКОВАМаладзечанская газета

Комментарии (0)