Сёлета спаўняецца дзесяць гадоў супрацоўніцтву цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча з Пасольствам Францыі ў нашай краіне.
Пры яго дапамозе быў адкрыты французскі куток інфармацыі і чытання, распачаты сумесна з пасольствам Германіі праект «Медыяаўтобус».
За дзесяцігоддзе маладзечанскія аматары мовы Гюго і Мапасана змаглі сустрэцца з вядомымі сучаснымі французскімі пісьменнікамі, музыкантамі, артыстамі, эколагамі. Нязменную цікавасць выклікае і кожны візіт у бібліятэку першага саветніка Пасольства Францыі Эльзы Піньёль. Яна расказвала школьнікам і педагогам пра Праванс, вядомых шансанье, падрыхтоўку да Каляд і нават гатавала для маладзечанцаў сваю фірменную салату.
Нядаўняя сустрэча была прысвечана жыццю звычайных французаў. Спадарыня Піньёль развянчала некаторыя міфы пра жыхароў сваёй краіны. Дыялог з юнымі і дарослымі слухачамі – вучнямі і педагогамі гімназіі №3, сярэдніх школ №4 і №11, чытачамі бібліятэкі праходзіў у выглядзе адказаў на пытанні.
Вось вытрымкі з размовы.
Уласнае жыллё па кішэні нямногім
— Спадарыня Эльза, у якіх дамах жывуць звычайныя французы?
— Па эканамічных прычынах нямногія мае суайчыннікі з’яўляюцца ўладальнікамі дамоў ці кватэр, большасць іх арандуе. Цэны на жыллё ў нас вельмі высокія, асабліва ў Парыжы. Той, хто можа дазволіць сабе набыць нерухомасць, аддае перавагу дому ў прыгарадзе. Мара любой сям’і – асобны пакой для кожнага дзіцяці. Найчасцей у нашых сем’ях іх адно-два.
«Прабабчын фарфор дастаю толькі па святах»
— Ці праўда, што французы вялікія гурманы і шмат увагі надаюць сервіроўцы стала?
— Так, мае суайчыннікі разбіраюцца ў ядзе, не прапускаюць снеданні, абеды і вячэры. Але не трэба думаць, што ўсе запар смакуюць лапкі лягушак ці слімакоў. Нямала тых, хто іх наогул не каштаваў. Па буднях мы карыстаемся звычайным посудам, а вось у святы сапраўды імкнёмся прыгатаваць незвычайныя стравы, прыгожа сервіраваць стол, упрыгожыць яго свечкамі, кветкамі. На Каляды і Вялікдзень я выстаўляю на стол фарфоравы сервіз, які перайшоў да мяне ад прабабкі. Любім мы і прыгожыя сталовыя прыборы, якія таксама могуць перадавацца ў спадчыну. Што тычыцца застольнага этыкету, то яго больш захоў-
валі нашы бабулі. Прызначэнне ўсіх шматлікіх відэльцаў для розных страў сёння ведаюць толькі метрдатэлі ў дарагіх рэстаранах…
У апошнія гады французы сталі радзей запрашаць адзін аднаго ў госці. А калі і збіраюць кампанію, то аддаюць перавагу барбекю на прыродзе ў нефармальнай абстаноўцы. Часта ў нас запрашаюць на аперытыў – бакал віна, да якога падаецца сыр розных сартоў, чыпсы, арэхі. Нярэдка гэтым сустрэча можа і скончыцца, але бывае, што яна пераходзіць у вячэру.
Размовы пра грошы – «моветон»
— Што французы не любяць абмяркоўваць за сталом?
— Не любяць гаварыць пра грошы, пра свае зарплаты. Пра гэта ў іх лепш не пытацца.
Флейта для шампанскага
— Ці каштавалі вы беларускае шампанскае?
— Так, але ўсё ж аддаю перавагу сухому шампанскаму, якое выпускаецца ў Францыі. Дарэчы, ведаеце, чаму шампанскае наліваюць у высокія бакалы на доўгіх ножках, якія ў нас называюць флейтай? Высокія сценкі дазваляюць бурбалкам шампанскага паднімацца ўверх, што паляпшае яго смак, а пры дапамозе доўгай ножкі бакал можна так трымаць у руцэ, каб не сагрэць напітак.
Беларускі больш часу трацяць на сваю знешнасць
— Пра асаблівы стыль і шарм французскіх жанчын ходзяць легенды. Яны на самай справе шмат увагі надаюць сваёй знешнасці?
— Я вас расчарую: францужанкі нашмат менш трацяць часу на сваю знешнасць, чым беларускі. Яшчэ больш, для іх норма – пайсці на работу без касметыкі, яны могуць выбегчы на вуліцу, не расчасаўшыся. І апранаюцца даволі проста. Але ў той жа час не скажаш, што францужанкі зусім не звяртаюць увагі на тое, як яны выглядаюць. У іх ёсць густ, асаблівы шарм. Да касметыкі мы ставімся прагматычна і патрабавальна: выбіраем якасную, эфектыўную і пры гэтым недарагую.
— А як наконт духоў? Ці праўда, што многія вашы суайчынніцы карыстаюцца адным араматам усё жыццё?
— Абсалютная няпраўда! Мы любім мяняць духі, эксперыментаваць. І паверце, мала хто сёння выбірае для сябе знакамітую «Шанэль №5»…
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Комментарии (0)