26 Апреля, 2024 Пятница

Адкрыўся мемарыяльны комплекс "Прарыў"

  • 12 мая 2016 Общество Беларуская 0

    Дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебскай вобласці сабраліся ў Дзень Перамогі на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, які 9 Мая святкаваў сваё другое нараджэнне – быў адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі. 

    Мемарыял прысвечаны мужнасці і стойкасці беларускіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны і з’яўляецца адным з самых значных твораў манументальнага мастацтва Беларусі,  ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Свой уклад у рэстаўрацыю помніка ўнеслі многія  працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі і жыхары Віцебшчыны.

    Ва ўрачыстасці на Ушаччыне прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці А.Р. Пазняк, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта М.М.Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў, архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, а таксама адзін з аўтараў мемарыяла – заслужаны архітэктар Беларусі Ю.М.Градаў.

    На мемарыяле адбыўся мітынг-рэквіем “Памяць мацней часу”, прысвечаны 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 72-й гадавіне прарыву варожай блакады на тэрыторыі Ушацкага раёна. Выступаючы на мітынгу, М.М. Шарснёў адзначыў, што мемарыял будзе своеасаблівым звонам памяці аб гераічным подзвігу пакалення пераможцаў, унікальнай школай выхавання юных грамадзян Беларусі. Ён заверыў прысутных, што ўлада будзе пастаянна ўдзяляць увагу ўвекавечванню  памяці салдат Вялікай Перамогі.

    Госці мерапрыемства пабывалі на экскурсіі ў музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза  Уладзіміра  Лабанка.Удзел у святочных мерапрыемствах  ва Ушачах прыняў старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама І.І. Марковіч.

    Каля трох тысяч чалавек прыйшлі  ў гэты дзень да мемарыяла, каб ускласці кветкі да пліт з імёнамі загінуўшых партызан і ўшанаваць іх памяць хвілінай маўчання.

    Автор: Яніна Пакульневіч.Дзвінская праўда

Комментарии (0)