04 Мая, 2024 Суббота

Вітаецца ініцыятыва. Слушная

  • 09 мая 2016 Общество Беларуская 0

    З Іванаўскага раёна на прыём да губернатара прыехаў фермер Сяргей Федарук. Ён ужо больш за 10 год займаецца фермерствам, апрацоўвае 300 гектараў зямлі – вырошчвае агародніну, мае сад. У фермерскай гаспадарцы “Яноўскае” працуюць 

    8 наёмных работнікаў. Сяргей Федарук расказаў старшыні аблвыканкама Анатолю Лісу, што бачыць перспектыву сваёй справы ў жывёлагадоўлі, таму плануе пабудаваць малочна- таварную ферму на 200 галоў. Для пашырэння фермерскай гаспадаркі просіць яшчэ 200 гектараў зямлі (пажадана, каб яны былі паблізу створанай ужо базы).

    Кіраўнік вобласці выказаўся за падтрымку настроеных на сур’ёзную працу фермераў. Да вырашэння пытання трэба падыходзіць комплексна, тлумачыў фермеру Анатоль Васільевіч, улічваючы і перспектывы развіцця фермерскай гаспадаркі, а вырашаць зямельнае пытанне трэба з раённай уладай. Магчымы розныя варыянты пашырэння гаспадаркі, у тым ліку і за кошт далучэння на льготных умовах слабага сельгаспрадпрыемства ці яго часткі. Анатоль Ліс зазначыў: “Мы вітаем жаданне сур’ёзна займацца фермерствам. Ёсць даручэнне Кіраўніка дзяржавы аказваць такім людзям дапамогу, уважліва разглядаць пытанні перадачы зямлі. Мы зараз пачынаем рыхтавацца да Усебеларускага народнага сходу. Упэўнены, што там будуць закрануты пытанні аграрнага сектара: у якім кірунку ён будзе развівацца”.

    Група афіцэраў – ветэранаў ракетных войск стратэгічнага назначэння звярнулася з прапановай уладкаваць мемарыял воінскай славы ў Пружанах у скверы імя Гудзімава: да Р-12 – ракеты-пачынальніцы ракетных войск стратэгічнага назначэння, якую там размясцілі побач з іншай ваеннай тэхнікай, дадаць помнік воінам-ракетчыкам. Ініцыятыва былых ваенных падалася кіраўніку вобласці заслугоўваючай увагі, бо яна адпавядае задачам ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. “Патрэбна дакладна прапрацаваная канцэпцыя гэтага мемарыялу, каб потым нічога не перарабляць, – падкрэсліў Анатоль Васільевіч і рэзюмаваў: – Зыходзіць трэба з рэальных магчымасцей”.

    Аб патрыятычным выхаванні зай-шла гаворка і з падпалкоўнікам запасу Віктарам Пензай, які выказаў ідэю ўдасканалення працы кадэцкіх класаў: стварыць на базе СШ №35 г. Брэста кадэцкі корпус, але найперш вырашыць некаторыя заканадаўчыя пытанні. Кіраўнік вобласці прапанаваў усебакова вывучыць пытанне і разгледзець яго не з пазіцый асобна ўзятага рэгіёна, а зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў.

    На прыём прыйшлі таксама грамадзяне з пытаннямі аб працаўладкаванні, ініцыятывай узняць на рэспубліканскім узроўні пытанне аб выраўноўванні аплаты за карыстанне газам у садаводчых таварыствах і прыватных жылых дамах. А шматдзетная мама з Жабінкаўскага раёна Таццяна Баранчук – з падзякай. Яна раней звярталася да губернатара на “прамую тэлефонную лінію” па пытанні чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоў. Жанчына ўпэўнена: менавіта зварот да старшыні аблвыканкама дапамог вырашыць праблемнае для іх сям’і пытанне. За ўважлівае стаўленне да клопатаў людзей жанчына і падзякавала кіраўніку вобласці.

    Автор: Святлана ГОГАЛЬНародная трыбуна

Комментарии (0)