19 Апреля, 2024 Пятница

"У дзяцей нельга пытацца толькі пра адзнакі"

  • 12 мая 2016 Общество Беларуская 0

    У школьныя гады я абажала вучыць вершы на памяць. Дома артыстычна расказвала іх уголас перад люстэркам. Але на наступны дзень, калі выходзіла да дошкі, сэрца пачынала калаціцца ад хвалявання, я пунсавела, як бурак, і ў выніку збівалася пасля першых двух радкоў. Як пераадолець страх перад выступленнямі? І чаму так важна размаўляць са сваімі дзеткамі, пачынаючы з пялюшак? Пра гэта і не толькі гутарым са шматдзетным татам Дзмітрыем Смірновым, якога старэйшы сын натхніў на адкрыццё школы аратарскага майстэрства для дзяцей і падлеткаў.

    — Дзмітрый, ты дапамагаеш людзям пераадольваць страх перад публічнымі выступленнямі. Калі шчыра, ці заўсёды табе самому было лёгка выступаць?

    — Я ніколі не быў чалавекам, якому лёгка выступаць перад публікай. Для мяне гэта заўсёды быў стрэс, пакута. Памятаю, калі паступіў ва ўніверсітэт, ездзіў на вучобу на маршрутцы. І, вяртаючыся дадому, амаль штодзень праязджаў свой прыпынак, таму што мне страшна было папрасіць кіроўцу спыніцца. Мне здавалася, што я неяк не так гэта скажу. Дзякуй Богу, тады наш раён быў яшчэ маленькі, таму я праязджаў пару прыпынкаў і вяртаўся назад пехатою. Цяпер бы я ехаў так, пэўна, прыпынкаў 20. У нейкі момант мне надакучыла адчуваць сябе не ў сваёй талерцы, таму я пачаў чытаць кнігі па аратарскім майстэрстве, псіхалогіі. А веды адразу ж прымяняў на практыцы: на занятках, потым на працы. Сёння я магу з упэўненасцю сказаць, што якасць майго жыцця павысілася, я стаў больш упэўненым у сабе і камунікабельным, не марную каштоўную жыццёвую энергію на сумненні.

    Разумею, што магу выступіць перад любой аўдыторыяй. Вядома, страх прысутнічае (і гэта нармальна, я ж жывы чалавек), але галоўнае, што ён не паралізуе, я ўмею ім кіраваць. Для таго, каб яго пераадолець, трэба рыхтавацца да кожнага выступлення і часцей выступаць. І чым раней пачаць, тым лепш.

    — Можаш прыгадаць той дзень, калі сын натхніў цябе на заняткі з іншымі дзецьмі?

    — Вядома. У той вечар я, стомлены, вярнуўся з працы і па звычцы спытаў у яго: «Ну, як справы ў школе?» — «Нармальна», — пачуў стандартны адказ. Селі чытаць кнігу перад сном. «Ці спадабалася табе казка?» — «Так». — «А які герой больш за ўсё?» На ўсе мае пытанні Лёша адказваў лаканічна, адно-два словы. Тады я папрасіў яго расказаць падрабязней, пра што мы толькі што прачыталі. Думаў, зробіць гэта з лёгкасцю. Не атрымалася… Мяне гэта насцярожыла. Стаў раіцца з педагогамі і зразумеў, што мой сын такі не адзін… Настаўніца матэматыкі кажа: «Дзеці шчоўкаюць задачкі, як арэшкі. Але калі пытаюся: «Чаму ты зрабіў так?», чую «э-бэ-мэ...». Ніхто не можа растлумачыць, чаму рашыў задачу так, а не інакш».

    — Як мне здаецца, сучасным дзецям складана сфармуляваць думку ў сказ, бо ў іх жыцці не так шмат жывых зносін. Адсюль, пэўна, і праблема кліпавага мыслення, з-за якога б'юць у званы псіхолагі?

