13 Мая, 2026 Среда

Пра вайну не шмат гаворыць ветэран…

  • 06 мая 2016 Общество Беларуская 0

     

    Розныя па складу характара ішлі на вайну мужчыны, іншымі з яе вярталіся. Аб тым, як моцна яна змяніла лёс нашага народа, напісана ўжо нямала. Бачна гэта больш на кожным асобным жыцці.

     

     

    Ілья Сцяпанавіч Блоцкі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалём “За Перамогу над Германіяй”, “За адвагу”, Медалём Жукава.

    Ілья Сцяпанавіч не лічыць сябе добрым апавядальнікам. Дачка Кацярына заўважае, што калі б бацька расказваў больш раней, то і зараз бы лёгка аднавіў гісторыю свайго жыцця, а ён не шмат гаварыў дома аб тых ваенных гадах. Ды і дома быў не шмат, працаваў на Брэсцкай дыстанцыі ахоўных лесанасаджэнняў, тыднямі не бачыў сям’ю.

    У армію Ілья Сцяпанавіч пайшоў у 18-гадовым узросце. Але вайну ўбачыў яшчэ раней у родных Любішчыцах. У Бярозаўскі раённы ваенны камісарыят явіўся 15 жніўня 1944 года, 9 верасня прыняў прысягу. Маладых салдат адвезлі падвучыцца ваеннай справе пад Маскву (вучэбны артылерыйскі полк), а пасля ў Струмень, а адтуль ужо пайшлі на Германію. Ілья Сцяпанавіч быў залічаны ў склад 180-й цяжкай гаўбічнай артылерыйскай брыгады, якая ўваходзіла ў рэзерв Вярхоўнага Галоўнакамандуючага і дзейнічала ў тых выпадках, калі трэба было арганізаваць прарыў на цяжкіх участках. За час вайны Ілья Блоцкі быў вылічальнікам, наводчыкам, камандзірам. У складзе розных артылерыйскіх брыгад прайшоў Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію.

    Дайшоў да Прагі, там і сустрэў Перамогу. Як яркі момант успамінае той дзень былы салдат: “Толькі сабраліся мы адзначыць Перамогу, як з лесу пачалі даносіцца стрэлы, выбухі. Гэта падняліся немцы. Мы “накрылі” іх агнём зверху. Як далі ім копаці – усе выйшлі з лесу. Потым аказалася, што зброі ў іх было шмат. І гэта адбывалася, калі ўжо капітуляцыя была аб’яўлена, а тыя здавацца не жадалі, а можа і не ведалі яшчэ”.

    Перамогу сустрэлі, але служба ў Чэхаславакіі працягвалася да 1950 года. Пасля звальнення ў запас Ілья Сцяпанавіч вярнуўся ў родныя Любішчыцы, ажаніўся, у маладой сям’і нарадзілася двое дзяцей, дачка Кацярына і сын Васілій. Але сам Ілья Сцяпанавіч успамінае, што больш часу праводзіў на працы, а жонка займалася гаспадаркай, даглядала дзяцей. Тыднямі паміж Брэстам і Гарадзеяй працаваў Ілья Сцяпанавіч: займаўся аховай лесанасаджэнняў у паласе адводу чыгуначнага палатна, а таксама стварэннем новых насаджэнняў…

    У 2015 годзе Чэхія спецыяльнымі медалямі ўзнагародзіла ветэранаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні былой сталіцы Рэспублікі Чэхаславакіі (медаль “За вызваленне Прагі”). Ад ваенкамата з Мінска прыйшло запрашэнне на цырымонію ўзнагароджвання. Дабірацца самому да Мінска складана ўжо, сельскі Савет дапамог і прывёз медаль у Любішчыцы. У тым годзе Ілья Сцяпанавіч адзначыў і 90-гадовы юбілей.

     

     

    Ганна КАРПОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

     

     

     

     

    Автор: Ганна КАРПОВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)