26 Апреля, 2024 Пятница

Яго 95-я пераможная вясна…

  • 06 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Мы сядзім ва ўтульным дворыку пад бялюткай ад квецені вішняй. Усміхаецца нявестка Аляксандра Сцяпанавіча Соф’я Іванаўна, пра нешта сваё дзіцячае шчабеча пяцігадовы праўнучак ветэрана Данік, пад лёгкім ветрыкам пялёсткамі шапочуць цюльпаны. Як хораша, спакойна і дзіўна прыгожа…

    – А я да гэтага часу сню вайну, бягу ў атаку, чую стрэлы і выбухі, – гаворыць Аляксандр Сцяпанавіч. І я разам з маім субяседнікам у думках трапляю ў страшны, жорсткі час Вялікай Айчыннай, напоўнены агнём, слязьмі, пакутамі, смерцю…

    Вось хлопцы з вёскі Абідзімле Старобінскага раёна па пыльнай прасёлкавай дарозе спяшаюцца ў Старобін – у райваенкамат. «Хутчэй на фронт, змагацца з фашыстамі», – гавораць юнакі. Сярод іх – наш герой Аляксандр Кісель.  Гэта першы дзень вайны… Ветэран памятае, як плакалі людзі, як у небе з’явіліся варожыя самалёты з крыжамі на крылах, а яшчэ дырыжабль, які зачапіўся за дрэва. Хлопцы тады не разгубіліся, выцяглі паветраны апарат, разрэзалі на кавалкі – рашылі, брэзент абавязкова спатрэбіцца.

    Трапіць на фронт не атрымалася, але можна змагацца з ворагам і на акупіраванай тэрыторыі, – прыняў рашэнне Аляксандр Кісель. І вось ён ужо ў партызанскім атрадзе імя Ламейкі 101-й партызанскай брыгады імя Аляксандра Неўскага, які дыслацыраваўся на  тэрыторыі Салігорскага раёна. Разведчык у складзе коннай разведвальнай групы. Рашучы, адчайны, бясстрашны ў барацьбе з ворагам, Аляксандр бездакорна выконваў заданні камандзіра. І сёння памятае ветэран, як не аднойчы даводзілася прарывацца з варожага акружэння, выбірацца з балот па насцілах, харчавацца «супам» з вады і мукі.

    Доўгачаканае вызваленне Беларусі – Аляксандру Кісялю здавалася, што большага шчасця і не бывае. Аднак вораг яшчэ канчаткова не пераможаны. Аляксандр Кісель змагаецца з фашыстамі ўжо на фронце: старшы сяржант камандзір кулямётнага аддзялення 692-га стралковага палка, камандзір гарматы 174-га гвардзейскага стралковага палка. Удзельнічаў у вызваленні Польшчы, Германіі, фарсіраванні Віслы і Одэра, у Германіі быў паранены. З хваляваннем Аляксандр Сцяпанавіч узгадвае доўгачаканую сустрэчу на Эльбе з амерыканскімі вайскоўцамі, якія жорсткія былі баі за ўзяцце Зеелаўскіх вышынь на пачатку Берлінскай наступальнай аперацыі, як ззялі 150 магутных  пражэктараў, накіраваных на Берлін, як пераможна грахаталі «кацюшы»…

    – Ніколі не хаваўся за чужыя спіны, смела глядзеў смерці ў вочы, і яна, відаць, адступала перад маім «нахабствам», – гаворыць ветэран. – Канечне, мне пашанцавала выжыць. Колькі маіх таварышаў, землякоў палегла на  вайне. Вечная ім памяць і слава. Свае ўспаміны пра гэтых людзей, ваенны час, сваё жыццё занатаваў у самаробнай кнізе «Дарога памяці».

    Ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ ступені, медалі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», «За перамогу над Германіяй», многія іншыя ўзнагароды бачу на пінжаку гэтага адважнага чалавека. Аляксандр Сцяпанавіч годна праявіў сябе і ў мірным жыцці. У юнацтве марыў стаць лётчыкам, але пасля вайны абраў адну з самых жыццесцвярджальных прафесій – педагога. Працаваў у Ганцавіцкім раёне, на Любаншчыне, з 1951 года – у Працавіцкай школе ў Слуцкім раёне (разам з сям’ёй пасяліўся ў Працавічах). Каля дзесяці гадоў быў дырэктарам гэтай школы, працаваў намеснікам дырэктара і настаўнікам. Яго працоўны стаж на Случчыне – каля 30 гадоў.

    Было ў яго жыцці і каханне. Разглядваю фотаздымкі Аляксандра Сцяпанавіча  ваеннага часу – высокі, статны прыгажун, быццам кінаакцёр які.  Ажаніўся з вернай і мілай Шурачкай з Працавіч, з якой быў знаёмы яшчэ да вайны і якая так чакала яго з фронту. Выгадавалі траіх выдатных сыноў, цяпер у Аляксандра Сцяпанавіча 4 унукі і 5 праўнукаў (жонка Аляксандра Сцяпанавіча Аляксандра Фёдараўна, на жаль, пайшла з гэтага жыцця). Дарэчы, самай малодшай праўнучцы Аляксандра Сцяпанавіча толькі некалькі дзён ад роду, яна нарадзілася 29 красавіка. Прадзядуля змахвае слязінкі радасці...

    У свае амаль 95 Аляксандр Сцяпанавіч выглядае выдатна, здаецца, ён непадуладны гадам. «Я ж казаў, што я ўпарты, не хачу пакарацца хваробам, а яшчэ я вельмі люблю жыццё, – усміхаецца ветэран. – І вы, нашчадкі, любіце, цаніце яго, сваю Радзіму. І беражыце мір, без яго не бывае шчасця…»

    * * *

    На тэрыторыі Слуцкага раёна па стане на 1 красавіка пражываюць 149 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 128 грамадзян, прыраўненых да іх (вязні канцлагераў, сем’і загінулых і іншыя).

    Автор: Наталья СЕЛЕЗНЁВАСлуцкий край
    Теги: 

Комментарии (0)