    — Так, сёння дзеткі шмат часу праводзяць з планшэтамі, тэлевізарамі ды камп'ютарамі. У маім дзяцінстве мульцікі паказвалі раз на дзень, у «Калыханцы». Пасля з'явіўся «Дысней-клуб» па выхадных. На канікулах яшчэ можна было паглядзець па тэлевізары «Госцю з будучыні». Таму мы вымушаны былі чымсьці сябе заняць. Хтосьці чытаў кнігі, а большасць (акрамя таго, што чыталі, спадзяюся) былі ў дварах. Гулялі, кантактавалі адно з адным. Памятаю, раней, калі снег — у двары процьма дзяцей. Цяпер мы выходзім з дзецьмі ўзімку на вуліцу — практычна нікога няма. Нават калі горка добрая. Прагрэсу кліпавага мыслення спрыяе і цэнтралізаванае тэсціраванне. Я нічога супраць яго не маю. Гэта, на мой погляд, адзіная аб'ектыўная форма кантролю ведаў. Але ёсць і негатыўны момант: на ўроках, асабліва ў старшых класах, настаўнікі стараюцца падрыхтаваць вучняў да тэстаў. Таму, відавочна, працэнт заняткаў, якія адводзяцца на абмеркаванні, на выказванні ад сябе, становіцца меншы.

    Калі я вучыўся ў школе, таксама не вельмі шмат было такіх урокаў. Але адзін з іх я буду памятаць усё жыццё. Настаўніца гісторыі прапанавала нам зладзіць суд над бальшавікамі 1920-х гадоў. Мне, вядома, хацелася абвінавачваць — узрост такі. Ды і ўсе дрэнныя моманты на паверхні. Пэўна, лягчэй было б. Але мне далі заданне — абараняць. Спачатку пайшоў у бібліятэку. Пералапаціў процьму літаратуры. Потым завітаў да свайго дзеда. Хоць ён не жыў у 20-я, але не па чутках ведаў, што такое Савецкі Саюз і лічыў сябе камуністам у лепшым сэнсе гэтага слова. Дзякуючы яму я ўпершыню паспрабаваў паглядзець на адну і тую ж з'яву з розных бакоў. А пасля трэба было выступаць перад класам, спрачацца, даказваць сваю пазіцыю. І гэта таксама было ўпершыню.

    — Так, згодна, ад настаўніка шмат чаго залежыць. Але роля бацькоў тут не меншая, пагадзіся.

    — Бацькі — гэта першыя настаўнікі. Ад іх залежыць многае. У тым ліку і падчас падрыхтоўкі хатніх заданняў.

    Як прыклад, сын прыходзіць са школы і кажа: «Мне трэба падрыхтаваць на заўтра даклад пра беларускія замкі». Што робяць бацькі? Правільна, яны, як правіла, залазяць у інтэрнэт і раздрукоўваюць першы, які трапіўся на гэтую тэму, рэферат.

    Далі малому ў рукі 8 аркушаў паперы — і рабі з імі, што хочаш. Хлопчык ідзе ў школу з гэтымі аркушамі і чытае іх перад класам. Гэта няправільны падыход. Трэба дапамагчы з пачатку да канца. Я вельмі рады, што ў гімназіі, дзе вучыцца мой старэйшы сын, на класнай гадзіне дзеці пастаянна выступаюць з дакладамі пра беларускія гарады, пра жывёл, пра заводы… Памятаю, як мы з жонкай дапамагалі Лёшу рыхтаваць даклад пра дзядулю. Пачалі з таго, што пагарталі разам сямейны фотаальбом. Так сын даведаўся, кім дзед працаваў, чым захапляўся, якія краіны наведаў. Потым я дапамог яму скласці план выступлення, запісаў нейкія факты, лічбы, якія можна забыцца. На заўтра сын вярнуўся са школы радасны. Яго ўпершыню слухаў увесь клас. Бо як звычайна бывае: усім задаюць вывучыць адзін і той жа параграф. А потым некага выклікаюць яго пераказваць. Дзеці, вядома, не слухаюць: спяць ці ў тэлефон пад сталом глядзяць. Мы ў свой час гулялі ў марскі бой, кропкі. Сапраўды, чаму мне павінна быць цікава пераказваць тое, што ўсе ведаюць? І дзецям нецікава мяне слухаць. А калі ў цябе ёсць новая інфармацыя, якая да таго ж захапляе цябе, і ты з ёй выступаеш перад класам — астатнім гэта таксама цікава. Задача школы ствараць такія сітуацыі, а бацькоў — дапамагаць у падрыхтоўцы, падказваць.

    — Дзеці, выступленні якіх не слухаюць у школе, вырастаюць, займаюць пэўныя пасады...

