19 Апреля, 2024 Пятница

Дык хто ж дапаможа буслам, якія аблюбавалі спіленую верхавіну дрэва па вуліцы Энергетыкаў?

  • 29 апреля 2016 Общество Беларуская 0

    Жыльцы дамоў па вуліцы Энергетыкаў, якія размешчаны насупраць кафэ-бара “Дынастыя” ў Смаргоні, пастаянна назіраюць такую карціну: на спіленую верхавіну дрэва, што расце непадалёку ад піцейнай установы, штодзень прылятаюць буслы. Людзі мяркуюць, што яны, напэўна, хочуць пабудаваць гняздо, але для гэтага не хапае адпаведнай пляцоўкі. Паколькі верхавіна спіленага дрэва знаходзіцца высока ад зямлі, то патрэбна доўгая лесвіца, каб падняцца на вышыню і пакласці на ствол старое кола ад воза ці нават веласіпеда, металічны альбо драўляны каркас. Аднак існуе небяспека зваліцца з лесвіцы і пакалечыцца. Прасцей гэту справу зрабіць, выкарыстаўшы аўтавышку. А яна ёсць толькі ў якой-небудзь арганізацыі.

    Аблюбаванае бусламі дрэва расце пры самай вуліцы ў кутку агарода пенсіянеркі Сафіі Нібіёк. Неабходна было сустрэцца з гэтай жанчынай і выслухаць яе меркаванне наконт бусловага гнязда.

    – Я не супраць таго, каб тут пасяліліся буслы, – кажа Сафія Уладзіміраўна. – Няхай бы жылі. У людзей на дахах дамоў жывуць, вось і ў маім агародзе ім прыглянулася дрэва. Суседзям праз вуліцу вельмі шкада буслоў, якія не маюць магчымасці зрабіць сабе гняздо. Прыемна было б паглядзець, як гэтыя птушкі гадуюць сваіх птушанят. Можа, і маладым сем’ям прыносілі б дзяцей.

    Спакон вякоў ва ўсходніх славян белы бусел быў асабліва шаноўнай птушкай. Калі філін асацыіруецца з мудрасцю, сарока – з балбатлівасцю, верабей – з задзірыстасцю і зладзеяватасцю, то белы бусел з’яўляецца сімвалам дамавітасці, удачы і працвітання. На дапамогу бусла разлічваюць бяздзетныя сем’і. Лічыцца, што буслы жывуць побач з добрымі людзьмі, прыносячы ў іх дом сямейнае шчасце, дастатак і пладавітасць.

    Прыцягненне буслоў на гнездаванне – даўняя народная традыцыя. Каб птушкі засялілі штучнае гняздо, адлегласць да бліжэйшых кармавых угоддзяў (луг, балота, паша) не павінна перавышаць 1-2 кіламетры. Рабіць гнёзды лепш да прылёту буслоў – восенню альбо ранняй вясной. Гняздо для буслоў можна ладзіць на даху, слупе ці зрэзанай верхавіне дрэва. Асновай для яго могуць стаць кола ад воза ці веласіпеда, лёгкія бароны, а таксама спецыяльна зробленыя памосты з дошак, галін, жэрдак альбо звараныя з металічных пруткоў.

    Аднак зрабіць памост – толькі палова справы. Буслы больш ахвотна займаюць старыя гнёзды, чым будуюць новыя. Таму неабходна сэмітаваць пабудаванае на памосце гняздо: пакласці наверх сухіх галін, а пасярэдзіне – крыху саломы.

    Дык хто ж дапаможа буслам, якія аблюбавалі спіленую верхавіну дрэва па вуліцы Энергетыкаў? Непадалёку знаходзіцца раён электрычных сетак. У гэтай арганізацыі ёсць аўтавышка. З яе дапамогай за некалькі мінут можна падняць і прымацаваць на дрэве памост. Гэта была б добрая справа, якую мясцовыя энергетыкі зрабілі б для пакуль што “бяздомных” буслоў.

    Автор: Юрый ЯНУШКЕВІЧ.Светлы шлях

Комментарии (0)