    —… і выступаюць на пасяджэннях, прэзентацыях гэтак сама, як і ў школе. І зноў не чакаюць нічога ад аўдыторыі. У іх моцна засеў у галаве вобраз з дзяцінства: «Я выйду, адгавару і сяду». А думка павінна быць іншая: «Я выйду, каб людзям данесці важную інфармацыю, якую яны пасля змогуць выкарыстаць». Часта дарослыя людзі становяцца за трыбуну і чытаюць з паперкі. Забяры яе, дык у чалавека адразу паніка, ён не можа нават двух слоў звязаць.

    Калі я працаваў на радыё «Мір», у мяне была аўтарская праграма. За некалькі гадоў каля дзвюх тысяч гасцей прыйшлі да мяне ў прамы эфір. І я зразумеў, што цікава прэзентаваць сябе і сваю справу могуць нямногія. Такіх было добра калі 10-15 чалавек...

    — Можаш параіць бацькам, як можна займацца з малымі дома, каб тыя ў будучыні не ведалі праблем з камунікацыяй?

    — З дзецьмі трэба размаўляць. Нельга пытацца толькі пра адзнакі. Сам лаўлю сябе на тым, што прыходзіць сын са школы, а ў мяне першая думка: «Што ён сёння атрымаў?» Можна, вядома, і такое пытанне задаць, але на гэтым размова не павінна заканчвацца. Дзеці, бацькі якіх зацыкліваюцца толькі на адзнаках, жывуць у пастаянным страху. Яны баяцца атрымаць «двойку», бо ведаюць, што мама абавязкова будзе не задаволена. Важна разумець, што адзнака — не самае галоўнае: сёння «двойка», заўтра будзе «дзясятка». Ці не будзе. Я ведаю нямала праграмістаў, якія мелі тройку па літаратуры. Сёння яны зарабляюць вялікія грошы, але пры гэтым вельмі заціснутыя, таму што калісьці бацькі паступілі няправільна.

    Трэба задаваць такія пытанні, на якія дзецям будзе цікава адказваць. Напрыклад: «Што сёння было самым сумным у школе?», «Ты лічыш, настаўніца сёння зрабіла несправядлівасць?» На гэтыя тэмы дзеці размаўляюць ахвотна, бо ў іх накіпела. Яны разумеюць, што табе сапраўды цікава, што ты не дзеля галачкі спытаў. Важна памятаць, што справаздача і зацікаўленая размова — гэта розныя рэчы.

    Паглядзелі мультфільм, схадзілі на канцэрт. Таксама трэба спытаць, што спадабалася, што не. Але зноў жа, не трэба з іх цягнуць уражанні абцугамі. Першыя падзяліцеся сваімі эмоцыямі і ўбачыце, гэта абавязкова выкліча рэакцыю. Увечары, перад тым, як спытаць пра школу, раскажыце, як прайшоў ваш дзень. З дзецьмі не варта сюсюкаць, з імі трэба размаўляць на роўных.

    Раю штодзень чытаць разам. Псіхолагі кажуць, што пачынаць трэба не ў тры гады, а з нараджэння. Чытайце па чарзе ўслых: тата, мама, дзеці. Пасля можна абмеркаваць прачытанае, гэта вельмі збліжае. Ды і дзеці, калі падрастуць, не будуць баяцца выказваць сваю думку.

    Мае дзеткі вельмі любяць адчуваць сябе ў ролі каментатараў. Мы ўключаем мультфільм і адключаем гук. Іх задача расказваць, што адбываецца на экране. Гэта выдатна развівае фантазію, знаходлівасць.

    Ну і, бадай, самае галоўнае, каб бацькі самі гутарылі паміж сабой. Тата вярнуўся з працы — і за вячэрай уся сям'я дзеліцца, як прайшоў дзень. Потым разам паглядзелі шоу «Голас» і абмеркавалі, хто з дзяцей каму больш спадабаўся. Бацькі першыя, хто павінен паказваць прыклад. Зносіны чалавеку патрэбны не для таго, каб сказаць за дзень сухое: «Пастаў чайнік». А ў адказ на «Што на вячэру?» пачуць: «Зазірні ў лядоўню». На гэтым дыялог сям'і заканчваецца. На жаль, так часта бывае. Калі тата і мама не размаўляюць паміж сабой, чаго можна тады чакаць ад іх дзетак?

    dryla@zviazda.by

    Автор: Надзея ДрындрожыкЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)